Канаплёва можа замяніць Папоў

Вадзім Папоў, які цяпер ачольвае камісію Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах і сувязях з СНД, можа зноў стаць сьпікерам. Пра такую магчымасьць на ўмовах ананімнасьці паведаміў адзін з дзейных дэпутатаў Палаты.

Паводле ягоных словаў, у Палаце прайшла сустрэча старэйшых (не па ўзросту, а па часу працы) дэпутатаў. Яны выказаліся за тое, каб месца сьпікера заняў Вадзім Папоў, які ачольваў Палату папярэдняга cкліканьня. “Аксакалы” зыходзяць з таго, што цяперашнім дэпутатам засталося працаваць адзін год. І таму няма сэнсу абіраць на кароткі час кіраўніком чалавека, які не мае досьведу працы на гэтай пасадзе.

Разам з тым суразмоўца журналіста згадаў, што дзейнае заканадаўства не забараняе любому з дэпутатаў падчас абраньня сьпікера вылучыць і сваю кандыдатуру. У парлямэнцкіх кулюарах гавораць, што гэтым правам верагодна могуць скарыстацца Сяргей Гайдукевіч і Віктар Кучынскі.

Месца сьпікера ў цяперашнім складзе Палаты пакуль займае Ўладзімер Канаплёў. Але ён, як ужо паведамлялася, падаў заяву аб жаданьні пакінуць пасаду з-за дрэннага стану здароўя.

Чарговая сэсія Палаты пачнецца 2 кастрычніка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)