«Канечне, непрыемна». Мелказёрава раскрытыкавалі за абяцанне выпусціць відэа па-беларуску за падпіску
Ютуб-блогер Мікіта Мелказёраў аб’явіў чэлендж — калі на яго інстаграм падпішуцца 30 тысяч чалавек, ён запіша выпуск па-беларуску. Многія абурыліся, што для кантэнту на роднай мове выстаўляюцца ўмовы, піша Наша Ніва.
Мікіта — аўтар канала «Жизнь-малина». Ягоныя інтэрв’ю з вядомымі беларусам збіраюць сотні тысяч праглядаў. Гутаркі выходзяць па-руску, у нядаўнім выпуску вядучы прапанаваў: калі на яго інстаграм падпішуцца 30 тысяч чалавек, ён гатовы запісаць наступнае інтэрв'ю па-беларуску.
Павел Белавус падтрымаў ідэю і на сваёй старонцы ў Фэйсбуку заклікаў падтрымаць Мікіту. Але не ўсе ўхвалілі ідэю. «Што замінае без гэтага зрабіць відэа па-беларуску?» — пытаюць людзі.
Блогерка Ганна Бонд абурылася, што такім чынам журналіст спрабуе хайпануць, каб пасля прадаваць рэкламу ў акаўнце, з аўдыторыяй у 30 тысяч зарабіць можна больш.
«Персанаж прымушае нас упрошваць яго прыспусціцца з вышыняў да ўзроўню беларускай мовы. Брыдота. Хай сабе працягвае на сваёй вялікадзяржаўнай. А я лепш на ёй Дудзя пагляджу», — адрэагаваў журналіст Алесь Пілецкі.
Заступіўся за блогера галоўны рэдактар «Трыбуны» Алег Гаруновіч, дзе ў свой час працаваў журналістам Мелказёраў.
«Асабліва абураюцца тыя, хто даўно размаўляе па-беларуску. Логіку іх эмоцый увогуле не магу спасцігнуць.
Чалавек робіць якасны праект. У праекта вельмі прыстойная па колькасці аўдыторыя. І калі гэтую аўдыторыю хаця б раз «апыліць» беларускай мовай, гэта будзе проста цудоўна (або ёсць іншыя меркаванні?). Тым больш не факт, што толькі раз.
Ну і смешна казаць пра хайп на беларушчыне. Калі даеш пост на мове — гэта амаль гарантаванае зніжэнне праглядаў адсоткаў так на 60. Мудрагелісты такі хайп».
«Наша Ніва» спытала самога Мікіту, ці быў ён гатовы да такой рэакцыі.
«Калі ў цябе расце публіка, натуральна, што з ёй расце і колькасць хэйту. Плюс трэба разумець, што мы ўсе, незалежна ад статусу, у якім знаходзімся, (эмігранты, тыя, хто сядзеў, пацярпелыя ад рэжыму ці не) траўмаваныя (Мелказёраў з'ехаў за мяжу — НН). У кожнага свой боль, які дэтануе ў залежнасці ад сітуацыі.
У гэтым халівары абсалютна розныя прэтэнзіі. І што Саша Івулін сядзіць, а я клянчу падпіску, і тое, што я быццам спускаюся на ўзровень беларускай мовы. З такім аб’ёмам хэйту я сутыкнуўся ўпершыню. Было крыху дзіўна.
Калі ты нічога не робіш з беларускай мовай, то цябе не чапаюць. Як толькі заходзіш на гэту тэрыторыю — з’яўляюцца адэпты, якія жорстка хэйцяць ці спрабуюць тэсціраваць неафітаў, якім у дадзеным моманце аказаўся я.
Такім досведам прыкольна валодаць, але не заўсёды прыкольна знаходзіцца ў стадыі яго назапашвання. Безумоўна, гэта зробіць мяне мацнейшым, пойдзе на карысць, і ў плане прасоўвання канала нам так ці інакш патрэбна агалоска і важна, што мы выклікаем рэакцыі.
Мне, канечне, непрыемна. І калі я кагосьці пакрыўдзіў, то прашу прабачэння, але агулам выказваю ўсім падзяку за неабыякавасць. Спекуляваць на матчынай мове мы ніякім чынам не хацелі».
Блогер тлумачыць: складанасці пераходу на беларускую мову для яго, перш за ўсё, у эмацыйным блоку. І спадзяецца, што іншым ахвотным гэты шлях будзе прайсці лягчэй.
«Сорамна памыляцца, быць не вельмі ўпэўненым. І ў кадры будзе няёмка губляць некаторы час на тупняк і падбор беларускіх слоў. Гэта асабіста для мяне выклік».
Хапае і тых, хто падтрымаў Мікіту. Да жаданай лічбы яму зараз не хапае 700 падпісантаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное