Лица

«Камяніца» абяцае прэм’еры ад Kriwi, «Стары Ольса» і «Джамбібум»

У субботу, 12 верасня, сярод маляўнічых краявідаў Музею народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам упершыню адбудзецца фолк-фэст «Камяніца» — на ім пад адкрытым небам выступяць беларускія фолк-гурты розных напрамкаў. Грошы за ўваход ідуць на рахункі музею.

«Камяніца» абяцае прэм’еры ад Kriwi, «Стары Ольса» і «Джамбібум»

На фэсце мае адбыцца шэраг прэм’ер. Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» працягне лінію сёлетнега танцавальнага альбому «Дрыгула» і ў дадатак да яго зайграе яшчэ некалькі новых кампазіцый з «Полацкага сшытку». Пост-фолк-гурт «Джамбібум» будзе граць лёгкі акустычны сэт, у межах якога ў новых версіях прагучаць песні з мінулагодняга дыска «Жавароначкі» («Прыз замежных экспертаў» на ўзнагародах «Experty.by» па выніках 2008 году), а таксама некалькі новых кампазіцый.

Але найбольш «прэм’ерным» будзе выступ гурта Kriwi — калектыў на чале з Веранікай Кругловай вяртаецца на радзіму з новым гучаннем. «Гэта першы наш выступ у Беларусі за некалькі год і пачатак вяртання на постсавецкую музычную прастору, — распавядае Вераніка. — Зараз мы гучым больш яскрава, больш пазітыўна, больш экстравертна. Граем джаз-этна, клаб-этна, нью-фолк. Выканаем новыя песні, але і на старыя хіты не забудземся».

Сярод удзельнікаў фэсту таксама гурты «Нагуаль» (жывы фолк-транс), «Гаротніца» (балкан/клезмер/ска), «Кейлі-кёл» (ірландская музыка).

Кошт квіткоў на мерапрыемства — 6300 руб. для дарослых, 3150 руб. для школьнікаў. Наведнікі будуць мець магчымасць не толькі паслухаць музыку, але і паглядзець усю экспазіцыю (аўтэнтычная драўляная архітэктура 18-20 стагоддзяў з розных куткоў Беларусі) — уваход адчыняецца ў 10 гадзін раніцы. Фэст працягнецца з 15 да 21 гадзіны. Даведка: (029) 670 13 30, (017) 507 69 37.

Папярэдняя рэгістрацыя, дадатковая інфармацыя і відэа ўдзельнікаў на сайце //fest.kamyanitsa.by.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)