Скандалы
Мікола Бугай, Кірыла Хілько, «Наша Нiва»

Канфлікт рэдактара Анлайнера і блогера Будзіміра

Новая сеча ў Белнэце: на гэты раз паміж галоўным рэдактарам партала «Анлайнер» Дзянісам Блішчам і журналістам Дзмітрыем Галко, больш вядомым пад нікам Будзімір.

Дзяніс Блішч — рэдактар Анлайнера, наватарскага інтэрнэт-партала

Блогер Дзмітрый Галко даслаў сваё рэзюмэ ў якасці суіскальніка працы на партале Анлайнер. У адказ Галко атрымаў досыць раздражнёную адпіску, што на працу яго не возьмуць, бо «пры ўсім маім роўным стаўленні, як галоўны рэдактар я не магу не ўлічваць вашу каляпалітычную дзейнасць, таму, на жаль, не магу даць вам працу. Наша выданне заўсёды было па-за палітыкай, і мы наважаны працягваць гэтую лінію».

Абураны такім адказам і знайшоўшы там «прыкметы парушэння артыкула 14 Працоўнага кодэкса РБ, які забараняе абмежаванне працоўных правоў «у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага паходжання, мовы, рэлігійных ці палітычных поглядаў,

удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах ці іншых грамадскіх аб’яднаннях», Галко вырашыў апублікаваць гэтыя радкі ў сваім блоге. Трэба адзначыць, што адкрыта назву партала ён не ўказаў, рэсурс проста апісваўся як «папулярны (зразумела, недзяржаўны)».

Тады галоўны рэдактар інфармацыйнага партала Onliner.by Дзяніс Блішч сам раскрыў тэму.

У сваім блогу на LiveJournal Блішч апеляваў ужо да нізкіх прафесійных якасцяў Галко, але ў выніку перавеў размову на «змагароў», скончыўшы свой запіс словамі «Я толькі скажу сваю пазіцыю грамадзяніна Беларусі: змагарам не месца ва ўладзе».

А яшчэ перад гэтым у сваім «Твітары» Блішч пажадаў змагарам «ніколі не прыйсці да ўлады ў Белоруссіі і паслаў «на тры літары».

Дзяніс Блішч прыйшоў на Анлайнер з рэакцыйнай лукашэнкаўскай газеты «7 дней», якую выдае агенцтва БелТА, а быў рэдагаваў ультрасаветчык Віктар Чыкін.

Паколькі рэдактар Анлайнера — рэдактар адной з самых папулярных інфармацыйных пляцовак Беларусі, персона публічная — без увагі ягоныя заявы не засталіся, а выказванне: «Любишь скушать глазунью и не прочесть при этом «Нашу Ниву»? А не прогнулся ли ты под режим, сынок? Ну как-то так» — нават стала мемам.

Інтэрнаўты раскрытыкавалі заявы, бо «выглядае, нібы Блішч хоча спадабацца лукашыстам».

«Самасцвярджацца на змагарах за свабоду — грэх», — пісалі ў Фэйсбуку.

У той жа час іншыя фрэнды Блішча (aka y_bd) падтрымалі: «Всё правильно сделал. Свяжись с таким — так потом не отмоешься». І «белорусский змагар — существо бесконечно тупое, лживое и жадное (см. хартию)». Сам Блішч удакладняў больш карэктна: «Журналист, который не видит дальше своего змагарского носа, — не журналист.

Почему он не журналист — потому что мешает политику и жизнь даже когда ест яичницу, а у нас издание аполитичное. Я не выделяю в змагаров «плохих» людей — я просто говорю, что они непрофессиональны как политики, управленцы, кто угодно, так как действуют методами, примененными Будимиром».

Прагучала і такое меркаванне ў адказ: І «сярод змагароў з апартэідам у Паўднёвай Афрыцы былі розныя людзі, але сумленны чалавек не стаў бы наязджаць на Мандэлу ці кагосьці з АНК. Проста таму што справа справядлівая». Іншыя западозрылі, што як Блішч, так і Будзімір гэтай публічнасцю «проста піярацца».

Калі эмоцыі астылі, рэдактар Блішч, які, па словах яго самога, «паслядоўна цягам 12 гадоў дыстанцуецца ад палітыкі», допісам у блогу ўсё ж папрасіў прабачэння ў «змагароў», бо пісаў тэкст «на эмоцыях, якія былі справакаваны канкрэтным чалавекам, а не групай грамадзян па палітычнай прыкмеце».

Будзімір — блогер, які пэўны час працаваў на радыё «Свабода», але сышоў адтуль, на знак нязгоды з палітыкай ЗША, якія фінансуюць гэтую радыёстанцыю. У свой час ён правёў галадоўку з патрабаваннем вызвалення палітвязняў. Пасля Будзімір нейкі час адпрацаваў вэб-рэдактарам газеты «Народная воля».

Менавіта Будзімір выклікае ў рэдактара Блішча такія эмоцыі? Ці ён не ўзяў бы любога супрацоўніка незалежнага выдання? Каго ён лічыць «змагарамі»? Ці ўзяў бы супрацоўніка з канала Беларусь-1 на працу? Чаму піша «Белоруссія»?

Дзяніс Блішч адмовіўся каментаваць спрэчку «Нашай Ніве» дадаткова, бо лічыць сітуацыю «вычарпанай». На пытанні «Нашай Нівы» пагадзіўся адказаць толькі Дзмітры Галко.

«НН»: Ці збіраліся Вы ўвогуле раскрываць назву партала, які вам адмовіў, калі дадавалі свой запіс у блог?

Дзмітры Галко: Я не ведаў, наколькі доўга будзе захоўвацца ананімнасць, але калі б Блішч не адрэагаваў, я б наўрад ці напісаў, што гэты адказ — ад «Анлайнера». Тут цікавы не партал, а канкрэтна выпадак адмовы праз палітычныя погляды.

Блішч павёў сябе непрафесійна. Апошнім часам большасць маіх матэрыялаў складалі артыкулы на тэмы, блізкія парталу: нерухомасць, забудова, няшчасныя выпадкі. Але Блішч адрэагаваў на мой імідж. У адмовы чыста палітычныя прычыны, і так званая «палітычная нейтральнасць» партала не мае ніякага дачынення да гэтага.

Калі б у мяне быў час, я пайшоў бы ў суд, каб звярнуць увагу на гэтую дурную сітуацыю. Але, нажаль, не маю часу, таму, напэўна, мой удзел абмяжуецца артыкулам для БАЖ.

«НН»: З блогаў вынікала, што вы дамовіліся з рэдактарам Блішчам на асабістую сустрэчу ў «Цэнтральным» учора. Чым яна скончылася?

ДГ: Мы абодва засталіся пры сваім меркаванні. Сустрэча, зразумела, згладзіла асабістую варожасць, але на сітуацыю ніякім чынам не паўплывала.

«НН»: А як Вы ацэньваеце паводзіны Блішча ў сацыяльных сетках? Ці можа публічаная асоба выказвацца такім чынам? І хто такія «змагары»?

ДГ: Зразумела, не. Твітар — гэта яго прафесійны інструмент. А «змагары» — тыя, хто не згодны з палітыкай улады. Блішч тым самым закрануў вялікую частку чытачоў партала «Анлайнер». І ўсё ж самы цымус сітуацыі ў тым, што ў нашай краіне «быць па-за палітыкай» азначае не чапаць уладу.

«НН»: У выніку Дзяніс Блішч усё ж папрасіў прабачэння. Чаму?

ДГ: Пасля першай «хвалі» падтрымкі Дзяніса пайшла другая, вельмі крытычная. Мабыць, ён зразумеў, што рэпутацыя партала можа пацярпець і пад ціскам быў вымушаны прасіць прабачэння. Але гэта паказвае, што тыя самыя «змагары», якіх ён назваў ні на што не прыдатнымі, маюць пэўную вагу ў грамадстве.

Варта дадаць, што Анлайнер.бай мае вялікую, пераважна маладую і добра адукаваную аўдыторыю.

Ён асвятляе перадусім тэмы гарадскога жыцця, навінкі тэхнікі і тэхналогій, нерухомасці, бізнэсу.

Падача матэрыялаў на Анлайнеры хлёсткая, а абмеркаванні на форумах вылучаюцца крытычнасцю, думкі выказваюцца свабодна.

У сваім знакамітым жарце партал Куку.орг прывёў розніцу ў рэдакцыйным падыходзе Анлайнера і Тута: «Анлайнер: 50% мінскіх дворнікаў не выйшлі не працу. Тут: 50% мінскіх дворнікаў выйшлі на працу».

Навінная частка Анлайнера вылучаецца наватарствам у працы з інфармацыяй: партал змяшчае масу аўдыёвізуальнага матэрыялу, ужывае перадавыя тэхналогіі збору і апрацоўкі навін і актыўна выкарыстоўвае ўнёсак чытачоў.

Асноўны медыяканкурэнт Анлайнера — Тут.бай — нядаўна трапіў пад аналагічную крытыку, калі Юрый Зісер спыніў жывы эфір з Лявонам Вольскім, перасцярогшыся сатырычных куплетаў, якія выконваў спявак.

Гэты крок выклікаў негатыўную рэакцыю аўдыторыі, і неўзабаве пасля гэтага партал — выпадкова ці не — лібералізаваў сваю інфармацыйную палітыку. Градус самацэнзуры знізіўся, вырасла праблемнасць і вастрыня ў асвятленні падзей. Карацей, няма такой бяды (г.зн. палемікі), што на дабро б не выйшла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)