Карбалевіч: «Амністыя — спроба дэманстрацыі грамадству перамогі Лукашэнкi над пратэстамі»

Палітолаг Валерый Карбалевіч распавёў пра сяброўства Беларусі ў ШАС, паслабленні Расіі, АДКБ і ці бачыць у дзеяннях Лукашэнкi нейкі сігнал Захаду на прымірэнне.

— Пакуль ніякай гульні з Захадам не бачу, — адзначае эксперт у інтэрв’ю «6TVBie*arus». — Я бачу толькі варожую палітыку спальвання мастоў і распальвання варожасці. Гэта палітыка не спыняецца, яна праяўляецца і ў антызаходняй рыторыцы і ў зноў развязаным міграцыйным крызісе.

Гэта праяўляцца фактычна і ў затрыманні кіраўніка дыпміссіі Еўразвязу. Калі б улады хацелі падаваць нейкі сігнал Захаду, то затрыманне дыпламата — зусім адваротная тэма.

Таму пакуль няма ніякіх прыкметаў, што Лукашэнка зацікаўлены ў размарожванні адносін з Захадам, бо тады сігнал быў бы зразумелы і адназначны, а не калі з аднаго боку — амністыя, з другога — ўсё новыя і новыя прысуды.

Дарэчы, пра амністыю Валерый Карбалевіч выказваецца з асцярожнасцю. Ён упэўнены, што яна адбудзецца, але пытанне, хто будзе ў гэтым спісе.

— Трэба яшчэ пачакаць, ці закране яна палітычных зняволенных. На мой погляд, увогуле амністыя — таксама не сігнал Захаду, а спроба гуляць на ўнутраную аўдыторыю, спроба дэманстрацыі беларускаму грамадству сваёй перамогі над пратэстамі, свайго доказу таго, што людзі, якія выступалі супраць Лукашэнкi, цяпер зламаныя і пішуць прашэнне аб памілаванні, што для яго вялікая асалода.

Што тычыцца ўступлення Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, якое абмяркоўвалі на фоне візіту Лукашэнкi на саміт арганізацыі, то, на думку палітолага, для Беларусі яно не будзе асабліва выніковым:

— Ад самаго сяброўства з ШАС Беларусь не атрымае ніякіх дадатковых дывідэнтаў. Іншая справа, што можна часцей ездзіць на нейкія саміты, хаця гэта можна рабіць і ў статусе назіральніка. Практычнай выгады я тут не бачу. Калі эканамічныя вынікі будуць, то не ад сяброўства ў ШАС, а хутчэй ад нейкіх новых пагадненняў з Кітаем.

Карбалевіч таксама звяртае ўвагу, што некаторыя прэзідэнты на гэтым саміце спазняліся і прэзідэнту Расіі прыходзілася іх чакаць (раней было наадварот).

— Тое, што Пуцін перастаў спазняцца — вельмі цікава і характэрна. Таксама важна, што прэм’ер Індыі Модзі крытычна ацаніў дзеянні Расіі ва Украіне. Паводле самаго Пуціна ёсць пытанні і ў Кітая. То бок Расію не падтрымалі не толькі ў АДКБ, але і ў ШОС.

Гэта сведчыць, што замежна-палітычная і геапалітычная вага Расіі падае, і, дарэчы, гэта адзначае, што ў ШОС расце палітычная вага Кітая. І калі казаць пра практычныя дзеянні, то ваенная актывізацыя Азербайджана супраць Арменіі таксама ёсць вынік слабасці Расіі, у якой яна апынулася пасля пачатку вайны ва Украіне.

Пры гэтым палітолаг з цяжкасцю ўяўляе, што Арменія можа выйсці з АДКБ, бо, на яго думку, падтрымка Расіі — гэта гарантыя існавання Арменіі, якая заціснута паміж Турцыяй і Азербайджанам:

— Таму ўсе гэтыя размовы — элемент шантажу і ціску на Расію, каб яна дапамагла супрацьстаяць супраць Азербайджану.

АДКБ — гэта трохі дзіўная арганізацыя, сэнс існавання якой — дэманстрацыя лаяльнасці Расіі. У гэтую арганізацыю ўваходзяць краіны з вельмі розным геапалітычным становішчам, замежнымі небяспекамі, інтарэсамі. Гэтыя краіны аб’ядноўвае адно — лаяльнасць Расіі. На гэтым і грунтуецца гэтая арганізацыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)