Капскі паабяцаў, што форма БАТЭ беларусізуецца

Падчас закрытай сустрэчы кіраўніка футбольнага клюбу БАТЭ Анатоля Капскага з заўзятарамі было агучана, што ў будучым сэзоне прозьвішчы гульцоў на футболках будуць пісацца на беларускай мове.

Пра гэта распавёў наведнік форуму на афіцыйным сайце барысаўскай каманды.

Дагэтуль Капскі скептычна ставіўся да такой магчымасьці, заяўляючы, што ня хоча падладжвацца пад нейкія тэндэнцыі толькі таму, што гэта модна. Вось што ён казаў сёлета ў красавіку:

«Мы пяройдзем на беларускую тады, калі зразумеем, што без гэтага ня можам жыць. Але мне вельмі не падабаюцца імгненныя рашэньні. Ёсьць цяпер нейкі трэнд, істэрыя. Шмат людзей, для якіх Беларусь — родная краіна, але гэтаксама ім родная расейская мова, бо яны — этнічныя расейцы... Абяцаю: калі прыйдзе час, пяройдзем на беларускую».

Што прысьпешыла такое рашэньне — кіраўнік БАТЭ не ўдакладніў.

У сэзоне 2016 году прозьвішчы гульцоў на футболках па-беларуску ўказваюць шэсьць клюбаў вышэйшай лігі — абсалютны рэкорд за чвэрць стагодзьдзя сувэрэннага чэмпіянату.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)