Выборы-2020

Камісія ў Гомлі прызнала несапраўднымі тысячы подпісаў за Бабарыку і Цапкалу

На паседжаньнi Савецкай раённай камісіі горада Гомля па выбарах прэзыдэнта прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка, пiша Радыё Свабода.

Камісія знайшла высокі адсотак несапраўдных подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. У выніку ўсе здадзеныя подпісы — а гэта 4870 за Бабарыку і 1956 за Цапкалу прызналі несапраўднымі.

Леанід Судаленка расказаў, што самы вялікі працэнт несапраўдных подпісаў па выніку асноўнай і дадатковай праверкі выяўлены ў Віктара Бабарыкі — 23,28%. Спачатку тэрытарыяльная камісія правярала 15% подпісаў. Калі знаходзіла там неадпаведнасьці, на праверку бралі іншыя подпісы.

У выніку камісія прыняла рашэньне не залічваць Віктару Бабарыку ўсе здадзеныя 4870 подпісаў. У Валера Цапкалы па выніку дзьвюх праверак несапраўднымі прызналі 16,53%. За гэта камісія не залічыла ўсе 1956 подпісаў, якія здалі сябры яго ініцыятыўнай групы.

— «Чыстымі» аказаліся ўсе 45 подпісаў, якія здалі ў камісію сябры ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай, — зазначыў Леанід Судаленка. — Былі прызнаныя несапраўднымі некаторыя подпісы за Аляксандра Лукашэнку, Сяргея Чэрачня, але адсотак несапраўдных подпісаў за іх — каля 4-5% — дазволіў камісіі не праводзіць дадатковай праверкі, і здадзеныя подпісы за іх прызналі сапраўднымі. Толькі ў дачыненьні подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу праводзіліся дадатковыя праверкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.1(77)