Политика
Валер Каліноўскі, ”Радыё Свабода”

“Калі я запытаўся, а дзе ж 4 месяцы падзеліся, якія я перасядзеў, мне сказалі, што не ведаюць”

Учора са Шклоўскай турмы датэрмінова вызвалілі палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Ягонае першае інтэрвію на волі – "Свабодзе".

Лідэр “Маладога фронту” ў лістападзе 2006 году быў асуджаны на паўтара гады зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Гэты тэрмін заканчваўся 15-га сакавіка. Але яго выпусьцілі датэрмінова. Сёньня ў ранішнім эфіры "Свабоды" мы аднымі зь першых павіншавалі яго з выхадам на волю.

Каліноўскі: "Зьміцер, якія вашыя першыя адчуваньні на волі?"

Дашкевіч: "Безумоўна, ёсьць крыху хваляваньне, а так – я рады, што раней тэрміну на 2 месяцы маю магчымасьць вярнуцца да актыўнага грамадзкага жыцьця".

Каліноўскі: "Нейкія зьмены ў жыцьці на волі за апошні год вы ўжо заўважылі?"

Дашкевіч: Ды не, не асабліва. Толькі шашу бачыў начную і сяброў..."

Каліноўскі: "Зьміцер, а спадзяваліся вы на датэрміновае вызваленьне?"

Дашкевіч: "Я не думаў аб гэтым, бо зь юрыдычнага боку ніякіх падставаў для датэрміновага вызваленьня не было. Ды і маё вызваленьне ня ёсьць датэрміновым, вызвалены быў я паводле рашэньня Вярхоўнага суда за 22 студзеня. Паводле гэтага рашэньня мне паўтара гады зьняволеньня замянілі на год".

Каліноўскі: "А чаму Вярхоўны суд узяўся пераглядаць гэтую справу больш чым праз год пасьля прысуду?"

Дашкевіч: "Я не маю паняцьця. Мяне не інфармавалі. Учора мяне выклікалі і сказалі: "Мы павінны вас вызваліць", паказалі дакумэнты. Калі я запытаўся, а дзе ж 4 месяцы падзеліся, якія я перасядзеў, мне сказалі, што не ведаюць і што вымушаныя выпусьціць датэрмінова".

Каліноўскі: "Можаце сказаць, што вас адміністрацыя выпусьціла з задавальненьнем?"

Дашкевіч: "Мяркую, што так, бо ў іх зашмат было галаўнога болю з-за мяне".

Каліноўскі: "Ці згодныя вы з думкай іншага былога палітвязьня Міколы Статкевіча, што вашае вызваленьне – гэта нейкі знак уладаў Эўропе?"

Дашкевіч: "Безумоўна, я згодны са спадаром Статкевічам, што гэта ёсьць пэўным гандлем, таму што поўнай лібералізацыі жыцьця ў Беларусі мы не назіраем. Адных выпускаюць, другіх саджаюць... Таму, як і ў мінулых выпадках, мы можам назіраць тут пэўную гульню з Захадам і Расеяй".

Каліноўскі: "Зьміцер, што вы зьбіраецеся рабіць на волі? У бліжэйшай і аддаленай пэрспэктыве?"

Дашкевіч: "Я зьбіраюся займацца тым, што і рабіў. Сёньня будзе праведзеная прэсавая канфэрэнцыя, на якой мы агучым нашыя пляны на будучыню і будзем працаваць у імя Госпада і Беларусі".

Каліноўскі: "Такім чынам пасьля турмы вы дзейнасьць мяняць ня будзеце?"

Дашкевіч: "Я яе і не спыняў. Як мог, падтрымліваў сваіх сяброў лістамі, быў у курсе ўсіх навінаў. Таму лічу, што быў у працэсе".

Каліноўскі: "Адчувалі вы ў турме падтрымку з волі? Даходзіла да вас салідарнасьць беларускага і міжнароднага грамадзтва?"

Дашкевіч: "Безумоўна даходзіла, можа, не ў такім вялікім аб'ёме, але я на працягу ўсяго свайго тэрміну быў вельмі ўражаны аграмаднай грамадзкай падтрымкай, якая ажыцьцяўлялася і ўрэшце, мяркую, што яна сталася падставай майго датэрміновага вызваленьня".

Каліноўскі: "А што вас найбольш кранула?"

Дашкевіч: "Найбольш мяне закранула самаахвярнасьць маладафронтаўцаў. Калі на першым этапе свайго зьняволеньня я яшчэ хваляваўся, як там мае сябры будуць, то праз некалькі месяцаў я зразумеў, што Малады фронт не толькі не паслабеў ад гэтых усіх арыштаў, а наадварот,– пасталеў, ўзмацніўся, набраўся досьведу, сілы і веры".

Каліноўскі: "Як да вас ставіліся ў турме, было ў адміністрацыі нейкае разуменьне, што вы палітычны вязень?"

Дашкевіч: "Было, хаця імкнуліся мяне трымаць пад найбольш пільным кантролем. Гэта адбывалася таму, што часта прыязджалі чэкісты, накручвалі адміністрацыю калёніі. А так адносіны адміністрацыі, асуджаных былі цалкам нармальнымі".

Каліноўскі: "Як паўплывала турма на вашае здароўе?"

Дашкевіч: "Ніякім чынам не паўплывала. Мне сказалі нават, што я стаў лепей выглядаць, паправіўся, толькі здароўя набраўся. Я працаваў на тартаку, цягаў бярвеньне і дошкі. Нармальная парца, большасьць беларусаў так працуе".

Каліноўскі: "Вы дастаткова былі абазнаныя ў тым, што адбывалася ў краіне? Пра акцыі прадпрымальнікаў і арышты, напрыклад?"

Дашкевіч: "Аб акцыях прадпрымальнікаў ведаюць усе, таму што да асуджаных едуць родныя, сябры, якія ім гавораць, што не могуць набыць прадуктаў. Асабліва гэта адчуваецца па-за Менскам. І, безумоўна, вельмі шмат людзей аб гэтым гавораць і гэта ёсьць адным з фактараў хуткіх пераменаў у Беларусі".

Каліноўскі: "Аднаго з вашых паплечнікаў, які адбываў пакараньне "на хіміі", Артура Фінькевіча, нядаўна засудзілі да 1,5 гадоў турмы... Уціск іншых актывістаў Маладога фронту працягваецца. Якая будучыня ў Маладога фронту?

Дашкевіч: "Мяркую, што Малады фронт будзе працягваць актыўную грамадзкую дзейнасьць і за паўтара гады гэтых няспынных судовых працэсаў, крымінальных справаў, Малады фронт засьведчыў, што зьяўляецца адным з рухавікоў пераўтварэньняў у Беларусі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)