Филин

Яна Сакалова

Карбалевіч: Ці давядзецца плаціць рэжыму за выказванні Лукашэнкі ў дачыненні да Арменіі і Казахстану

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч у каментары Филину — пра тое, які кошт заплаціць афіцыйны Мінск за выказванні Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрв’ю расійскаму прапагандысту ў дачыненні да Арменіі і Казахстану.

Выказванні Лукашэнкі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Россия» сталі падставай для выкліка пасла Беларусі ў Казахстане Паўла Уцюпіна ў МЗС Казахстана. Нагадаем, правіцель крытыкаваў «некаторыя постсавецкія дзяржавы», якія «ад Расіі хочуць нешта ўзяць, а ўзамен нічога не даць». Таксама ён заявіў, што казахстанскія тавары не чакаюць дзесьці ў Амерыцы. Улады Казахстана палічылі заявы Лукашэнкі неаб’ектыўнымі.

Напярэдадні перад пасольствам Беларусі ў Ерэване адбылася акцыя пратэсту з нагоды крытыкі Лукашэнкам палітыкі пераарыентацыі на Захад армянскіх уладаў і словаў, што Арменія нікому не патрэбная, апроч Расіі і Беларусі. Удзельнікі акцыі патрабавалі скасаваць дыпламатычныя дачыненні з Беларуссю, а пасла аб’явіць непажаданай персонай.

Ці паўплываюць выказванні Лукашэнкі на адносіны з Казахстанам і Арменіяй — абмеркавалі з палітычным аглядальнікам Валерам Карбалевічам.

Валер Карбалевіч

— Мяркую, што ўсё абмяжуецца гэтымі дыпламатычнымі крокамі. Эканамічныя стасункі Беларусі з Арменіяй маленькія, і ў прынцыпе я не бачу, што можа пагражаць нешта беларуска-армянскім адносінам. Палітычныя адносіны напружаныя. Бакі абменьваюцца непрыемнымі рэплікамі.

Што тычыцца Казахстану, з гэтай краінай у Беларусі іншы ўзровень супрацоўніцтва, і аб'ём гандлю іншы, і ўвогуле Казахстан больш вялікая краіна, але пра нейкія асабістыя не вельмі добразычлівыя адносіны паміж Лукашэнкам і Такаевым можам гаварыць. Кіраўнік Казахстана крытыкаваў правіцеля Беларусі на публічных самітах.

Але не думаю, што гэтая рэпліка Лукашэнкі неяк паўплывае на двухбаковыя адносіны.

Хацеў бы звярнуць увагу, які асцярожны фармат узяў казахстанскі бок, каб выказаць сваю незадаволенасць.

Ніякай ноты пратэсту не было, ніякіх дыпламатычных дэмаршаў не было зроблена. Проста амбасадара Беларусі выклікалі і растлумачылі прынцыпы вонкавай палітыкі Казахстану.

Скандальныя заявы ад Лукашэнкі гучаць рэгулярна, да гэтага ўжо ўсе прызвычаіліся, і многія на іх не звяртаюць увагу, таму што так, як любіць казаць беларускі правіцель, не робяць сур'ёзныя палітыкі ў свеце.

Калі ён абражае іншых палітыкаў «бешеными безумцами», «мерзавцами»... Так кіраўнікі дзяржаў не размаўляюць. У Лукашэнкі своеасаблівая рэпутацыя. Калі рэпутацыя сапсаваная, ужо можна гаварыць, нічога не баяцца.

— Як вы думаеце, што стаіць за ягонымі выказваннямі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Россия» — спроба падлашчыцца да Пуціна, паказаць, што ён адзіны саюзнік?

— Тут жа ж трэба разумець увесь сэнс, жанр гэтага інтэрв'ю, чаму яно з'явілася раптам. Справа ў тым, што ў сувязі з гісторыяй у Курскай вобласці, з нібыта адводам беларускіх войскаў ад мяжы Лукашэнку сталі абвінавачваць у здрадзе.

І яму ліхаманкава трэба было даказаць, што ніякай здрады няма — наадварот. І таму ён вельмі моцна мітусіўся, прыдумаў гэтую гісторыю пра беспілотнікі, якія нібыта з Украіны ляцелі, і нібыта іх збілі. Ва ўсякім разе украінскі бок не пацвярджае гэтую гісторыю.

Потым былі заявы МЗС, Мінабароны Беларусі. Ну і ў якасці апраўдання з'явілася тэрміновая неабходнасць  выклікаць у Мінск топавага журналіста расійскага тэлеканала Яўгена Папова і дзве гадзіны яму даказваць, які Беларусь добры саюзнік.  

Увогуле гэта было самаапраўданне Лукашэнкі, такая справаздача. У рамках такога падыходу трэба было палаяць усіх, хто супраць Расіі. Гэта і Захад, і Украіна, заадно дасталося Арменіі і Казахстану.

Тут Лукашэнка чарговым разам згуляў ролю прэс-сакратара Пуціна, пра што казалі раней шмат. Сам правіцель Расіі не рашаецца сказаць нейкія рэчы адносна Казахстану, ну а Лукашэнка можа. Пуціну спадабаецца, Расіі таксама, у самога Лукашэнкі рэпутацыя такая, што ўжо нічога не пашкодзіць

— Што тычыцца эмацыйнай рэакцыі армянскіх актывістаў, якія закідалі яйкамі, памідорамі і бульбай пасольства Беларусі, гэта неяк паўплывае на імідж Лукашэнкі ў Арменіі?

— Гэта проста азначае, што сапраўды імідж Лукашэнкі ў Арменіі будзе горшы пасля ўсіх гэтых падзеяў. Увогуле Арменія — дэмакратычная краіна.

Там грамадства можа выказваць сваю пазіцыю, не толькі дзяржаўныя інстытуцыі. Вось яны выказалі такім  спосабам, якім палічылі неабходным. Гэта таксама паказчык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(13)