Камунальныя плацяжы вырасьлі больш, чым абяцаў Лукашэнка

Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі пацьвердзіла, што тарыфы на платныя паслугі насельніцтву ў студзені зноў павялічыліся. І, калі аналізаваць лічбы, значна больш, чым было абяцана ўрадам і кіраўніком Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка публічна абяцаў, што рост камунальных плацяжоў цягам 2007 году не перавысіць 5 даляраў. Але ужо ў першы месяц году гэты паказчык перавыкананы.

Тыдзень таму беларусы атрымалі так званыя жыроўкі за студзень. У параўнаньні з папярэднім месяцам сумы павялічылася не менш чым на 10 даляраў.

Былы кіраўнік гарадзкога ўпраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, эканаміст Іван Анташкевіч адзначыў: «У мяне розьніца па квартплаце 27 тысяч. Гэта ужо больш за 10 даляраў. Ясная справа, што улады ня выканаюць абяцанку — з улікам агульнага фінансавага становішча ў краіне, якое пагоршылася на 5 мільярдаў даляраў ў параўнаньні з 2006 годам. Гэта прыкладна 40 адсоткаў бюджэту краіны. А тое, што адбываецца зараз з паслугамі ЖКГ, то за месяц яны падаражэлі больш, чым было абяцана за год».

У сярэднім рост жыльлёва-камунальных паслугаў у студзені ў параўнаньні са сьнежнем склаў 12 адсоткаў. Электраэнэргія падаражэла на 20%, газ — на 20, тарыфы на ацяпленьне павялічыліся на 14 з паловай адсоткаў.

Сітуацыю ацэньвае эканаміст Леаніда Злотнікаў: «Але ж, я мяркую, гэта не апошняе падаражаньне ў гэтым годзе. Калі кіраўнік дзяржавы казаў пра падвышэньне на 5 даляраў у год, а ў студзені ужо павялічылі на 5—6 даляраў, то гэта азначае, што ўвесь ліміт выбралі. Ужо ў гэтым годзе нельга павышаць тарыфы. Усё, увесь ліміт гадавы выбраны. І кожны месяц мы будзем плаціць, як у студзені".

На пытанне, ці верыце вы ў тое, што другога падвышэньня ня будзе?, Леанід Злотнікаў адказаў: "А вось гэтаму я ня веру. Жыцьцё сёлета будзе цяжкае, і для ўраду, і для бюджэту".

Не выказаў аптымізму і эканаміст Іван Анташкевіч: "Я прагназую да лета супэркатастрафічную сітуацыю. Краіна можа дайсьці да таго, што летам пачнуцца агульнафінансавыя збоі, калі парушыцца наагул фінансавае становішча ў сфэры банкаў, могуць адбыцца парушэньні грашова-крэдытных адносін, і тады мы пойдзем да магчымага дэфолту".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)