Общество
Сяргей Ёрш

Камандзір беларускіх “лясных братоў” (фота друкуюцца ўпершыню)

На 5 лістапада прыпадаюць 100-я ўгодкі з дня народзінаў Міхала Вітушкі, кіраўніка Беларускага антыбальшавіцкага Супраціву ў 1945 — 1959 гадах. Ён памёр зусім нядаўна — вясной 2006 года ў Заходняй Нямеччыне, дзе жыў пад іншым прозвішчам. А ў Беларусі яго “пахавалі” яшчэ ў 1945-м.

З дасье “Салідарнасці”

Міхал Вітушка (5.11.1907, Нясвіж — 27.04.2006, Заходняя Нямеччына), беларускі вайсковы і палітычны дзеяч. Скончыў славутую Віленскую беларускую гімназію, Варшаўскую палітэхніку, інжынер. Браў актыўны ўдзел у працы незалежніцкага беларускага студэнцкага руху.

У верасні 1939 года вярнуўся з Варшавы ў Нясвіж, служыў у міліцыі, пасля будаваў дарогі. Зімой 1940 г. разам са стрыечным братам Дзмітрыем Касмовічам быў арыштаваны НКВД за сувязь з беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі ў замежжы. На волю яны выйшлі дзякуючы заступніцтву сваяка Вітушкі — прафэсара А. Пракапчука, ветэрана савецкіх спецслужбаў.

На пачатку нямецкай акупацыі Вітушка ледзь не быў расстраляны нясвіжскай паліцыяй, якая складалася з палякаў. Уцякае ў Менск, дзе разам з Касмовічам стварае службу парадку, Ад таго часу ваюе з савецкімі партызанамі і дыверсійнымі групамі на Палессі, пасля на Браншчыне і Смаленшчыне. Удзельнічае ў Беларускім нацыянальным Супраціве, аднак сыходзіць у лес не спяшаецца, працягвае супрацоўнічаць з немцамі, меў рангу маёра. З вясны 1944 года разам з прэзідэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады Р. Астроўскім, камандзірам Беларускай Краёвай Абароны Ф. Кушалем ды інш. удзельнічаў у нарадах з прадстаўнікамі нямецкіх спецслужбаў, прысвечаных падрыхтоўцы антысавецкага супраціву.

Восенню 1944 г., на прапанову беларускага нацыянальнага актыву, Вітушка быў зацверджаны кіраўніком Беларускага антысавецкага Супраціву. Дзеля дэзынфармацыі савецкіх спецслужбаў была праведзеная спецыяльная "аперацыя прыкрыцця", у выніку якой ужо вясной 1945-га “СМЕРШ” быў перакананы, што М. Вітушка загінуў. Насамрэч, напрыканцы снежня 1944 года ён разам з атрадам дэсантнікаў быў перакінуты з Нямеччыны ў Польшчу, у раён Варшавы, дзе ў бункеры быў разгорнуты Галоўны штаб беларускага партызанскага руху (кансьпірацыйная арганізацыя "Чорны Кот").

“Чорны кот”

Беларускія нацыянальныя партызанскі і канспірацыйны рухі існавалі і падчас нямецкай акупацыі 1941-1944 гадоў. Яны збіралі сілы для збройнага выступу супраць акупантаў і аднаўлення незалежнасці БНР.

Дзеячы Беларускага Супраціву гінулі ад рук нацыстаў, бальшавікоў, польскіх акоўцаў. У снежні 1942 года СД знішчыла ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, ідэоляга і лідэра Супраціву.

Тым часам у 1943-м на ўсходнім фронце наступіў пералом. Нямеччына цярпела паразу за паразай, стала рэальным вяртанне ў Беларусь бальшавікоў. У гэтай сітуацыі беларускі нацыянальны актыў прыняў няпростае рашэнне.

У Беларускага Супраціву не было ўласных рэсурсаў для пачатку вызвольнай барацьбы на два фронты, спробы наладзіць сувязь з заходнімі саюзнікамі не далі жаданага выніку. Не хапала не толькі зброі, але і дасведчаных камандзіраў. Таму, калі вясной 1944 года немцы прапанавалі беларускім дзеячам — кіраўнікам Беларускай Цэнтральнай Рады і Беларускай Краёвай Абароны — паўдзельнічаць у арганізацыі канспірацыйнай сеткі антысавецкага супраціву, яны пагадзіліся.

Нямецкія спецслужбы планавалі падрыхтаваць і пакінуць у тыле бальшавікоў вялізны “дыверсійны фронт” ад Балтыкі да Чорнага мора. Быў распрацаваны тайны план пад кодавай назвай “Лібэн Кэтхэн” (“Любімая Котка”). Пачалася падрыхтоўка людзей і матэрыяльна-тэхнічнай базы. Калі ў Латвіі канспірацыйная сетка атрымала назву “Лясныя Коткі”, ва Украіне “Стэпавы Кот”, на Смаленшчыне і Браншчыне “Дзікі Кот”, дык у Беларусі — “Чорны Кот”. На яго кіраўніка беларускі нацыянальны актыў прапанаваў немцам таленавітага беларускага вайскоўца маёра Міхала Вітушку.

Вокладка даклада ў спецыяльную камісію Кангрэса ЗША пра дзейнасць арганізацыі “Чорны Кот” і яе кіраўніка, лідэра “беларускага нацыянальнага рэзыстансу” Міхала Вітушкі.

“Я ненавіджу немцаў, але нам трэба ўсё выкарыстаць”

Напрыканцы чэрвеня 1944 года пасля заканчэння ў Менску Другога Усебеларускага кангрэсу Вітушка сустрэўся з паэткай, генеральным сакратаром Рады БНР Ларысай Геніюш (яны пазнаёміліся ў 1930-я ў Празе). У сваіх успамінах яна занатавала словы Міхала Вітушкі: “Ларыса Геніюш, я ненавіджу немцаў, я толькі й толькі беларус, але нам трэба здабыць нашую зямлю для народу, і трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць”.

Гэтыя словы Вітушкі яскрава характарызуюць тую трагічную сітуацыю, у якую патрапілі беларускія вайскоўцы, якія праглі змагання за вольную і незалежную Беларусь. Бо ваяваць ім давялося пад нямецкім кіраўніцтвам, якое цікавіла аслабленьне бальшавікоў, а не беларуская дзяржаўнасць.

Паводле плану нямецкіх спецслужбаў, Беларускі антысавецкі Супраціў на тэрыторыі Беларусі быў падзелены на тры часткі: “Беларусь-Поўнач”, “Беларусь-Цэнтр” і “Беларусь-Поўдзень”. Кожная з галінаў мела свайго кіраўніка, беларуса па нацыянальнасці. У сваю чаргу камандзіры падначальваліся Галоўнаму штабу беларускага партызанскага руху, які быў размешчаны ў бункеры пад Варшавай. Усе гады партызанскага і канспірацыйнага змагання ім кіраваў Міхал Вітушка.

Да лета 1944 года было падрыхтавана каля 3000 байцоў і камандзіраў. Большая частка іх пасля ўцёкаў немцаў засталася ў Беларусі і чакала загадаў ад Вітушкі. Некалькі атрадаў прайшлі падрыхтоўку ў Нямеччыне і ў Беларусь ды Польшчу прыбылі пазьней.

Для беларускіх партызанаў немцамі на тэрыторыі Беларусі вясной-летам 1944 года былі пабудаваныя 15 бункероў. Асноўныя з іх знаходзіліся пад Камянцом, Пінскам, Наваградкам і Барысавам.

“Бункеры будавалі з бетону і закладалі на 2-2,5 метры ў глыбіню пад зямлю, — успамінае былы нямецкі вайсковец, удзельнік падрыхтоўкі сеткі бункероў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. — Сістэмы вентыляцыі адводзіліся на 20-25 метраў ад бункера. Звычайна ў бункеры было некалькі пакояў, сховішча для зброі і прадуктаў”.

Усе партызанскія атрады, пакінутыя ў Беларусі ў рамках плана “Лібэн Кэтхен”, былі забяспечаныя радыёсувяззю, шэрагам явак, зброяй, боепрыпасамі, дакументамі (бланкамі і пячаткамі савецкіх вайсковых і цывільных установаў), грашыма, медыкаментамі. Планавалася, што гэтых запасаў хопіць на 5-10 гадоў дзейнасці.

Дзякуючы гэтым бункерам большая частка беларускіх партызанаў здолела ператрываць без вялікіх стратаў найбольш цяжкі пэрыяд — да лета 1945 года. Менавіта за гэты час ворганамі дзяржбяспекі былі разгромленыя польскае падполле і партызанка.

Паводле матэрыялаў КГБ, на працягу 1944-1955 гадоў былі выкрытыя толькі 7 бункераў-складаў Беларускага Супраціву.

“Больш лютага ворага беларусаў чым СССР цяжка ўявіць”

Пасля капітуляцыі Нямеччыны арганізацыя Вітушкі стала цалкам незалежнай. У верасні 1945-га ў Белавежскай пушчы адбылася канферэнцыя камандзіраў партызанскіх атрадаў, на якой вырашалася стратэгія і тактыка антыбальшавіцкай барацьбы. Агулам прысутнічалі каля 40 чалавек, якія прадстаўлялі 16 атрадаў.

Міхал Вітушка ў сваім выступе так ацаніў міжнародную сітуацыю: "У сучасных палітычных умовах раней ці пазьней адбудзецца фармаваньне палітычных, а магчыма і ваенных блёкаў. Адзін падобны блёк узначаліць Амэрыка, другі — СССР. Таму мы таксама паўстанем перад выбарам. Больш лютага ворага беларусаў чым СССР цяжка ўявіць, таму лягічным саюзьнікам будзе Амэрыка. Дапамагаць апошняй у барацьбе супраць СССР — гэта дапамагаць сваёй перамозе".

На фота: Беларускі партызанскі атрад з батальёна “Віцебск” ідзе ў рэйд на Пскоўшчыну, 1946 год (у некаторых крыніцах яго памылкова называюць фінскім).

Дзесьці з 1947 года арганізацыя Вітушкі пачынае супрацоўнічаць з заходнімі спецслужбамі. Дзякуючы іх дапамозе, пасля Вітушка зможа перакінуць на Захад нямала сваіх партызанаў.

Арганізаваная партызанская барацьба падначаленых Вітушку атрадаў і груп распачалася восенню 1945-га. Гэта былі кропкавыя акцыі: невялікія дыверсіі на камунікацыях, вызваленне вязняў з турмаў і канцлагераў, напады на карныя аддзелы. Быў наладжаны выпуск нелегальнага друку.

Вокладка партызанскай брашуры “Як нашкодзіць ворагу?” (1947 г.).

Вітушка бярог сваіх людзей, бо ім трэба было дачакацца “гарачага канфлікту” паміж Захадам і СССР. Тады б яны мусілі ўзняць антысавецкае паўстанне і стаць ядром будучага беларускага войска. Такія былі планы.

Варта адзначыць, што акрамя атрадаў арганізацыі Вітушкі ў Беларусі дзейнічалі і іншыя арганізацыі і групы, праўда нешматлікія і горш падрыхтаваныя. Значна больш масавым быў стыхійны партызанскі рух, які то затухаў, то зноў выбухаў у адказ на рэпрэсіі і мерапрыемствы савецкай улады. Ён пратрымаўся досыць доўга, бо апошнія збройныя сутычкі былі зафіксаваныя ў 60-я гады.

Успаміны чакаюць свайго часу

Пабачыўшы безперспектыўнасць далейшай партызанскай барацьбы, Вітушка ў 1951-53 гг. выводзіць з Беларусі ў Польшчу, а адтуль — на Захад — апошнія ацалелыя партызанскія аддзелы (напрыклад, поўным складам сышлі атрады “Белавежа” і “Камянец”). Толькі асобны атрад Аўгена Жыхара працягваў барацьбу да канца 1954-га.

Але канспірацыя ў Беларусі і Польшчы засталася, яе ўдзельнікі яшчэ нейкі час працягвалі шкодзіць савецкай уладзе. Толькі ў 1959 годзе прыйшоў загад пра спыненне антысавецкай барацьбы.

Напрыканцы 1950-х Вітушка перабраўся з Польшчы на Захад, жыў у Заходняй Нямеччыне, працаваў у адной з заходніх спецслужбаў, падтрымліваў сувязь з падпольнай сеткай у БССР. У 1950-70-х неаднаразова, пад іншым прозвішчам, з польскімі, нямецкімі дакументамі ён наведваў Беларусь. Вядома ж рызыкаваў, але лічыў, што толькі на месцы “можа адчуць сапраўдныя настроі народу”.

Пасля выхаду на пенсію Міхал Вітушка пісаў успаміны. Зараз за імі палююць, але месца іх знаходжання дагэтуль невядомае.

Вітушка кантактаваў толькі з невялікай групай сяброў і паплечнікаў. Яны яго не называлі “генералам”, толькі “камандзірам”. Такая традыцыя захоўвалася яшчэ з часоў партызанскай барацьбы. Сам Вітушка да сваёй рангі "генерала" адносіўся скептычна, лічыў, што ўзнагароды і рангі будзе раздаваць урад вольнай і незалежнай Беларусі.

Здымкі з архіву Сяргея Ярша

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(1)