Политика

Кандыдатцы вынеслі папярэджанне за плакат «Далоў дыктатуру страху!»

Камісія ўбачыла парушэнні выбарчага заканадаўства падчас правядзення агітацыйнага пікета 29-га кастрычніка.

Гэта быў супольны пікет кандыдаткі ў дэпутаты па Наваполацкай акрузе №24 Вольгі Дамаскінай і прадстаўнікоў партыі Народнай Грамады. За пікетоўцамі пільна назірала міліцыя, і менавіта міліцыянты звярнуліся ў акруговую камісію. Папярэджанне Вользе Дамаскінай абвясцілі нібыта за парушэнне артыкула №47 Выбарчага кодэксу, паведамляе Радыё Рацыя.

– У артыкуле №47, я зачытала ім уголас, забараняецца прапаганда вайны, заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу… Камісіі не спадабаўся выраз на плакаціку «Далоў дыктатуру страху!» Дык што, і камісія, значыцца, згодная з тым, што ў нас ёсць гэтая дыктатура страху? – кажа кандыдатка.

Папярэджанне Вольга Дамаскіна атрымала ўвечары 5-га лістапада, амаль праз тыдзень пасля пікету з плакатам. Жанчына мяркуе, што так доўга шукалі падставаў для спагнання невыпадкова: насцярожанасць з боку ўладаў мог выклікаць якраз не гэты, а самы апошні агітацыйны пікет, які прайшоў 3-га лістапада з удзелам мінскіх прадстаўнікоў Руху «За Свабоду».

Агітацыя з музычным суправаджэннем і выступамі актывістаў выклікала вялікую цікаўнасць мінакоў. Людзі не хавалі сваіх палітычных сімпатый, абяцаючы прагаласаваць «за апазіцыю», і гэта магло падацца небяспечным, лічыць Вольга Дамаскіна.