Кандрусевіч вярнуўся: «Ва ўзросце амаль што 75 гадоў я нечакана для сябе апынуўся ў складанай сітуацыі»
Першыя словы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на радзіме.
Архіўнае фота Віталія Палінеўскага, Catholic.by
— Ва ўзросце амаль што 75 гадоў я нечакана для сябе апынуўся ў складанай сітуацыі, якую ўспрымаю як чарговы досвед Божага Провіду і як свой жыццёвы крыж, — цытуе Тадэвуша Кандрусевіча партал Catholic.by.
Аднак свет не без добрых людзей, падкрэсліў арцыбіскуп і выказаў падзяку ўсім, хто яго падтрымліваў і «маліўся аб хутчэйшым вяртанні ў гэты нялёгкі час выпрабаванняў» — «знаёмых і незнаёмых, веруючых і няверуючых, проста людзей добрай волі».
Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў Папе Францішку і Дзяржсакратарыяту Святога Пасаду:
— Папа і яго бліжэйшыя супрацоўнікі кардынал П’етро Паралін, арцыбіскупы Пол Рычард Галахер і Антоніо Меніні, а таксама апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і Спецыяльны Пасланнік Пантыфіка арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прыклалі шмат намаганняў для станоўчага вырашэння праблемы майго вяртання ў Беларусь з Польшчы.
Словы падзякі прагучалі ў адрас біскупаў Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага, а таксама святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў за іх намаганні і малітвы.
Кандрусевіч падзякаваў прадстаўнікоў польскага Касцёлу, якія далі яму прытулак на час выгнання.
Асобна арцыбіскуп выказаўся пра ролю дзяржавы ў ягоным вяртанні:
— З удзячнасцю прымаю рашэнне дзяржаўных уладаў, якое дазволіла вярнуцца на радзіму і займацца духоўным кіраўніцтвам даручанымі маёй пастырскай апецы вернікамі.
Нагадаем, што пра вяртанне Тадэвуша Кандрусевіча на радзіму стала вядома 22 снежня, пра гэта паведаміў апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч.
24 снежня арцыбіскуп прыме ўдзел у святочнай імшы ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску. На наступны дзень, 25 снежня, ва ўрачыстасць Раства Хрыстовага, Мітрапаліт будзе служыць святыя Імшы ў Чырвоным касцёле а 11.00 і 13.00.
Читайте еще
Избранное