Экономика
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»

Кампаніі Чыжа прадалі гіпермаркет і гандлёвы цэнтр за 104 мільёны долараў

Акрамя таго, за 28 млн трэці раз закладзены «Прастор» у Малінаўцы. Сталі вядомыя падрабязнасці.

За апошнія тры месяцы ў Мінску былі заключаныя некалькі буйных угодаў па продажы знакавых аб'ектаў, якія раней належалі Юрыя Чыжу. На іх звярнуў увагу «Ежедневнік».

Паводле звестак Следчага камітэта, бізнэсмену і яго кампаньёнам інкрымінуецца ўхіленне ад сплаты падаткаў, што нанесла дзяржаве шкоду ў памеры каля $ 12 мільёнаў. Аднак кошт прададзеных аб'ектаў у разы перавышае нанасеныя страты.

Такім чынам, каму цяпер належаць гіпермаркеты Юрыя Чыжа? Раней у яго бізнэс-імперыі было пяць крамаў «Прастор».

«Прастор» на Каменнагорскай дастаўся «БПС-Сбербанку»

Гэта быў адзін з найноўшых маркетаў Юрыя Чыжа.

У канцы ліпеня кампанія «Прастор-Трэйд» прадала гэты гандлёвы цэнтр. Як стала вядома «Нашай Ніве», новым уласнікам стаў «БПС-Сбербанк».

Банк набыў тут два вялікія аб'екты. Гандлёвы цэнтр плошчай каля 23 тысяч квадратных метраў каштаваў 40,4 мільёна новых рублёў (амаль $ 21 мільён у эквіваленце).

Апроч таго, банк стаў гаспадаром шматузроўневага паркінга плошчай больш за 18 тысяч квадратных метраў. Ягоная цана — каля 15,3 мільёна новых рублёў (каля $ 8 мільёнаў).

Яшчэ некалькі дапаможных збудаванняў перайшлі «БПС-Сбербанку» часткова (33%). Рэшта долі застаецца ў «Прастор-Трэйда», але закладзеная ў тым жа банку.

«Прастор» у Малінаўцы тройчы перазакладзены

Самы стары гіпермаркет па адрасе Дзяржынскага, 126 быў пабудаваны яшчэ ў сярэдзіне 2000-х і фармальна быў зарэгістраваны на кампанію «ПрасторМаркет».

Калі вясной 2013 года Юрыю Чыжу спатрэбіліся грошы, ён звярнуўся ў «БПС-Сбербанк». Бізнэсмен атрымаў $ 31 мільён, заклаўшы гандлёвы цэнтр. Грошы ён мусіў вярнуць на працягу дзесяці гадоў.

У канцы 2015 года Чыж атрымаў ад банка яшчэ каля $ 1 мільёна ў эквіваленце, абяцаўшы разлічыцца за паўгода.

Нарэшце, у ліпені 2016 была аформленая трэцяя па ліку застава — 55 мільёнаў новых рублёў (каля $ 28 мільёнаў у эквіваленце). Грошы трэба вяртаць на працягу дзесяці гадоў пад стаўку рэфінансавання + 0,6 працэнтнага пункта. У гэтую дамову ўключаныя яшчэ некалькі дапаможных збудаванняў гіпермаркета на Каменнагорскай.

«Арэна-Сіці» дастаўся «Белаграпрамбанку»

Гандлёвы цэнтр на праспекце Пераможцаў, 84 тым часам адышоў іншаму банку. У чэрвені 2016 года гаспадаром стаў «Белаграпрамбанк».

Асноўнае памяшканне гандлёвага цэнтра (каля 78 тысяч квадратных метраў), кафэ, кінатэатр… — усё гэта ішло ў адным флаконе і каштавала каля $ 75 мільёнаў, прычым угода заключалася ў валюце.

«Прасторы» ў Чыжоўцы і Шабанах адышлі «Беларусбанку»

Нарэшце, гіпермаркеты па адрасе Убарэвіча, 176 і Партызанскі праспект, 182 Юрый Чыж аддаў пад заставу яшчэ ў канцы 2014 года. Цяпер будынкі належаць лізінгавай кампаніі «Беларусбанка».

За крамы Чыж атрымаў $ 61,2 мільёна. Грошы можна вярнуць банку да 2022 года, і толькі ў такім выпадку мультымільянер атрымае гэтую маёмасць назад.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)