Политика
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Кангрэс за незалежнасці прайшоў без прадстаўнікоў улады і без вылучэння кандыдата ў прэзідэнты

Пра Кангрэс за незалежнасць гаварылі рознае. Напрыклад, што на ім кандыдатам у прэзідэнты будзе абраная намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім. А яшчэ шапталіся, што сюды павінен нехта абавязкова прысці з прадстаўнікоў улады. Маўляў, гэткім самым чынам будзе легімітызаваная «лаяльная апазіцыя».

Апярэджваючы падзеі, адкажу: не здарылася ні вылучэння Анісім, ні прыходу Макея.

Кангрэс прайшоў у бізнэс-цэнтры «Вікторыя», недалёка ад новага палаца незалежнасці. Арганізатары да канца не верылі, што ім дадуць добрую пляцоўку, таму разглядалі як рэзерв сядзібу БНФ. Там месца нямнога, таму і людзей сабралі не надта вялікую колькасць – 63 чалавекі.

На вялікі жаль, на Кангрэсе было мала маладых людзей. У асноўныі былі людзі стала ўзросту, а таму не хапала нейкай жывасці і непасрэднасці.

На мерапрыемстве прысутнічалі былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка, літаратуразнаўца Арсень Ліс, былы палітвязень Сяргей Каваленка, мастак Аляксей Марачкін, паэт Анатоль Вярцінскі.

Вядучы Кангрэса Алег Трусаў адразу ж сказаў: «Наша мэта – сабраць 1 мільён подпісаў. Калі збяром, то будзем упэўненыя, што Беларусь застанецца, што мы не прахадны двор і не частка Расійскай імперыі. Па нашых падліках, за незалежнасць гатовыя падпісацца 2-2,5 мільёны чалавек».

У прэзідыум Кангрэса былі абраныя былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, акадэмік Радзім Гарэцкі, ветэран вайны са Слаўгарада Фелікс Шкірманкоў (з кіёчкам, але вельма бадзёра ўзышоў на сцэну) і Алена Анісім.

Мечыслаў Грыб чытаў па паперцы, здаецца, амаль ніводнага разу ад яе не адарваўся. Доўга гаварыў пра неабходнасць захавання незалежнасці. «Ядзерную зброю аддалі за так», — сказаў Грыб, а пасля засумняваўся, што краіны, якія гарантавалі незалежнасць для Беларусі і Украіны, не гатовы іх бараніць.

Выступ Радзіма Гарэцкага быў крыху жывейшы. У асноўным ён засяродзіўся на пытаннях катастрофы беларускай мовы. «Нават наш кіраўнік дзяржавы быў вымушаны ўпершыню сказаць аб неабходнасці пашыраць ужыванне беларускай мовы. Калі глядзіш наша тэлебачанне, то часам здаецца, што мы ўжо ў Расіі. Вось да чаго дайшлі». А скончыў прамову словамі Янкі Купалы: «Незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу».

Рыгор Кастусёў гаварыў пра «новую хвалю шалёнага расійскага імперыялізм, якая гатовая накрыць наш рэгіён». Ён зачытаў вітальнае слова ад Аляксандра Мілінкевіча, які знаходзіцца зараз за мяжой.

Аляксандр Мех з Кобрына сказаў, што яго гатовыя падтрымаць у якасці кандыдата ў прэзідэнты прадпрымальнік Кобрына і Мінска. Ён заклікаў удзельнікаў Кангрэсу падтрымаць яго ў якасці кандыдата. Ён казаў, што сённяшняя апазіцыя дэградавала. І замест таго, каб працаваць з людзьмі, яна ездзіць па Брусэлях. Пару дзясяткаў чалавек сустрэлі заявы Меха апладысментамі, але большасць усё ж маўчала.

На гэтым Алег Трусаў вырашыў спыніць «гаварыльню», бо казалі ж у асноўным не па дакументах Кангрэса, а хутчэй казалі сваё набалелае. Пачулася з залі «Ганьба!». Алена Анісім абсекла гэта досыць хутка: «Прабалбочам краіну».

У выніку была абраная стала дзеючая Рада Кангрэсу, якая на рэгулярнай аснове будзе абмяркоўваць актуальныя пытанні.

Напрыканцы адбылося ўрачыстае падпісанне «Маніфеста ў абарону незалежнасці Беларусі», ягоны першасны тэкст ужо публікаваўся ў СМІ. Былі ўнесеныя невялікія праўкі ад Зянона Пазняка, Рыгора Кастусёва і Ніла Гілевіча. Канчатковы тэкст будзе апублікаваны пазней.

Цяпер ініцыятары Кангрэса збіраюцца арганізаваць збор подпісаў у абарону незалежнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)