Каму служыць (мінаючы Аляксандра Рыгоравіча) міністар Шуневіч?

Можа, каму дзіўна, але ад маіх асабістых непасрэдных дачыненьняў зь беларускай міліцыяй засталіся ўражаньні больш станоўчыя, чым адмоўныя. Пiша Алесь Краўцэвіч на Радыё Свабода.

Вось, кажуць, нашая горадзенская ДАІ самая суворая ў краіне, але калі некалькі разоў пападаўся, то каралі справядліва, хабару не вымагалі і абыходзіліся бездакорна ветліва. Калі нейкая сволач з ідэалёгіі накатала паклёп на мяне з калегамі, маўляў, працуюць на замежнае масмэдыя, то міліцыя разабралася і прыслала паперку з фармулёўкай «факта правонарушения не обнаружено».

Але гэта ўсё пэрсанальныя асабістыя справы, бо ў беларускай міліцыі працуе шмат нармальных прыстойных людзей, якія, як і мы, мякка кажучы, не ўхваляюць Лукашэнку. Іншая справа — паліцыйная сыстэма, наскрозь нечалавечая, несумленная і фальшывая. Ужо пачынаючы з назвы, бо міліцыя ў Беларусі — дзяржаўная структура, г. зн. зьяўляецца паліцыяй, у той час як міліцыя — структура грамадзкая. І назва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі фальшывая, бо ў Беларусі гэта клясычная тайная паліцыя, якая пільнуе бясьпеку не дзяржавы, а рэжыму.

Вось вазьміце ідэалёгію галоўнага міліцэйскага начальства ў асобе міністра Шуневіча і яго вышэйшых куратараў (пэўна, гэта Віктар Аляксандравіч Лукашэнка). Тое, што міністар публічна зьяўляецца ў форме генэрала НКВД — амаральна, абуральна, але зразумела — ну такі вось ён сталініст з Луганску, які трапіў у спрыяльнае асяродзьдзе.

Але нашмат цяжэй зразумець, напрыклад, чаму ў 2018 г. сьвяткуецца стагодзьдзе беларускай міліцыі (хоць на самой справе яна ў нас была створаная ў ХVIII ст.) і адначасова ставіцца помнік царскаму гарадавому?! Бо бальшавіцкая міліцыя якраз і пачыналася з разгону гарадавых і паляваньня на іх! Вось вам загадка на лёгіку.

Мой адказ просты як граблі — загадкі ніякай няма, бо гэтыя дзеяньні адпавядаюць і дакладна ўкладаюцца ў сучасную расейска-пуцінскую ідэалёгію. Яе сутнасьць — паяднаньне ідэалёгіяў дзьвюх Расеяў, царскай і савецкай, на глебе імпэрыялізму.

А Беларусь у працяг «добрай савецкай традыцыі» — пляцдарм, палігон, на якім выпрабоўваюцца і адпрацоўваюцца праявы ідэалёгіі і формы паліцэйскай дзяржавы. Краіна параўнальна невялікая — лягчэй працэс запускаць, лягчэй пры неабходнасьці затармазіць ці падкарэктаваць.

З помнікам гарадавому ў іх атрымалася па-тупому, прыблізна як з указам пра дармаедаў — недаацанілі беларусаў, а рэжым ня мае зваротнай сувязі з грамадствам, акрамя грамадзкага пратэсту. Бо няма выбараў, калі гэтая сувязь найбольш яскрава рэалізуецца. Урачыста, з помпай на ўсю краіну помнік гарадавому адкрылі, і народ пачаў сьмяяцца ды зьдзеквацца. Але назад ужо не адматаеш, застаецца толькі закручваць гайкі — караць за найменшыя, хай сабе жартоўныя праявы непавагі, арганізаваць ахову, відэанагляд (за нашыя, заўважце, грошы) дзеля выяўленьня злачынцаў.

Вось хлопчыка злавілі на камэру — пажартаваў, паляпаў па шчацэ бронзавага царскага служку. Сюжэт паказалі, праўда, і тут змахлявалі (нібыта ехалі машынай пільныя мянты і заўважылі), але паказваюць відэа са стацыянарнай камэры.

У мяне ў сувязі з гэтым усім ёсьць два пытаньні. Першае: каму служыць (мінаючы Аляксандра Рыгоравіча) міністар Шуневіч? І другое, проста зь цікаўнасьці, наконт закручваньня гаек. Калі сарвецца разьба?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)