Канфлікт ў Завоссі: «Дырэктара музея Еўмянькова можна было даўно звольніць па артыкуле!»
З дырэктарам дома-музея Міцкевіча ў Завоссі Анатолем Еўмяньковым не працягнулі кантракт. Гэты дом-музей — адзін з 9 філіялаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, апошнія дзесяць месяцаў ім кіруе Зміцер Яцкевіч. Ён пагутарыў з «Нашай Нівай».
«Наша Ніва»: Чаму з цяперашнім дырэктарам філіяла ў Завоссі не працягнулі кантракт?
Зміцер Яцкевіч: Загадчык філіяла ў першую чаргу павінен адказваць за гаспадарку, то бок за стан музея і яго функцыянаванне — арганізацыю экскурсій і ўсяго астатняга.
Спадар Анатоль Іванавіч, на жаль, гэтым абавязкам не даваў рады. Ён адкрыта заяўляў міністру культуры Барысу Святлову, што займаецца толькі правядзеннем экскурсій. Нашы спробы падштурхнуць яго пачаць рабіць элементарны рамонт не далі ніякага плёну.
Тым больш апошнім часам мы пачалі заўважаць, што экскурсіі спадара Анатоля Іванавіча не адпавядаюць рэчаіснасці і часам уводзяць людзей у зман.
«НН»: Што значыць «не адпавядаюць рэчаіснасці»?
ЗЯ: Гэта значыць, што факты, якія агучвае спадар Еўмянькоў, не пацверджаныя. Паколькі гэта не прыватная лаўка, а ўсё ж такі дзяржаўная ўстанова, трэба прытрымлівацца плану экскурсіі. На жаль, тэкстаў экскурсій, падобна, у Анатоля Іванавіча ніколі і не было. Матэрыял ва ўсіх планах састарэў, але спадар Еўмянькоў ад яго не адрываецца, а трэба рухацца далей.
Філіял не развіваўся, быў рэгрэс. Многія будынкі прыйшлі ў заняпад. У адным — размарожаная сістэма ацяплення, былі і іншыя праблемы, якія неаднаразова фіксаваліся ў актах камісій. Усё праз халатнасць.
Мае спадзяванні, што спадар Еўмянькоў пачне нешта мяняць, ні да чаго не прывялі. Ён не аднойчы парушаў працоўную, выканаўчую і фінансавую дысцыпліну. У прынцыпе, я ўжо даўно мог звольніць яго па артыкуле. Але з улікам узросту чалавека і таго, што ён ўсё ж такі робіць справу, мы дачакаліся сканчэння кантракту і вырашылі расстацца палюбоўна.
З дапамогай Баранавіцкага райвыканкама мы ўжо знайшлі новага загадчыка філіяла, 31 жніўня яму перададуць справы.
«НН»: Можаце раскрыць яго імя?
ЗЯ: Мясцовы чалавек, па адукацыі настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Працаваў у школах, у Баранавіцкім універсітэце. Ён пагадзіўся даглядаць філіял і спрыяць прывядзенню яго ў нармальны стан, а не займаць пазіцыю «гэта не мая задача, я гэтым займацца не буду».
…А наконт перапалкі з губернатарам… Па-першае, я не ведаю, на якой падставе Анатоль Іванавіч быў на той нарадзе, чаму яго туды запрасілі. Музей знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці і падпарадкоўваецца Міністэрству культуры.
Выходзіць, што ў працоўны час загадчык філіяла з’яўляецца невядома дзе і дыскрэдытуе наш музей. Мы ўсе можам філасофстваваць, размаўляць пра крытэрыі культуры, што павінна акупляцца, што не павінна — гэта ўсё іншая справа. Адказваць трэба ў межах сваёй кампетэнцыі і дзейнічаць паводле службовай інструкцыі.
Спадар Анатоль Іванавіч сам сябе загнаў у пастку, у гэтай сітуацыі вінаваты толькі ён сам. Гэтага ўсяго магло б і не быць.
«НН»: Спадар Еўмянькоў гаворыць пра тое, што на рамонт будынкаў музея папросту не выдаткоўваліся грошы. Ці сапраўды гэта так? Ці мог ён у такой сітуацыі зрабіць штосьці, каб палепшыць стан музея?
ЗЯ: Безумоўна. Але ў яго падпарадкаванні двое рабочых па комплексным абслугоўванні будынкаў, якія павінны за імі даглядаць. Тым больш калі рамонт тычыцца некалькіх дошак. Несур’ёзна казаць, што немагчыма знайсці іх на месцы і прыбіць. Гэта ўсё робіцца элементарна, калі ў будынка ёсць гаспадар.
Тое, што адбываецца цяпер у Завоссі, мне вельмі не падабаецца. Там павінен з’явіцца гаспадар, які ў першую чаргу будзе адказваць за нармальнае функцыянаванне філіяла, бо правядзенне экскурсій — найперш справа экскурсавода.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное