Общество
Мікола Чарняўскі, фота Юліі Аляксандравай

Кампанія «Будзьма беларусамі!» нарадзіла дзіця (фота)

Кампанія «Будзьма!» дасягнула сваіх стартавых задач і далей мае намер пашырыць кола людзей, якім цікава беларуская культура. На прэс-канферэнцыі ўдзельнікаў кампаніі таксама прапанавалі пакінуць песню «Купалінка» ў спакоі і параўналі жаданне бачыць вакол сябе беларускамоўных з жаданнем валодаць Анджалінай Джолі.

Агульнанацыянальная грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» (скарочана – «Будзьма!») была абвешчана 1 кастрычніка 2008 года. Праз паўтары гады на прэс-канферэнцыі ў галерэі «Ў» журналісты выявілі, што ў яе з’явілася дзіця. На новым лагатыпе кампаніі побач з мужчынай і жанчынай аказалася маленькая фігурка.

Прадстаўнікі «Будзьма!» адзначылі, што за паўтары гады ідэі кампаніі прыняла вялікая колькасць дарослых, што не магло не паўплываць на выхаванне новай генерацыі беларусаў. Каарднытар кампаніі Ніна Шыдлоўская паведаміла, што з 1 кастрычніка 2008 года ў межах кампаніі «Будзьма!» адбылося больш за тысячу разнастайных мерапрыемстваў (канцэрты, лекцыі па гісторыі, экскурсіі і інш.), у якіх бралі ўдзел каля 90 тысяч чалавек у 188 розных населеных пунктах.

Каардынатар кампаніі Алена Макоўская адзначыла, што стартавыя задачы «Будзьма!» дасягнула (аб’яднала беларусацэнтрычных людзей для супольнага дзеяння), і далей яны маюць намер пашырыць кола тых, каму цікава беларуская культура.

У найбліжэйшых планах «Будзьма!» правядзенне 22 красавіка у клубе «Рэактар» дабрачыннага канцэрту «Добры Фэст: Будзьма міласэрнымі!», там жа 23 красавіка прэзентацыя праекту-антрэпрызы вядомага беларускага музыкі Рамана Арлова (экс J-Mors) «У нескладовае», выпуск CD па выніках праекту «Імёны Беларусі: Топ-12».

На прэс-канферэнцыі выявілася, што актыўныя ўдзельнікі кампаніі маюць розныя погляды на яе патэнцыял і эфектыўнасць. Музыка Зміцер Вайцюшкевіч, які даў дзесяткі канцэртаў у рэгіёнах, лічыць, што ў глыбінцы людзі не бачаць альтэрнатывы, і трэба працаваць з гэтай аўдыторыяй.

– Няшчасная «Купалінка»! Пакіньце яе ў спакоі! Куды не прыеду называюць толькі «Купалінку». Людзі не ведаюць і 10 беларускіх песен, – адзначыў Зміцер Вайцюшкевіч.

Музыка Дзяніс Дудзінскі (гурт Da Vinci), які прымаў удзел у праекце «Тузін. Перазагрузка», аддаў належнае намаганням прадстаўнікоў кампаніі, але іх ідэі назваў банальнымі і прапанаваў шукаць новыя шляхі.

– У вас пока получается междусобойчик. Почему здесь нет рускоязычных, которые принимали участие в проекте «Тузін. перзагрузка»? – пацікавіўся Дзяніс Дудзінскі.

– Давайте покажем, что быть белорусом это модно, стильно, красиво. Людей нужно заинтересовать и подвигнуть к действиями. Я вот хочу, чтобы в моей стране разговаривали на белорусском языке, но примерно также я хочу Анджолину Джоли. Я ее хочу, но ничего не делаю. Только если она придет и скажет «Денис пошли», я пойду.

На гэтыя слова каардынатар «Будзьма!» Севярын Квяткоўскі прапанаваў Дзянісу Дудзінскаму сустрэцца для грунтоўнай размовы, і заклікаў іншых актыўней удзельнічаць у кампаніі і дзяліцца сваімі ідэямі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)