«Канешне ж, крыўдна, канешне ж, балюча, канешне ж, хацелася, каб сярод вызваленых былі беларусы»

Вялікі абмен зняволенымі паміж краінамі Захаду і Расіяй не закрануў беларускіх палітвязняў. Чаму?

Навумчык: «Беларусь, лёс беларускага народа не цікавыя Захаду»

Публіцыст і прадстаўнік Рады БНР Сяргей Навумчык піша:

– Давайце ня цешыць сябе ілюзіямі і самападманам. Беларусь, лёс беларускага народа не цікавыя Захаду. І ніколі не былі.

Зрэшты, быў кароткі пэрыяд, калі Захад выяўляў сапраўдную цікавасьць: калі ў Беларусі была ядзерная зброя. Але мы бяздарна аддалі яе за «дзякуй».

І як тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савета, я не здымаю зь сябе адказнасьць за тую наіўнасьць. Казаў гэта раней, паўтараю і цярер.

Толькі адзін палітык, падтрымліваючы ідэю бяз’ядзернасьці, сьцьвярджаў, што нельга сьпяшацца, што трэба запатрабаваць сур’ёзныя палітычныя і ваенныя гарантыі і моцную эканамічную кампэнсацыю: Зянон Пазьняк.

Станіслаў Шушкевіч мала таго, што фарсіраваў вывад зброі за «дзякуй», дык яшчэ і пагадзіўся аддаць яе … у Расею. А потым падтрымліваў прымітыўную тэзу: уявіце, а каб такая зброя была ў Лукашэнкі!

Дэмагогія: пры належнай кампэнсацыі ў 1994 была б зусім іншая эканамічная і палітычная сытуацыя, ніякага Лукашэнкі і блізка б ва ўладзе не было.

У выніку, атрымалі і Лукашэнку, і расейскія ядзерныя баегалоўкі. Так, Расея нам вораг, але і Захад – не надзейны саюзьнік.

Усьведамленьне гэтага факту ня ёсьць нагодай для адчаю. Наадварот, гэта стварае надзею. Бо ўсякая праца (а палітычная найперш) эфэктыўная толькі тады, калі не будуецца на ілюзіях.

Лябедзька: «Ёсць падставы, каб ствараць адчуванне дыскамфорту ў нашых еўраатлантычных хаўруснікаў»

Дарадца Святланы Ціханоўскай, кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька піша:

– Канешне ж, крыўдна, канешне ж, балюча, канешне ж, хацелася, каб сярод вызваленых былі беларусы. Але варта прызнаць, што верагоднасць таго, што беларусы трапяць у абменны спіс была нулявой.

Калі магчымасцю (па нейкіх чынніках) не скарысталася Варшава, якая была ў пуле тых, хто дамаўляўся, то варта рэалістычна ацэньваць сітуацыю.

Разам з тым, менавіта зараз, у сітуацыі з беларускімі палітзняволенымі з’яўляюцца новыя акалічнасці, новыя састаўляючыя, якія даюць прастор для працы і дзеянняў.

Па-першае, праблема палітвязняў стала часткай еўраатлантычнай павесткі. На яе, яшчэ нейкі час, будуць заточаны і палітычныя эліты, і грамадская думка. І вельмі важна не змарнаваць гэты час.

Па-другое, ёсць падставы, каб ствараць адчуванне дыскамфорту ў нашых еўраатлантычных хаўруснікаў, у тых, хто ўдзельнічаў у рэалізацыі «вялікага абмену».  

Немцам мусіць быць не комільфо за Машу Калеснікаву, палякам за Анджэя Пачобата, нарвежцам за Алеся Бяляцкага, амерыканцам за ўсіх беларускіх палітвязняў.

Па-трэцяе, патрэбна мець якасна прапісаныя, абгрунтаваныя  прапановы на выпадак перамоваў з беларускім рэжымам, з ясным адказам, што ў абмен на вызваленне палітвязняў Беларусі!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(19)