Политика
Віталь Цыганкоў, «Радыё Свабода»

«Канфлікт з Польшчай выгадны прарасейскім сілам у беларускім кіраўніцтве»

Чаму афіцыйны Менск ідзе на абвастрэньне напружаньня вакол Саюзу палякаў? Ці ня хоча ўлада выкарыстаць гэты канфлікт як падставу для згортваньне працэсу лібэралізацыі? Якім сілам у беларускім кіраўніцтве і чаму выгадны канфлікт Беларусі і Польшчы? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

— Канфлікт вакол Саюзу палякаў узьнік нібыта ні з пушчы ні з поля, ніадкуль. Аднак калі ўзгадаць першы канфлікт, у 2005 годзе, то ён таксама ўзьнік за год да прэзыдэнцкіх выбараў. Дзеля якіх мэтаў улада выкарыстоўвае гэты канфлікт? Можа, ён патрэбны як падстава для згортваньня лібэралізацыі?

— Магчыма. Такое тлумачэньне мае права на існаваньне. Але яно падаецца мне ня вельмі рацыянальным. Больш за тое, абвастрэньне стасункаў з Польшчай на сёньня зусім не ў інтарэсах рэжыму.

Калі разглядаць рэжым як нейкі цэлы, маналітны, які паводзіць сябе рацыянальна, то абгрунтаваньня канфлікту з Польшчай не знайсьці. Але ж калі дапусьціць, што ў рэжыме ёсьць супрацьстаяньне розных плыняў і сілаў, то тлумачэньне зьяўляецца.

Сёньня Беларусь і Польшча маюць агульныя інтарэсы і разам вырашаюць агульныя праблемы з Расеяй — па мясе, малацэ, энэргетычныя і гэтак далей. І таму сёньня гэтае абвастрэньне выгаднае толькі нейкім расейскім сілам альбо нейкай прарасейскай фракцыі ўнутры самога рэжыму. Толькі такім чынам можна знайсьці тлумачэньне гэтаму нерацыянальнаму палітычнаму казусу.

— Але як далёка могуць ісьці ўлады ў гэтым канфлікце з Польшчай і ўжо нават, магчыма, з усёй Эўропай? Ці Аляксандар Лукашэнка здольны ўбачыць усе магчымыя нэгатыўныя наступствы і спыніць гэты канфлікт?

— Я думаю, што ў хуткім часе гэта стане зразумелым. Калі пасьля канфлікту адбудуцца пэўныя кадравыя перастаноўкі (ня выкліканыя ніякімі іншымі прычынамі), то гэта будзе сьведчыць, што Лукашэнка мае намер працягнуць нармалізацыю адносінаў з Эўропай. У гэтым, дарэчы, Польшча грае вельмі важную ролю — менавіта яна ёсьць лябістам пэўных прабеларускіх тэндэнцыяў у Эўразьвязе.

Калі ж нічога ў гэтым кірунку не адбудзецца, то гэта азначае, што Лукашэнка лічыць перабольшанымі тыя крокі ў бок нармалізацыі стасункаў з Эўропай, якія ўжо зробленыя Менскам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)