Віталь Тарас, "Наша ніва"
Канец тыраніі

Існуе адрэзак вымярэньня часу, па заканчэньні якога сучаснасьць ператвараецца ў гісторыю. Вальтэр Скот лічыў, што гэта адрэзак у 60 гадоў. Калі пагадзіцца з шатляндзкім раманістам, прамова Ўінстана Чэрчыля ў амэрыканскім мястэчку Фултан 5 сакавіка 1946 году ўжо належыць гісторыі. Таксама, як і адказ Сталіна на гэтую прамову ў газэце «Правда» праз тыдзень. Ён параўнаў Чэрчыля з Гітлерам і абвінаваціў былога брытанскага прэм’ера ў распальваньні вайны Захаду з СССР. Гэтыя дзьве падзеі лічацца пачаткам халоднай вайны, якая скончылася пры канцы 1980-х гадоў мінулага стагодзьдзя распадам Савецкага Саюзу.

Але ж варта перачытаць зусім кароткую прамову Чэрчыля ва Ўэстмінстэрскім каледжы ў Фултане, каб пераканацца, наколькі актуальным застаецца яе зьмест для нашых дзён. Асабліва калі пакласьці побач, да прыкладу, тэкст выступаў кіраўніка Беларусі на трэцім усебеларускім сходзе.

Чалавек, які стварыў Захад

Нагадаем, што Чэрчыль у 1946-м годзе ня быў прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі, а толькі лідэрам апазыцыі. У Фултане ён выступаў у якасьці прыватнай асобы. Аднак маральны аўтарытэт экс-прэм’ера ў сьвеце быў настолькі высокі, што ягоныя словы мелі кардынальнае значэньне для лёсу чалавецтва ў дваццатым стагодзьдзі. Паводле амэрыканскага прэзыдэнта Роналда Рэйгана, дзякуючы Чэрчылю ня толькі нарадзіўся сам панятак «захад», але ўдалося захаваць мір на зямлі.

Чэрчыль у сваёй прамове канстатаваў зьяўленьне «жалезнай заслоны» ад Шчэціна на Балтыцы да Трыесту на Адрыятычным моры й прадказаў дзьве галоўныя небясьпекі, зь якімі, на ягоную думку, сутыкнецца міжнародная супольнасьць — гэта войны й тыранія. Ён ня толькі канстатаваў гэты факт, але сфармуляваў стратэгічную канцэпцыю, на падставе якой Захад аб’яднаўся ў барацьбе за выжываньне сучаснай цывілізацыі.

Вось што Чэрчыль казаў аб тыраніі: «Мы ня можам заплюшчваць вочы на тое, што свабоды, якімі карыстаюцца грамадзяне ва ўсёй Брытанскай імпэрыі, ня дзейнічаюць у значнай колькасьці краінаў, некаторыя зь якіх вельмі магутныя. У гэтых дзяржавах улада навязваецца простым людзям усюдыіснымі паліцэйскімі ўрадамі. Улада дзяржавы ажыцьцяўляецца без абмежаваньня дыктатарамі альбо шчыльна згуртаванымі алігархіямі, якія ўладараць з дапамогай прывілеяванай партыі ды палітычнай паліцыі. У цяперашні час, калі цяжкасьцяў усё яшчэ так шмат, у нашыя абавязкі ня можа ўваходзіць гвалтоўнае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы краінаў, зь якімі мы не перабываем у стане вайны. Мы павінны нястомна і бясстрашна дэкляраваць вялікія прынцыпы свабоды й правоў чалавека, якія ўяўляюць сабой супольную спадчыну ангельскамоўнага сьвету і якія празь Вялікую хартыю, Біль аб правох, закон пра склад злачынства (Habeas Corpus Act — заканадаўчы акт, прыняты парлямэнтам Ангельшчыны ў 1679 годзе, які вызначае правілы арышту і прыцягненьня да суду абвінавачанага. — Рэд.), суд прысяжных і ангельскае агульнае права набылі сваё самае славутае выражэньне ў амэрыканскай Дэклярацыі Незалежнасьці.

Яны азначаюць, што народ кожнай краіны мае права і павінен мець магчымасьць шляхам канстытуцыйных дзеяньняў, шляхам свабодных несфальшаваных выбараў з таемным галасаваньнем выбраць ці зьмяніць характар альбо форму праўленьня, пры якіх ён жыве; што ўладарыць павінны свабода слова й друку, што суды, бесстаронныя і незалежныя ад выканаўчай улады, павінны праводзіць у жыцьцё законы, ухваленыя значнай большасьцю насельніцтва альбо асьвячоныя часам і звычаямі. Гэта падставовыя правы на свабоду, якія павінны ведаць у кожным доме».

Калі прыбраць згадку аб Брытанскай імпэрыі, якая спыніла сваё існаваньне ўсяго празь дзесяць год пасьля гэтага выступу, магло б стварыцца ўражаньне, што гэтыя словы Чэрчыль прамаўляў сёньня.

Фюрэр і іншыя

Чэрчыль, зразумела, ня быў анёлам ці нават рыцарам бяз страху і заганы. На ягоным сумленьні засталася, сярод іншага, гвалтоўная выдача пасьля вайны савецкаму ўраду тысячаў расейскіх казакаў, якія эмігравалі ў Ангельшчыну. Іхнае вяртаньне разам зь сем’ямі, якое азначала для іх немінучую сьмерць, было саступкай Сталіну, і не адзінай з боку брытанскага прэм’ера. Тым ня менш, Чэрчыль, як бадай ніхто зь ягоных калегаў-сучасьнікаў, умеў засвойваць урокі мінулага. У Фултанскай прамове ён нагадаў аб тым, што ў 1930-я гады ніхто з палітыкаў не схацеў слухаць ягоных перасьцярогаў наконт Гітлера. Паводле перакананьня Чэрчыля, самую зьнішчальную ў гісторыі чалавецтва вайну можна было лёгка спыніць агульнымі намаганьнямі ў 1935-м ці нават 1936-м годзе, калі б небясьпека была распазнаная і адэкватна ўспрынятая.

Дарэчы, паводле зьбегу гістарычных датаў, акурат за дзесяць гадоў да прамовы Чэрчыля, 7 сакавіка 1936-га году, нямецкія войскі ўвайшлі ў дэмілітарызаваную зону на Райне. Паводле Вэрсальскіх пагадненьняў, падпісаных па выніках Першай сусьветнай вайны, Нямеччына ня толькі павінна была сплачваць краінам-пераможцам гіганцкую кантрыбуцыю, ня толькі ня мела права нарошчваць узбраеньні і колькасны склад войскаў, але ні ў якім выпадку не павінна была парушаць дэмілітарызаваную зону. У той час нямецкі вэрмахт быў яшчэ вельмі слабы. Варта было дзяржавам Антанты — найперш Францыі — ужыць ваенную сілу, і авантура Гітлера на Райне скончылася б паразай. Нават гітлераўскія генэралы лічылі, што фюрэр робіць вялікую памылку, ідучы на падобную рызыку. Але авантура з бляскам удалася. Ніводная зь пераможных дзяржаваў не адрэагавала належным чынам на грубую, нахабную правакацыю, і Гітлер стаў трыюмфатарам. Шлях да Другой сусьветнай вайны быў распачаты.

З тагачасных падзеяў Чэрчыль зрабіў выснову, што Гітлер, таксама як і Сталін ды іншыя дыктатары, разумее і паважае толькі адно — сілу. Іншымі словамі сфармуляваў гэта Эрнэст Гэмінгўэй у рамане «Па кім звоніць звон?» на тэму грамадзянскай вайны ў Гішпаніі ў 1930-я гады. Ён параўноўваў фашыстаў (і фашызм у цэлым) з бандытамі, зь якімі няма сэнсу размаўляць пра высокія матэрыі, заклікаць да сумленьня, намаўляць і г.д. Трэба браць у рукі дубіну, аўтамат — што заўгодна і біць нягоднікаў сьмяротным боем.

Зразумела, прамова Чэрчыля была зьвернутая не да Сталіна і ягоных стаўленьнікаў у краінах так званай «народнай дэмакратыі» і нават ня столькі да прыгнечаных савецкай акупацыяй народаў, колькі да краінаў Захаду. Ён заклікаў кіраўнікоў гэтых краінаў да маральнай адказнасьці перад лёсам тых, хто апынуўся пад гнётам тыранаў. Варта зьвярнуць увагу, што Чэрчыль нідзе ня кажа аб камуністычным прыгнёце, ці аб хрысьціянскіх каштоўнасьцях, ці нейкіх перавагах капіталізму над сацыялізмам. Ягоная прамова пазбаўленая ідэалягічнага налёту ці англасаксонскай пыхі. Чэрчыль выказвае захапленьне мужнасьцю расейцаў, праяўленай у вайне з фашызмам. Ён кажа аб прынцыпах свабоды й права, на якіх заснаваная сучасная эўрапейская цывілізацыя, якую цаной неверагодных ахвяраў Захаду ўдалося адстаяць, воляю абставінаў, з дапамогай народаў СССР.

Заслона над глупствам

Немагчыма не зьдзіўляцца прароцтву Чэрчыля, які казаў сваю прамову ў той час, калі пасьляваенная Эўропа яшчэ ляжала ў руінах, калі ў Ангельшчыне яшчэ адчуваўся дэфіцыт прадуктаў, а ў большасьці астатніх краінаў панаваў сапраўдны голад. «Калі прадухіліць небясьпеку вайны й тыраніі, — казаў аратар, — дык, несумненна, навука й супрацоўніцтва ў бліжэйшыя некалькі гадоў, максымум дзесяцігодзьдзяў, прынясуць сьвету, перавучанаму ў жорсткай школе вайны, рост матэрыяльнага дабрабыту, нечуваны ў гісторыі чалавецтва». На думку Чэрчыля, выказаную ім крыху далей, «няма ніякіх прычынаў, акрамя чалавечага глупства й нялюдзкіх злачынстваў, якія не далі б усім краінам без вынятку пакарыстацца надыходам веку дастатку».

Праз 60 гадоў гэтыя словы ня страцілі сваёй актуальнасьці. Глупства й злачынства нагадваюць аб сабе на кожным кроку ў нашым сёньняшнім жыцьці.

Даклад, які прагучаў на трэцім усебеларускім сходзе, некаторыя параўноўваюць з дакладам генэральнага сакратара ЦК КПСС. Пэўнае падабенства заўважыць было няцяжка. Толькі вось пра які зьезд трэба весьці гаворку? Пра дваццаць сёмы, на якім Гарбачоў гаварыў пра паскарэньне навукова-тэхнічнага прагрэсу ды барацьбу за цьвярозы лад жыцьця? (Дарэчы, пачатак цяперашняга зьезду ў Менску супаў зь яшчэ адным юбілеем — 75-годзьдзем Міхаіла Гарбачова, пры якім была зруйнаваная Бэрлінская сьцяна, сымбаль халоднай вайны). Пра дваццаць шосты зьезд, дзе была прынятая Харчовая праграма, чаму спадарожнічала аднаўленьне карткавай сыстэмы разьмеркаваньня харчу ў многіх рэгіёнах Савецкага Саюзу? А можа, дзевятнаццаты — апошні сталінскі зьезд, калі ў залі панавала змрочная ціша, якую толькі зрэдзь перапынялі загадзя сплянаваныя аплядысмэнты?

Так, на ўсебеларускім зьезьдзе не было тых славаслоўяў на адрас першай асобы, якіх заўсёды хапала ў выступах дэлегатаў на ўсіх зьездах кампартыі альбо сходах Вярхоўнага савету ды ўсялякіх іншых сходах і зьездах — прафсаюзаў, пісьменьнікаў, жывёлаводаў, работнікаў санаторна-курортных установаў, настаўнікаў, камсамольцаў і г.д. Але ж атмасфэра ў залі Палацу Рэспублікі, дзе выхаду на трыбуну кіраўніка дзяржавы дзьве з паловай тысячы чалавек чакалі ў мёртвай цішыні, паклаўшы рукі на калені, нагадвала нешта даўно забытае. Тое, што міжволі ўсплывала з падсьвядомых глыбіняў генэтычнай памяці. Памяці аб мільёнах расстраляных і закатаваных, высланых і выключаных — з партыі, з камсамолу, з саюзу пісьменьнікаў, з жыльлёвага каапэратыву, выкрэсьленых з жыцьця з кляймом «ворагаў народу» ці «антыграмадзкіх элемэнтаў». І каго могуць падмануць словы першай асобы аб тым, што яму непрыемна было чуць, калі пахвалы на ягоны адрас у выступах дэлегатаў гучалі болей за адзін раз? Ні ў водным з выступаў крытыка ці хоць бы намёк на крытыку першай асобы не прагучалі аніводнага разу. Адзіны чалавек, які мерыўся выступіць з крытыкай, быў спынены на далёкіх подступах да Палацу Рэспублікі — яго жорстка зьбілі. І тое, што гэты чалавек застаецца кандыдатам на прэзыдэнта, як і адзіны кандыдат ад апазыцыі, толькі ўзмацняе падабенства апошніх падзеяў з фарсам.

Аўгіевы стайні

Калі кажуць, што гісторыю аднойчы перажываюць як трагедыю, а другім разам — у выглядзе фарсу, забываюць, што фарс таксама можа быць трагічны. І тое, што людзей на пачатку ХХІ стагодзьдзя ў эўрапейскай краіне не расстрэльваюць без суду й сьледзтва ў Курапатах, не арыштоўваюць сотнямі й тысячамі, не высылаюць у Сібір, — вельмі слабое суцяшэньне для нашых сучасьнікаў. Для тых, чый лёс сёньня растаптаны ўладай, каго зьневажаюць і цкуюць з высокіх трыбунаў, на тэлеэкранах і старонках урадавых газэтаў, каго пазбаўляюць працы й надзеі на будучыню, чыю свабоду абмяжоўваюць у пераносным і самым простым, фізычным сэнсе. І ўсё гэта толькі за тое, што ніхто з гэтых людзей ня хоча сказаць ўхвальнага слова на адрас вышэйшага кіраўніка. «Ну, хоць бы аднаго разу, аднойчы сказалі б», — настойліва падказваюць упартым апанэнтам улады. Але ж цнатлівасьць таксама губляюць аднойчы.

Публічна абяцаць апазыцыянэрам аддаць іхных дзяцей у салдаты — да такога не дадумаўся б, напэўна, нават расейскі самаўладца ў ХІХ стагодзьдзі.

Таксама немагчыма ўявіць, каб у дакладзе першага сакратара ЦК КПБ, напрыклад, Скарына быў «прыпісаны» да Піцера, каб дагадзіць расейскім таварышам.

Праўда, у Расеі даўно ўзьнікла традыцыя называць дзікунства й цемрашальства «асобым шляхам разьвіцьця цывілізацыі», рабства ды лісьлівасьць — «высокай духоўнасьцю й саборнасьцю».

Брутальнае хамства й бессаромная мана апошнім часам становяцца стылем жыцьця ва ўсіх яе праявах і ў Беларусі. У рэптыльнай прэсе яны зрабіліся сынонімам сьмеласьці й сумленьня. Калі вышэйшая асоба называе дэмакратычныя краіны Захаду «дерьмократическими», дык якімі ж словамі й стылем застаецца карыстацца прапагандыстам на тэлебачаньні, на радыё, у газэтах? Лёзунгі кшталту «Разьбіць сабачыя галовы!» і «Сьмерць здраднікам Радзімы!», здаецца, ужо лунаюць у паветры. «Пачакайце, пасьля выбараў мы ім пакажам!» — супакойвае тых, хто прагне крыві, кіраўнік дзяржавы. Сёньня яшчэ не прысьпеў час. Сёньня, пакуль у краі-не застаюцца заходнія назіральнікі, трэба працягваць камэдыю пад назвай «выбары».

Потым над краінай апусьціцца заслона — хай не жалезная, як 60 гадоў таму, а сатканая з анучаў, набрынялых нашым уласным страхам і пахам застарэлых нечыстотаў.

Цывілізаваны Захад у адказ, хутчэй за ўсё, толькі мацней зацісьне нос ды будзе старанна адводзіць вочы ад «апошняй дыктатуры ў Эўропе». І працягваць перамовы з хаўрусьнікам Лукашэнкі Пуціным — так бы мовіць, з прагматычных меркаваньняў. Гісторыя хутка забываецца — асабліва ў краінах, якія дасягнулі высокага ўзроўню жыцьця за апошнія дзесяцігодзьдзі.

Таму фултанаўскую прамову Чэрчыля варта помніць сёньня і на Захадзе, і ў Беларусі, грамадзянам якой рана ці позна давядзецца вычысьціць свае аўгіевы стайні. Чым раней, тым лепей. Інакш давядзецца чакаць завяршэньня наступнага 60-гадовага цыклю.


Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)