Каралева дакладных навук – беларуска
«Каралева дакладных навук» – так называецца кніга Вольгі Гапоненкі, прысьвечаная першай у сьвеце жанчыне-прафэсарцы Соф’і Кавалеўскай. Гэта чарговая кніга сэрыі «Нашы славутыя землякі», што пабачыла сьвет у менскім выдавецтве «Тэхналёгія». Дзякуючы гэтаму выданьню ў беларусаў паболела падставаў для нацыянальнага гонару.
Кандыдат фізычна-матэматычных навук Вольга Гапоненка зацікавілася гераіняй сваёй будучай кнігі даўно, аднак, каб сабраць раскіданыя пераважна па замежных архівах матэрыялы, спатрэбілася шмат гадоў. Сама ж кніга напісалася вельмі хутка, бо для аўтаркі яе гераіня ёсьць асобай захапленьня. Нездарма ж яна назвала яе каралевай дакладных навук.

Восем дзіцячых гадоў будучай каралевы дакладных навук прайшло ў спадчынным маёнтку Палібіна пад Невелем. Згадкі пра гэта лягуць на многія старонкі мастацкіх твораў Соф’і Кавалеўскай. У беларускіх жа энцыкляпэдыях яе называюць расейскім матэматыкам. Спадарыня Гапоненка не зьдзіўляецца гэтаму:
Яны ці літоўцы, ці палякі, ці французы, ці немцы, а карані іх – на беларускай зямлі...
“Я думаю, што гэта не выключны выпадак у нашай гісторыі. Тут перш за ўсё праяўляецца абыякавасьць да нашай нацыянальнай гісторыі, і таму многія імёны выдатных беларускіх сыноў і дачок у энцыкляпэдычных даведніках стаяць як імёны прадстаўнікоў зусім іншых краінаў, зусім іншых народаў. Яны ці літоўцы, ці палякі, ці французы, ці немцы, а карані іх – на беларускай зямлі”.
Са старонак кнігі паўстае вобраз Соф’і Кавалеўскай ня толькі як сусьветна знанага навукоўцы, але і як чароўнай жанчыны, у якую, па прызнаньні сучасьнікаў, былі закаханыя многія мужчыны навокал. Яе жыцьцё, напоўненае рамантычнымі гісторыямі, вартае ўвагі раманістаў і кінэматаграфістаў.
Апошнімі словамі нашай вялікай суайчыньніцы, што знайшла свой вечны спачын у горадзе, які першым прызнаў яе веліч, – Стакгольме, былі “Як шмат шчасьця”.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное