Политика
Руслан Гарбачоў

Каля адміністрацыі прэзідэнта зладзілі пікет (дададзена)

Чатырох моладзевых актывістаў у сераду раніцай затрымалі каля адміністрацыі прэзідэнта з расцяжкай «Лукашэнка, вызвалі Аўтуховіча!» . Цяпер іх будуць судзіць за ўдзел у несанцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Як расказаў «Салідарнасці» адзін з актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Максім Вінярскі, Алег Ладуцька, Паліна Дзьякава і Кацярына Людвіг падышлі да адміністрацыі прэзідэнта з расцяжкай «Лукашэнка, вызвалі Аўтуховіча!» у 11 гадзін раніцы. Прыкладна праз 10 хвілін іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў Гарадскі аддзел міліцыі № 1 Ленінскага раёна.

Там на актывістаў кампаніі «Еўрапейская Беларусь» склалі пратаколы па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – удзел у несанцкаянаваным масавым мерапрыемстве.

Па апошніх дадзеных чатырох моладзевых актывістаў павезлі ў суд Ленінскага раёна. На сувязь яны не выходзяць.

Нагадаем, што ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч быў затрыманы разам з Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам 8 лютага. Іх абвінавацілі ў падпалах і падрывах маёмасці ваўкавыскіх чыноўнікаў. Ўжо амаль паўгады прадпрымальнікі знаходзяцца ў СІЗА на Валадарцы. 2 чэрвеня следзтва па іх справе было працягнута яшчэ на месяц. Прадстаўнікі апазіцыі рэгулярна праводзяць акцыі салідарнасці з імі, падчас якіх патрабуюць вызвалення затрыманых.

P.S. 10 чэрвеня суд аштрафаваў Максіма Вінярскага і Алега Ладуцьку на 30 базавых велічынь, Паліну Дзьякаву - на 20.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)