Карбалевiч: «Даўно мы ня чулі такой нянавісьці зь вуснаў Лукашэнкi»
Чаму беларускі кіраўнік абрынуўся на прыватны бізнэс.
— Аляксандра Лукашэнку абурыў бяскрыўдны выступ на Ўсебеларускім народным сходзе кіраўніцы Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара М.С.Куняўскага Жанны Тарасевіч. Даўно мы ня чулі такой нянавісьці да бізнэсу і багатых увогуле, — піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч. — У прамове Тарасевіч прагучалі традыцыйныя пажаданьні бізнэсу да ўраду, якія гучаць шмат гадоў: каб улады не «кашмарылі» прадпрымальнікаў, каб была забясьпечана роўнасьць дзяржаўнага і недзяржаўнага сэктару і інш.
Але Лукашэнка пасьля гэтага нечакана ўзяў слова. Даўно мы ня чулі такой нянавісьці зь яго вуснаў да недзяржаўнага сэктару, супраць багатых увогуле. Хіба што такое гучала ў 1990-я, калі Лукашэнка назваў бізнэсоўцаў «вашывымі блохамі». Цяпер ён абурыўся самім фактам, што бізнэсоўцы зарабляюць больш, чым іхныя работнікі.
Лукашэнка назваў бізнэсоўцаў «мярзотнікамі», паабяцаў, што іх будуць душыць, іпэшнікаў «прывядуць у прытомнасьць». Ніякага раўнапраўя паміж дзяржаўным і недзяржаўным сэктарамі ня будзе. Прыватныя кампаніі будуць «выразаць». «Няхай лепш зьедуць, чым тут перавернуць краіну», — казаў Лукашэнка.
З чаго раптам такі выбух нянавісьці да прыватнага бізнэсу? Зь ягоных намёкаў стала зразумела, што прычына тут выключна палітычная. Падчас вострага крызісу мінулага году бізнэс не падтрымаў Лукашэнку. Вось і ўся прычына. І Лукашэнка кіруецца прынцыпам: «Хто ня з намі, той супраць нас». Усё, што неляяльнае яму ў краіне, павінна быць зьнішчана.
Узьнікла сытуацыя, калі выжываньне існага рэжыму і разьвіцьцё прыватнага бізнэсу сталі ў жорсткай супярэчнасьці адно да аднаго. Хтосьці ў гэтым супрацьстаяньні павінен саступіць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное