Общество
Сяргей Белагорцаў, zapraudu.info

Караткевіч і Вайцюшкевіч. праехаліся па Еўропе з гiсторыяй пра Беларусь (фота, вiдэа)

«Еўрапейская салідарнасць з Беларуссю» – такі дзесяцідзённы візіт па гарадах Еўропы здзейснілі каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч і музыка Зміцер Вайцюшкевіч. Яны праехаліся па васьмі гарадах Еўропы, каб проста расказаць і еўрапейцам, і беларусам у выгнанні пра тое, што робіцца на Беларусі.

Расказвае Зміцер Вайцюшкевіч:

– Гэты праект задумваўся яшчэ ў мінулым годзе на фоне ўсіх рэпрэсіўных падзеяў. Але і дагэтуль не страціў сваю актуальнасць: «чорныя спісы» музыкаў, палітвязні, грамадзянскія і палітычныя акцыі падаўляюцца. Трэба знайсці спосаб увесці ў вушы людзей, якіям неабыякавая Беларусь, усю праўду пра краіну. Мы хацелі, каб Еўропа не забывалася на Беларусь.

Штодня затрымліваюць дэмакратычных актывістаў і кожную хвіліну актывісты пад пагрозай у любы момант апынуцца за кратамі. І гэты праект арыентаваўся на простых еўрапейскіх грамадзян – не на палітыкаў, якія даўно займаюцца беларускай праблемай, за што ім вялікі дзякуй, што падтрымліваюць грамадзянскія палітычныя ініцыятывы. Але мы хацелі дастукацца да простых еўрапейскіх грамадзян, якія, магчыма, не ведаюць, што ў іх ёсць такі сусед. Ці, наадварот, ведаюць, але думаюць, што беларусы нявартыя іхняй увагі.

Таццяна Караткевіч і Зміцер Вайцюшкевіч правялі восем сустрэч: у Вільнюсе, Варшаве, Кракаве, Берліне, Амстэрдаме, Вене, Брно і Празе.

– Кальцом салідарнасці мы праехаліся цягам 10 дзён. Мы ехалі на машыне з лозунгам «Еўрапейская салідарнасць з Беларуссю», нашай сімволікай, з партрэтамі палітвязняў – былых і цяперашніх. Каб не толькі на сустрэчах гаварыць пар Беларусь – каб вока еўрапейцаў чаплялі беларускія праблемы нават візуальна, – кажа Таццяна Караткевіч.

Зміцер Вайцюшкевіч выступаў у звыкала-нязвыклай іпастасі спікера:

– З другога боку, усе ведаюць, што людзей б’юць, людзей садзяць, людзей не выпускаюць, іхнія сем’і галадаюць, ці няма чалавека, які б прыносіў зарплату… Да «чорнага спісу» прывыкаеш. Таму канцэнтруешся на творчых момантах, на заканчэнні польскага альбому, на іншых запісах, на глабальных праектах, звязаных з наступным годам, паўстаннем Каліноўскага – тое, што не дае заганяцца. Падпольнымі, непадпольнымі канцэртамі… Непадпольныя можна праводзіць толькі вакол Беларусі. Па суседзях, у прынцыпе, я ездзіў ва ўсе часы, таму ў мяне няма патрэбы шукаць нейкіх партнёраў. Я не суперзорка, не Эрык Клэптан, але на мае канцэрты прыходзілі тысячы…

– У часе гэтай паездкі я выступаў у якасці не толькі музыкі – а спікера, грамадскага дзеяча, палітыка. Для нашых рэаліяў гэта звыкла – музыка ў ролі палітыка. Хочаш дзіця аддаць у беларускамоўны садок – цябе адразу пераводзяць у разрад палітыкаў, запісваюць у бэнээфаўцы. Хочаш нармальнай каўбасы – гэта палітыка. І цябе адразу пазбаўляюць права на прафесію, – адзначае бард.

Па словах музыкі, «асноўная задача наша была – інфармаванне людзей, якія не толькі жывуць у Еўропе, але і беларусаў, якія былі на сустрэчах, на канцэртах, на дыскусіях».

– Мой асабісты здабытак – я зразумеў, шо такое Еўропа, што такое дарогі, што такое людзі. Адзін з вынікаў нашай пездкі – мы нагадалі ім: тое, што яны маюць, гэта вялікая каштоўнасць. А мы да гэтага яшчэ павінны прыйсці. Хоць у еўрапейцаў многа сваіх праблем – ім таксама цікавая Беларусь. Мы размаўлялі з «Міжнароднай амністыяй» і прыйшлі да высновы: дэмакратыя і парвы чалавека – гэта вельмі проста, іх проста трэба выконваць, – кажа Зміцер Вайцюшкевіч.

Сустрэчы арганізоўваліся на партнёрскім узроўні – у кожным горадзе ўдзельнікі паездкі шукалі партнёраў, якія былі б зацікаўлены ў парвядзенні такіх сустрэч, а з другога боку, каб было ненакладна ў фінансавым плане.

Таццяна Караткевіч:

– Безумоўна, мы карысталіся і сувязямі з беларусамі ў эміграцыі. У Вільнюсе сустрэча праходзіла ў Аб’яднаным беларускім доме, кіраўніком якога з’яўляецца Алег Мяцеліца. На кожнай сустрэчы прысутнічалі як літоўцы, так і беларусы ў выгнанні. І гэта было вельмі сімвалічна. Прыехалі два чалавекі, якія былі на Плошчы, сёння актыўна дзейнічаюць у Беларусі, займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, якія абмежаваныя ў сваіх правах. Жывая гісторыя, што называецца.

І ў той жа час – беларусы, якія крыху адарваліся ад беларускай рэчаіснасці, – для іх наш прыезд стаўся яшчэ адным стымулам акрыяць крыху, весці дыялогі пра Беларусь са сваімі заходнімік калегамі.

У Варшаве сустрэча праходзіла ў клубе сацыял-дэмакратычнай моладзі пры сацыял-дэмакратычным універсітэце.

– Мы паўсюль расказвалі пра палітвязняў, пра “чорныя спісы” музыкаў, што беларускай культуры сёння не даюць развівацца, – кажа Таццяна. – Калі ты размаўляеш па-беларуску, носіш беларускую сімволіку, спяваеш па-беларуску – за гэта цябе выкідваюць за рысу публічнасці, актыўнасці.

У нас з сабой быў яшчэ відэафільм – інтэрв’ю з цяперашнімі актывістамі, палітыкамі, якія таксма гаварылі пра еўрапейскую салідарнасць. Якая нам патрэбна салідарнасць? У цябе ёсць сусед, які дрэнна жыве, дрэнна працуе, не глядзіць за сваімі дзецьмі. Калі яго не чапаць – ён і далей будзе гэтак існаваць. Але нармальны сусед абавязкова абурыцца: як ты жывеш? І такім чынам мы спрабавалі абудзіць інтарэс у звычайных еўрапейцаў да Беларусі.

На кожную сустрэчу прыходзілі ад 20 да 100 чалавек.

– У горадзе Брно мы ўвогуле патрапілі на фестываль. Там было многа чэшскай моладзі, якая праяўляла досыць вялікі інтарэс да беларускай культуры. Яны чыталі вядомых беларускіх сцэнарыстаў самі, перакладалі на чэшскую мову і чыталі, – адзначае Таццяна Караткевіч. – У Берліне мы таксама патрапілі на фестываль палітычнага арту «Біенале».

Таццяна Караткевіч і Зміцер Вайцюшкевіч запісвалі свае сустрэчы, размовы на відэа, прасілі еўрайпецаў выказацца пра тое, што яны думаюць пра Беларусь, чаго яны жадаюць беларусам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)

Подпишитесь на еженедельную рассылку "Салiдарнасцi". Этот надежный канал, который позволяет читать наши новости и статьи даже в условиях блокировки сайта.