Выборы-2020

Канадзкі палітоляг: Любы выбарчы вынік Лукашэнкі, большы за 50%, выкліча пратэсты

Дэйвід Марплз ў інтэрв’ю Свабодзе распавёў пра рэальны рэйтынг прэзідэнта і што ён будзе рабіць з Бабарыкам.

Фото Радыё Свабода

Дэйвід Марплз, якому ў мінулым на сем гадоў забаранялі ўезд у Беларусь, здолеў пабываць у Беларусі больш за 25 разоў, і свае ацэнкі краіны і яе долі грунтуе ня толькі на меркаваньнях экспэртаў і палітолягаў, але і на жывых кантактах са звычайнымі беларусамі.

Рэальны рэйтынг Лукашэнкі — каля 24 адсоткаў

— Не далей як месяц таму мы з вамі гаварылі пра прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі. Вы тады сказалі, што зьмены ў краіне не наступяць гэтым разам, у гэтай палітычнай кампаніі. Ці мадыфікавалі неяк вашу думку падзеі ў Беларусі, якія адбыліся пасьля нашай размовы?

— Я ўвесь час лічу, што вынік выбараў будзе такі самы. Па-мойму, цяпер важнейшае пытаньне — ці пройдуць у Беларусі выбары bona fide, то бок такія, у якіх возьме ўдзел апазыцыйны кандыдат. Таму што цяпер адзіны кандыдат, які можа быць сапраўдным апанэнтам Лукашэнкі, — Віктар Бабарыка, — у турме. І ён можа там застацца даўжэй, яго таксама могуць зьняць з прэзыдэнцкай гонкі, не прызнаўшы сапраўднасьці подпісаў ці зь нейкай іншай прычыны.

Але я маю адчуваньне, што Лукашэнку ўсё ж важна, каб у Беларусі прайшлі выбары, якія хоць у нечым нагадвалі б сапраўдныя выбары для эўрапейцаў. Таму цяпер, думаю, ён вагаецца і разважае, ці дазволіць Бабарыку ўзяць удзел у выбарах і такім чынам мець хоць падабенства сапраўднай канкурэнцыі.

Сытуацыя даволі складаная. Думаю, што рэальны рэйтынг падтрымкі Лукашэнкі ў грамадзтве — недзе каля 24 адсоткаў. Ну, не 3%, пра якія гавораць цяпер некаторыя, а 24 адсоткі — то бок такая падтрымка, якая была ў апазыцыі ў той час, калі яшчэ магчыма было праводзіць сапраўды незалежныя апытаньні грамадзкай думкі. Гэта замала, каб Лукашэнка мог перамагчы на свабодных і сумленных выбарах.

Насамрэч любы выбарчы вынік Лукашэнкі, большы за 50%, будзе выглядаць карыкатурна і выкліча пратэсты. Я не ўяўляю, што можа быць іначай, таму што людзі моцна раззлаваныя. І ўжо цяпер відавочна для ўсіх назіральнікаў, што Лукашэнка груба парушае выбарчыя правілы і дэмакратычныя працэдуры.

Я думаю, што Лукашэнка ўсё ж хоча трымаць адкрытымі шляхі ў Эўропу, а таксама ў ЗША, зь якімі ён нядаўна аднавіў стасункі, і доказам гэтаму быў візыт Майка Пампэо ў Менск. Ні Эўропа, ні ЗША ня будуць глядзець прыхільным вокам на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі — усе гэтыя арышты людзей, затрыманьні журналістаў, разгон пікетаў і дэманстрацый.

То бок я адчуваю, што ён пойдзе на нейкія саступкі — магчыма, вызваліць Віктара Бабарыку, магчыма, ягонага сына, магчыма, спыніць перасьлед і дазволіць, каб у гэтых выбарах удзельнічалі тры ці чатыры кандыдаты, а сярод іх — адзін сур’ёзны апанэнт.

Бабарыка — іншая справа, чым Ціханоўскія

— Дапусьцім, што зарэгіструюць і Сьвятлану Ціханоўскую, і Віктара Бабарыку. Ці думаеце вы, што яны могуць стаць сур’ёзнай пагрозай для пераабраньня Лукашэнкі?

— Пры ўсёй маёй пашане да Сьвятланы Ціханоўскай я не лічу яе сапраўднай пагрозай для Лукашэнкі. Бо насамрэч яна стала «заменьнікам». Думаю, што і яна, і яе муж у сапраўднасьці ня мелі намеру ўспрымаць гэтыя выбары ўсур’ёз. Яна на гэтых выбарах выступае хутчэй як сымбаль — сымбаль сацыяльных мэдыя або, калі хочаце, грамадзянскай супольнасьці.

Бабарыка — іншая справа. Ён па-свойму вельмі супярэчлівая асоба. Людзі цяпер бачаць у ім апазыцыянэра. Але ён быў кіраўніком банку «Газпрому» ў Беларусі, супрацоўнічаў блізка з расейскімі чыноўнікамі, яго добра ведаюць у Расеі. Ён вельмі багаты чалавек, чалавек з эліты.

Цяжка гадаць, чым усё гэта скончыцца, але я ўпэўнены, што Бабарыка — значна больш сур’ёзная праблема, чым традыцыйныя апазыцыйныя фігуры, зь якімі Лукашэнка мог справіцца і ня раз даказаў, што справіўся. Таму я мяркую, што Лукашэнка пакуль ня ведае, што з Бабарыкам рабіць.

Выглядае так, як бы Лукашэнка спалохаўся. Таму імаверна, што ён можа зрэагаваць на магчымыя абвінавачаньні ў баязьлівасьці — што ён баіцца выступаць на выбарах супраць Бабарыкі — і выпусьціць Бабарыку за некалькі дзён да галасаваньня, калі той ужо ня здолее правесьці перадвыбарчую кампанію. Гэта магчыма.

Але я ўпэўнены, што Лукашэнка забясьпечыць сабе большасьць галасоў у першым туры. Ён ніколі не дазволіць ніякага другога туру — гэта значыла б для яго і прызнаць паразу, і дапусьціць нешта занадта непрадказальнае.

Лукашэнка, зразумела, мог бы пайсьці ў адстаўку. Я чытаў некалькі артыкулаў, аўтары якіх пераконвалі, што гэта найлепшы крок для яго. Але я ня думаю, што гэта ягоная опцыя. Ён занадта баіцца, што новы прэзыдэнт мог бы арыштаваць яго і ён апынуўся б пад судом і ў турме за зьнікненьні людзей.

Карацей, гэта сапраўды цікавая сытуацыя, і я не магу сказаць, у які бок яна пойдзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(64)