Политика
Сяргей Навумчык, ”Радыё Свабода”

«Камунізм параўнальны з нацызмам»

Пра гэта на канфэрэнцыі “Ўплыў камунізму на эўрапейскую сьвядомасьць” заявіў былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. Разам зь ім удзел у канфэрэнцыі бяруць Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк.

Канфэрэнцыя арганізаваная камісіяй Сэнату Чэскай рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і правах чалавека з удзелам палітыкаў і навукоўцаў Польшчы, Расеі, Нямеччыны, Літвы, Эстоніі, ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Швэцыі і іншых краінаў. Мэта канфэрэнцыі — клясыфікаваць злачынствы камуністычных рэжымаў, прааналізаваць уплыў камуністычнай ідэалёгіі на сучаснасьць і выпрацаваць рэкамэндацыі для Эўрапейскай камісіі і нацыянальных урадаў.

«Камуністычная ідэалёгія за дзесяцігодзьдзі існаваньня ў былых сацыялістычных краінах пранікла ва ўсе сфэры жыцьця, і пазбавіцца ад камуністычнай спадчыны — нялёгкая справа», адзначыў ва ўступным слове былы дысыдэнт і прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. Ён параўнаў камунізм з нацызмам.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і прадстаўнік Яно Сьветласьці Далай-Ламы Цэтэн Самдуп Чок’япа.На канфэрэнцыі ў якасьці сьведкаў злачынстваў камуністычных рэжымаў выступілі былыя палітвязьні. А распачала дыскусію старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

«Я лічу канфэрэнцыю надзвычай цікавай і карыснай, паколькі ёсьць намер стварыць сталую ўстанову, якая будзе вывучаць злачынствы камунізму. У сваім выступе я гаварыла пра два аспэкты камунізму, якія асабліва важныя ў дачыненьні да Беларусі. Першы — злачынствы супраць чалавецтва: калектывізацыя, расстрэлы, усё тое, што рабілася супраць нашых людзей, супраць беларусаў. Другі аспэкт — тое, што камунізм як прылада ў руках Крамля рабіў супраць беларускай нацыі. Гэта вынішчэньне нацыі. Першым такім злачынствам было зьнішчэньне Беларускай народнай рэспублікі. Такім злачынствам можна лічыць расстрэлы нашай інтэлігенцыі, злачынствы супраць мовы, школьніцтва».

Зянон Пазьняк у сваім выступе распавёў пра Курапаты і адзначыў, што "Савецкі Саюз разваліўся без вайны, і не існавала адпаведнай рэальнай палітычнай сілы, здольнай ажыцьцявіць суд, як некалі над разьбітым гітлераўскім Рэйхам. Аднак, істотнае ў іншым. Пасьля распаду СССР ўлада на былых абшарах засталася ў руках камуністычнай наменклятуры. Потым неўзабаве ў Беларусі і ў самой Расеі да ўлады прыйшоў КДБ. У выніку, на Беларусі (пры дапамозе Масквы) створаны дыктатарскі аўтарытарны і прамаскоўскі рэжым, які праводзіць антыдэмакратычную палітыку этнацыду і вынішчае ўсё беларускае, а ў Расеі ўтварылася тыповая карпаратыўная дыктатура, дзе абсалютная ўлада і абсалютны кантроль над дзяржавай належаць КДБ».

«...Ставіць пытаньне аб адказнасьці неабходна, — сказаў Пазьняк, — і не павінна сьцерціся памяць пра генацыд. Краіны і народы, што пацярпелі ад камунізму, маюць маральнае права паставіць камуністычную дзейнасьць па-за законам. Паклёп на Курапаты, як месца генацыду і страты жыцьцяў тысяч людзей павінен быць караны законам. Так і будзе ў вольнай і дэмакратычнай Беларусі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)