Коктейль
Анастасія Зелянкова, фота аўтара i Юлi Ружэчка

Канцэрт "Крамбамбулі": Пацалункі, здзекі і глыбокія дэкальтэ

Дзень усіх закаханых “Крамбамбуля” адчыніла святочным канцэртам у West World Club. Як Лявон Вольскі актыўна мяняў партнёрш, хто з ягоных жанчын учыніў на сцэне стрыптыз і як ўдзельнікі выконвалі праграму дзетанараджэння — у рэпартажы “Салідарнасці”.

Жадаючым пабрацца шлюбам — няхай толькі і на адзін вечар — выдавалі шлюбныя пасведчанні ў святочным ЗАГСе “Крамбамбулі”, размешчаным непадалёк ад сцэны.

Шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан таксама зацікавіўся гэтай установай -- прынамсi, ягонай супрацоўніцай.

У ролі выконваючага абавязкі святога Валянціна ў гэты вечар выступаў шоу-мэн, акцёр і бард Віктар Шалкевіч. Ён, як мог, здзекваўся з прысутных і актыўна заклікаў кахаць адзін аднаго, “нягледзячы на ўзрост, пол і сэксуальную прыналежнасць”.

— Хлопцы, падкіньце мне гэтую дзяўчыну, — указваў Шалкевіч пальцам на чарговую ахвяру і натоўп ахвотна падсаджваў на высокую сцэну няшчасную, якая павінна была прылюдна прызнацца некаму ў каханні.

— Я вельмі кахаю свой народ! — заявіў хлопец, якого таксама вымусілі падняцца на сцэну. — Я кахаю сваю Радзіму. Кахаю свой родны універсітэт! Кахаю ўсіх беларускіх дзяўчат.

— Юноша! А не много вы на себя берете? — не вытрымаў Шалкевіч, відаць, адчуўшы канкурэнта.

Некаторыя самастойна выходзілі на сцэну.

— А я лічу, што кахаць універсітэт немагчыма, — з веданнем справы заявіў наступны выступоўца. — Вось я люблю гэты край, таму што тут нарадзілася мая жонка. Я люблю гэты горад, таму што тут жыве мая жонка. Я кахаю жонку! — голасна скончыў хлопец і пайшоў ажыццяўляць сказанае.

— Будзем цалавацца! — нарэшце заявіў Шалкевіч.

Тут ужо прымушаць нікога не прыйшлося.

— Хопіць! Хопіць! Расслабцеся! Пастаўце ногі на шырыне плеч. До-ста-то-чно! — не мог ніяк супыніць працэс вядучы.

Між тым музыканты ўсё не выходзілі. Тады Шалкевіч прыдумаў чарговае катаванне.

— Будзем чытаць беларускія вершы пра каханне! — абвясціў ён.

З беларускай інтымнай лірыкай ў прысутных выявіліся яўныя цяжкасці. Верш “Слуцкія ткачыхі” Багдановіча і “Камсамольскі білет” Куляшова пра тое, як “стойка трымаўся юнак на дапросе”, да кахання мелі вельмі апасрэдаваныя адносіны.

— Тады спяваем! — усё цягнуў час вядучы.

Калі зал ўжо дружна дапяваў “Тры чарапахі” на сцэну нарэшце выйшлі музыканты.

У гэты вечар Лявон Вольскі мяняў партнёрш, як пальчаткі. Праз яго рукі толькі за адзін канцэрт прайшлі Маша з гурта “Яр”, Руся з “Індыгі”, Ганна Хітрык (“Дзеці дзяцей”), Вольга Самусік (“Тарпач”), актрыса Святлана Зелянкоўская і нават артыстка Белдзяржфілармоніі Ніна Цішко.

Усе жанчыны радавалі правакацыйнымі ўборамі і глыбокімі дэкальтэ. Святлана Зелянкоўская ў бліскучай сукенцы таксама бліскуча праспявала “Старыя хіпаны”.

Сур’ёзная песня не перашкодзіла Вольскаму некалькі разоў зазірнуць за дэкальтэ Русі.

А Вольга Самусік не толькі прымусіла сваімі шортамі нярвова палiць Паліну Смолаву, але яшчэ і здолела ўчыніць на сцэне стрыптыз. У нейкі момант яе і так не вельмі закрытая суколка спаўзла ўніз, і гледачы некаторы час маглі свабодна любавацца прывабнасцямі спявачкі.

Тым не менш “сваіх” жанчын Вольскаму падалося мала і ён крочыў у залю, каб патанцаваць з чужымі.

Пакуль музыканты пераапраналіся Шалкевіч зноў учыніў расправу над гледачамі. Не абышлося без казусаў.

— Цалуйцеся нармальна, — настойваў бард на пацалунку чарговай пары, якая выйшла пачытаць вершы.

Маладыя людзі неяк мяліся. Нарэшце дзяўчына штосьці шапнула на вуха вядучаму.

— Што ж вы раней не сказалі, што брат і сястра? — выдыхнуў Шалкевіч.

Некаторых прымушаць цалавацца не прыходзілася.

— Вось з чаго трэба пачынаць рэалізацыю дзяржаўнай праграмы па дзетанараджэннi, — не супакойваўся вядучы і час ад часу ўносіў свой пасільны ўклад лёгкімі пацалункамі жаночай палавіны прысутных пар.

Другая частка канцэрта таксама прайшла на ура. Ганна Хітрык у касцюме гарачай іспанкі затанцавала Вольскага да ўпаду.

А мецо-сапрана Ніны Цішко гледачы захацелі паслухаць яшчэ раз.

На заканчэнне лепшую пару закаханых, якім дасталася шлюбнае пасведчанне з нумарам выйгрышнага білета, ўзнагародзілі паходам у адзін з мінскіх рэстаранаў.

Музыкантаў жа яшчэ доўга не адпускалі са сцэны.

Пад неверагодныя крыкі публікі яны вымушаныя былі вярнуцца і зноў праспяваць некалькі песень.

Таксама па гэтай тэме:

Вольскi i яго жанчыны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)