«Карабель адплыў, няма вяртання да палітычнага працэсу з рэжымам Лукашэнкі»
Якаб Вёленштайн, кіраўнік беларускага офісу Фонду Конрада Адэнаўэра распавёў, як заходнія палітыкі глядзяць на Беларусь, ці гатовыя на нармалізацыю адносін з рэжымам і пытанне палітвязняў.
Цяпер, зазначае Вёленштайн, узровень увагі да Беларусі знізіўся. Але з іншага боку ён прыводзіць прыклад дэбатаў у Нямецкім бундэстагу наконт рэзалюцыі па Беларусі, якую прапанавалі ўрадавыя партыі два тыдні таму.
— Падчас гэтых дэбатаў адзін з прадстаўнікоў апазіцыі сказаў, што ніколі не было столькі ўвагі да Беларусі, як сёння: калі не глядзець на штодзённую палітыку, а агулам, — кажа Якаб Вёленштайн у інтэрв’ю Свабодзе Premium.
Бо ёсць разуменне, што падзеі ў Еўропе, датычныя вайны, і пытанні, як трымаць стабільнасць на кантыненце, вельмі звязаныя з Беларуссю. Таму, я б сказаў, ёсць сістэмная ўвага да Беларусі як да часткі праблемы, але і таксама як да часткі вырашэння праблем.
Кіраўнік беларускага офісу Фонду Конрада Адэнаўэра таксама зазначае, што нямецкія палітыкі не плануюць аднаўленне адносін, калі ідзе гаворка пра рэжымы Лукашэнкі і Пуціна.
— Ёсць партыі, якія выступаюць за нармалізацыю адносін з Расіяй. Нават яны не кажуць пра Пуціна, а кажуць пра Расію ці пра нармалізацыю адносін з Беларуссю. Гэта такія партыі, як «Альтэрнатыва для Нямеччыны», і частка левых, якія хочуць адкалоцца ад цяперашняй партыі і стварыць новую.
Але калі паглядзець на апытанне грамадскай думкі, дык усе гэтыя палітычныя сілы разам маглі б набраць на выбарах да 25% галасоў. Гэта значыць, што 75% немцаў маюць намер галасаваць за партыі, якія не хочуць ніякай нармалізацыі.
І калі паглядзець на дэбаты ў нямецкім парламенце, там была прапанова рэзалюцыі ў падтрымку Беларусі ад урадавых партый, але таксама была прапанова ад асноўнай апазіцыйнай партыі. І разам гэтыя прапановы набралі 83% галасоў нямецкіх дэпутатаў.
У прапанове ўрадавых партый вельмі ясна выказвалася падтрымка палітычным вязням. І прадстаўнікі партый пачыналі свае прамовы з імёнаў палітычных вязняў. Яны казалі, што прысвячаюць гэтую рэзалюцыю Паўліне Лосік — дачцэ палітычных зняволеных Ігара і Дар’і Лосікаў. І дух дэбатаў быў у падтрымцы ахвяр рэжыму, а таксама ў тым, каб паказаць Беларусь як краіну-суседку Еўразвязу.
То бок была пазітыўная ацэнка Беларусі як краіны, але ў той жа час жорсткае асуджэнне дзеянняў рэжыму і яго рэпрэсій. Я думаю, гэта той дух, які мы пабачылі, прынамсі, у Берліне. І тут няма шляху, каб зноўку наладжваць адносіны з рэжымамі.
Вёленштайн таксама паразважаў наконт пытання вызвалення беларускіх палітвязняў.
— Гэта вельмі складанае пытанне, бо гаворка пра сітуацыю, з якой няма простага выйсця. Калі мы паглядзім, як адбываліся перамовы па вызваленні палітвязняў у мінулых хвалях кантактаў, то гэта заўсёды было звязана з тым, што рэжым нешта атрымліваў: паслабленне санкцый, адкрыццё рынкаў, наступным разам гэта было ясна звязана з ідэяй, што сам рэжым хацеў атрымаць дадатковыя магчымасці для супрацоўніцтва, асабліва ў эканамічнай сферы і гандлі.
Цяпер мы не бачым нейкага жадання з боку заходнікаў супрацоўнічаць з рэжымам, бо выглядае, што рэжым не можа прапанаваць ім нічога цікавага. Таксама ёсць акрэсленыя моцныя пазіцыі, датычныя каштоўнасцей і правоў чалавека. Таму многія людзі, якія прымаюць рашэнні, кажуць нам: «Карабель адплыў, няма вяртання да палітычнага працэсу з рэжымам Лукашэнкі».
Я думаю, што калі нехта хоча крокаў ад рэжыму, вызвалення палітвязняў, дык для прадстаўнікоў Еўразвязу гэта ўжо палітычны працэс. Але пакуль вызваленне не адбылося, такі працэс вельмі цяжка пачаць.
Калі мы паглядзім на фармулёўкі ў вялікай справаздачы пра адносіны з Беларуссю, якую прэзентавалі ў Еўрапарламенце, то пабачым лагічныя супярэчнасці ў пытанні палітвязняў, што можна патлумачыць агульнай складанасцю сітуацыі.
Ён дадае, што працэс далучэння Беларусі да Еўразвязу можа паспрыяць аднаўленню вяршэнства закону ў нашай краіне.
— Калі рана ці позна сістэма рухне, пытанне будзе ў тым, як аднавіць вяршэнства закону і давер да судовай сістэмы: і многія юрысты лічаць, што тут дапаможа вонкавы ціск.
Беларусы хочуць выконваць законы, але законы павінны быць справядлівымі, а ўрад мае быць сапраўды абраным і выконваць законы. Але, каб аднавіць вяршэнства законаў, можа быць карысным мець вонкавы ціск праз комплекс пагадненняў аб шляху далучэння да ЕЗ.
Читайте еще
Избранное