Общество
Сяргей Балай

Каляда ідзе! (фотарэпартаж)

Карэспандэнт «Салідарнасці» прайшоўся разам з калядоўшчыкамі з наваполацкага гісторыка-культурнага клуба «Княжыч» па вёсцы Валынцы, Верхнядзвінскага раёна.

Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!
Сама Каляда ідзе, казу вядзе, шчасце й радасць нясе!

Менавіта такімі словамі калядоўшчыкі абвяшчалі пра свой прыход у кожнай хаце.

Продкі лічылі, што калі весела пачаць год, то і пройдзе ён весела.

Старажытны калядны абрад не знік ў новым тысячагоддзі. Сябры наваполацкага гісторыка-культурнага клуба “Княжыч” святкуюць Каляды, як і астатнія традыцыйныя беларускія каляндарныя святы, ўжо шаснаццаты год.

На гэты раз калядоўшчыкі наведалі вёску Валынцы, Верхнядзвінскага раёна.

Традыцыйна, 7 студзеня, Каляда з казой, мішкам, чарцямі і калядоўшчыкамі завітала амаль ў кожную хату.

– Калядны абрад, які мы ладзім ужо шмат гадоў, абсалютна аўтэнтычны, – кажа маршалак клубу “Княжыч” Вольга Антановіч. – Усе калядныя спевы развучваюцца загадзя, усе строі і касцюмы таксама стараемся рабіць падобнымі на калядныя ўзоры мінулых часоў.

У “Княжычы” шмат студэнтаў-гісторыкаў з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту. Таму вывучэнне і рэканструкцыя народных святаў і абрадаў для моладзі, гэта цікавы і карысны занятак.

– Часта бывае, што нас мэтанакіравана запрашаюць на Каляды ў нейкую вёску, – расказвае сябра клубу Аляксей Кавалёў, якому сёлета давялося цягаць важкі мех з накалядаванымі прысмакамі. – Але мы звычайна стараемся самі абіраць вёску для калядавання, каб было цікавей.

Жыхары Валынцаў здзіўляліся і радаваліся візіту калядоўшчыкаў, бо паводле традыцыйных павер’яў, разам з імі ў дом прыходзіць багацце і прыбытак на ўвесь год. Традыцыйнымі былі і пачастункі – сала, каўбаса, цукеркі ды чарка, якой “падымалі” з падлогі “памёрлую” казу. А для гаспадароў удзячныя калядоўшчыкі спявалі песні, танчылі і зычылі прыбытку ды здароў’я.

– Мы не чакалі калядоўшчыкаў, але вельмі рады іх прыходу, – кажа жыхарка вёскі Галіна Пятроўна. – Даўно ўжо калядоўшчыкі не завітвалі да нас, мы нават забылі з мужам, як гэта весела.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)