Общество
Наста Ігнатовіч, Еўрарадыё

Камунальшчыкі могуць адключыць святло, нават калі вы спраўна за яго плаціце

На днях гэта адчулі на сабе жыхары 2-пакаёвай кватэры, што месціцца па Партызанскім праспекце. Ім адключылі электрычнасць, нягледзячы на тое, што запазычанасці ў гаспадароў не было. Як высветлілася, так электрыкі зарабляюць сабе на жыццё.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, у чым справа і ці меў ЖЭС на гэта права.

Дырэктар ЖЭС №86 Мінску Святаслаў Дзінісік кажа, нібы справа ў тым, што адключыць электраэнергію — тэхнічна прасцей за ўсё. Але пасля дадае, што гэта не зусім законна:

“Калі ён аплочвае электраэнергію… як бы вам сказаць, гэта не тое, што незаконна, але мы не маем права адключыць электраэнергію.

Адключыць электраэнергію — гэта прасцей за ўсё робіцца”.

Супрацоўніца ЖЭС №100 сталіцы адключэнне электрычнасці называе апошняй магчымасцю дагрукацца да сумлення жыхароў:

“Гэта як мера барацьбы, таму што ўсе магчымасці мы ўжо вычарпалі. Ужо не ведаем, што рабіць з імі. Не хочуць людзі плаціць”.

А яе калега з ЖЭС №2, да якога і адносіцца вышэйзгаданая кватэра па Партызанскім праспекце, кажа: магчыма, справа ў тым, што электрыкам плацяць за колькасць адключаных кватэраў. Таму яны ходзяць і адключаюць “усіх без разбору”, каб зарабіць больш грошай:

“Разумееце, у нас жа няма акладаў... Электрык зарабляе, так бы мовіць, сваімі нагамі. Колькі кватэраў адключыў, за столькі і атрымаў грошы”.

Каб у кватэры зноў з’явілася святло, гаспадар павінен заплаціць 6 тысяч за падключэнне. 6 тысяч з адной кватэры — гэта і ёсць заробак электрыка.

Па словах камунальшчыкаў, сума запазычанасці неістотная — яна можа быць і невялікай. Калі гаспадар не плаціць за паслугі месяц ці больш, яму маюць права адключаць камунальныя паслугі (згодна з пастановай Саўміна №1466).

Святаслаў Дзінісік: “Калі жылец не аплочвае, яго павінны папярэдзіць. Гэта значыць, калі ў яго ёсць запазычанасць за месяц ці больш. Абавязкова ўладальніка кватэры папярэджваюць, і калі на працягу 3-х дзён ён не заплаціць, ёсць загад Міністэрства ЖКГ, па якім мы можам адключаць камунальныя паслугі — ваду, каналізацыю, электраэнергію таксама адключаем”.

Дырэктар ЖЭСу скардзіцца на заканадаўства і дадае, што нельга адключаць электрычнасць, калі ў сям’і ёсць дзеці да 18 год... Як у такім разе змагацца з неплацельшчыкамі?

“Калі ў сям’і ёсць непаўналетнія дзеці, то мы не маем права адключаць. Калі кватэра падзелена на некалькі асабовых рахункаў, і адзін з жыхароў плаціць спраўна, а другі гадамі не аплочвае, то практычна нічога не зробіш. У гэтым сэнсе ў заканадаўстве ёсць недапрацоўкі”.

У 113-м ЖЭСе сталіцы выйсце бачаць у тым, каб адключаць гарачую ваду:

“Калі ёсць дзеці, то адключаем гарачую ваду”.

Супрацоўніца ЖЭС №100 кажа, што канкрэтна нідзе не напісана, што маюць права адключаць камунальшчыкі:

“Нідзе не напісана, што канкрэтна мы можам адключыць. У той жа пастанове 1466 проста напісана, што мы маем права прыпыніць прадастаўленне камунальных паслуг”.

І тут жа дадае, што электраэнергія ў камунальныя паслугі не ўваходзіць. Але “мы і не адключаем электраэнергію, мы спыняем тэхнічнае абслугоўванне электрашчытка”, працягвае яна.

Вось тут і ёсць лазейка для камунальшчыкаў. Яны маюць права спыняць тыя паслугі, за якія людзі не плацяць. З гэтага пункту гледжання ЖЭС не меў права адключать святло. Але спыніць абслугоўванне электрашчыткоў могуць, бо яно ўваходзіць у графу “тэхнічнае абслугоўванне” камунальных паслуг. Для гаспадара ж вынік адзін — адсутнасць святла і расталая лядоўня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)