Политика
Зміцер Панкавец, «Наша нiва»

Калякін выступае за адзіную валюту «саюзнай дзяржавы»

Да прэзідэнцкіх выбараў застаецца блізу паўтара году. Апазіцыйныя палітыкі спрабуюць заручыцца падтрымкай не толькі на Захадзе, але і ў Расіі. Асабліва стараецца ў разыгрыванні «расійскай карты» лідэр апазіцыйных камуністаў Сяргей Калякін. Старшыня ПКБ выступіў з шэрагам інтэгратарскіх заяваў на сайце «Беларускі партызан».

Палітык пазіцыянуе сябе яшчэ большым інтэгратарам за Лукашэнку. Калякін перакананы, што сваёй «няшчырай палітыкай» беларускі лідэр разбурае магчымасць для нармальных інтэграцыйных працэсаў паміж краінамі. Аднак, на ягоную думку, у Крамлі перакананыя, што сярод апазіцыйных беларускіх палітыкаў няма дружалюбных да Расіі. Лідэр камуністаў мае намер развеяць гэтае «памылковае меркаванне».

Заявамі адносна таго, што Беларусь абавязаная прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Калякін ужо нікога не здзіўляе. Пра гэта ён гаварыў і год назад.

Затое нечаканым выглядае шкадаванне Сяргея Іванавіча, што па сённяшні дзень так і не была ўведзеная адзіная валюта «саюзнай дзяржавы». «У такім выпадку Беларусі было б нашмат прасцей змагацца з эканамічным крызісам. Не было б тых праблем, якія цяпер так няўмела спрабуе вырашыць улада», — гаворыць палітык.

Калякін кажа, што кіраўнік Беларусі проста чарговы раз «кінуў Расію». Асабіста ён так бы не зрабіў.

«У выпадку прыходу да ўлады мы будзем праводзіць адказную ўнутраную і замежную палітыку. Мы будзем няўхільна выконваць узятыя на сябе абавязкі», — рапартуе камуніст.

Цікава, як на гэтыя заявы Калякіна адрэагуюць партнёры па АДС?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)