Политика
Сяргей Балай

«Каліноўскі мусіць стаць беларускім Чэ Геварай»

Новая грамадская ініцыятыва «Год Каліноўскага», стваральнікамі якой сталі «Гавары праўду!» і «За свабоду», стартуе ў Беларусі, Літве і Польшчы. Сустаршыні аргкамітэту распавялі пра дэталі будучай кампаніі.

– 21 чэрвеня адбылося першае паседжанне аргкамітэта, – распавеў на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Руха «За свабоду» Юрась Губарэвіч. – Яго сустаршынямі сталі доктар Янка Запруднік, лідар грамадскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў і кіраўнік «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Аргкамітэт «Года Каліноўскага» склаўся вельмі прадстаўнічым.

– У аргкамітэце больш за 30 асобаў, – адзначыў Губарэвіч. – Гісторыкі, мастакі, пісьменнікі, прадстаўнікі культурніцкіх колаў. У яго увайшлі Уладзімір Арлоў, Антон Астаповіч, Генадзь Бураўкін, Валер Булгакаў, Аляксей Марачкін, Алесь Старыкевіч, Генадзь Сагановіч, Сяргей Харэўскі і іншыя. Да нашай ініцыятывы далучыліся і прадстаўнікі з Польшчы, Літвы і Расіі. Бліжэйшым часам склад аргкамітэта пашырыцца яшчэ больш.

Аляксандр Мілінкевіч выказаў занепакоенасць афіцыйнай палітыкай у дачыненні да асобы Кастуся Каліноўскага.

– Ідэя правядзення «Года Каліноўскага» не магла не паўстаць, – адзначыў палiтык. – Ён стаў сапраўдным апосталам Беларусі, сімвалам барацьбы за незалежнасць. Такія асобы ў гісторыі ствараюць пачуцце годнасці і нам важна адзначыць 150-годдзе паўстання на прыстойным узроўні. Вельмі хацелася б нагадаць беларусам пра Кастуся Каліноўскага. У школы і ВНУ вярнуліся імперскія падручнікі, такія ж як і пры савецкай уладзе. Але, калі бальшавікі рабілі асобу Каліноўскага лідарам антыцарскага паўстання, то сучасныя ўлады папросту заціраюць памяць аб гэтай выбітнай асобе.

У планах правядзення «Года Каліноўскага» навуковыя канферэнцыі, выданне кніжак, здымкі дакументальнага фільма, пленэры мастакоў, дакументальныя даследванні, вандроўкі па месцах падзей паўстання і нават правядзенне рэканструкцыі адной з бітваў з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі.

Па словах Уладзіміра Някляева, афіцыйныя ўлады добраахвотна адмаўляюцца ад нацыянальных герояў Беларусі.

– Зараз мы чытаем артыкулы, што Каліноўскага не было, і што ён не беларус і не мае дачынення да айчыннай гісторыі, – адзначыў ён. – Гэта самая разбуральная з'ява ў нашым сучасным грамадстве. Нам не хапае свабоды, ідзе змаганне за выжыванне нацыі. Прыклад Кастуся Каліноўскага дае нам тую моц, якой зараз не хапае беларусам. Каліноўскі найвыбітная асоба беларускага народа. Той, хто змагаўся за незалежнасць і свабоду гэтай зямлі. Ён адзіны з правадыроў паўстання, хто ясна выказаўся пра свае мэты – незалежнасць і свабоду Беларусі.

Чальцы аргкамітэту падкрэслілі, што «Год Каліноўскага» мае стацца міжнароднай акцыяй.

– Мы падрыхтавалі дакументы, каб звярнуцца ў Савет міністраў, Нацыянальны сход Беларусі, а таксама да ўрадаў і Соймаў Літвы і Польшчы з прапановай надаць «Году Каліноўскага» і даце паўстання статус міжнароднага дзяржаўнага свята, – падкрэсліў Юрась Губарэвіч – Ужо сёння мы можам казаць, што Польшча і Літва на дзяржаўным узроўні абвесцілі падтрымку «Года Каліноўскага».

На прэс-канферэнцыі прысутнічаў і прадстаўнік амбасады Польшчы Свен Нільсан.

Аляксандар Мілінкевіч асабіста звярнуўся да журналістаў з просьбай прасоўвання «Года Каліноўскага» ў сродках масавай інфармацыі.

– Мы прыкладзем ўсе магчымыя высілкі, але калі да «Года Каліноўскага» падключыцца моладзь, мы здолеем стварыць Кастуся Каліноўскага нацыянальным брэндам, нашым беларускім Чэ Геварам, – адзначыў ён. – Наша ініцыятыва не піяр-акцыя і не палітычная кампанія. Ад журналістаў будзе залежыць нават больш, чым ад аргкамітэта. Таму просім вас быць партнёрамі.

– Пастамент, на які можна паставіць асобу Кастуся Каліноўскага, створаны ўжо раней за нас. Да гэтага спрычынілася нават савецкая гісторыяграфія. Наша з вамі справа – зрабіць помнік Каліноўскаму, які мы павінны ўзнесці на гэты пастамент, – рэзюмаваў Уладзімір Някляеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)