Политика
Таццяна Гусева

«Калі я выіграю выбары, дзяржава дасць Лукашэнку маленечкі домік, пра які ён марыць»

Напярэдадні старту прэзідэнцкай кампаніі лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч распачаў паездкі па рэгіёнах. Адна з першых сустрэч адбылася ў Салігорску. У размове з прадстаўнікамі грамадскасці палітык расказаў пра тое, як ён ставіцца да абрання адзінага кандыдата ад аппазіцыі, пра дапамогу рэпрэсіраваным і пра тое, якім будзе лёс Лукашэнкі, калі ён прыйдзе да улады.

Калі я стану прэзідэнтам…

— Калі я выіграю выбары, дзяржава дасць Лукашэнку маленечкі домік, пра які ён марыць, — запэўніў карэспандэнта “Салідарнасці” Аляксандр Мілінкевіч. — Калі ён не рабіў ніякіх злачынстваў, яму падзякуюць за тую працу, што ён рабіў — добрую ці кепскую. І няхай сабе жыве. Калі ён рабіў злачынствы, то, як і кожнаму чалавеку, яму прыйдзецца адказаць перад законам. Я не суддзя і не пракурор. Я катэгарычна не прымаю гэту ўладу, таму што яна прыніжае чалавека. Я не крыважадны чалавек. Не буду абяцаць, што вось гэтых я павешу, а гэтых расстраляю, а гэтых звольню.

Першым сваім указам прэзідэнт Мілінкевіч адмяніў бы кантрактную сістэму:

— Кантракты існуюць ва ўсім свеце, але ў нас кантракт створаны спецыяльна, каб на чалавека нагнаць страх, трымаць яго ў абсалютным падняволенні. І ў той форме, якой ён ёсць, кантракт прыніжае чалавечую годнасць.

Уявіце сабе саме страшнае: заўтра мы перамаглі

— Я не баюся вам паказацца чалавекам, які думае, разважае. Я не хачу улады, для мяне крэсла — гэта сродак. Я не імкнуся да улады, каб украсці два мільярды або забяспечыць дзецей. Я хачу іншую Беларусь. У мяне няма дакладнай стратэгіі, як перамагчы на выбарах. Упэўнены, што мы пераможам толькі тады, калі пераможам у галовах людзей.

Нам здаецца, што адыйдзе дыктатура, і адразу наступіць вялікае шчасце, і будзе свабода і дабрабыт. Самае вялікае выпрабаванне будзе на працягу першых паўгода-года пасля таго, як мы возьмем уладу. Вельмі цяжка ўладу рэалізаваць, таму што досведу у нас мала. Мой сябар кажа: “Уявіце сабе самае страшнае: заўтра мы перамаглі”.

Пра вонкавую падтрымку апазіцыі

— Без вонкавай падтрымкі ў дыктатуры не выжывеш. Актывісты польскай “Салідарнасці” і сёння кажуць, што калі б не было велізарнай фінансавай падтрымкі звонку, не перамаглі б яны камуністычную ўладу. Таму не трэба саромецца вонкавай падтрымкі, калі яна ідзе на дэмакратыю.

Пра адзінага кандыдата

— Я лічу, што важна аб’ядноўвацца ў апазіцыі на пэўных маральных каштоўнасцях. Я сам быў адзіным кандыдатам — і дзякуючы гэтаму стаў вядомым – і хацеў бы, каб на гэтых выбарах быў абраны адзіны кандыдат. Але ўявіце сабе: сядаем мы — 15 прэтэндэнтаў — і кажам: “Хто б ні быў адзіны кандыдат, мы усе працуем на яго”. Я не магу з гэтым пагадзіцца, таму што мне мала таго, што мы ўсе супраць Лукашэнкі. Калі абраны кандыдат выступае за аб’яднанне з Расіяй, я не змагу з ім працаваць. Я б не баяўся, калі б у апазіцыі былі дзве кааліцыі паводле геапалітычных прэферэнцый.

— На каго б з прэтэндэнтаў у кандыдаты вы б не працавалі ў выпадку абрання гэтай персоны адзіным кандыдатам ад апазіцыі?

— Я не буду адказваць персанальна на гэтае пытанне з прычыны паліткарэктнасці. Але я не буду працаваць на кандыдата, для якога ня ёсць каштоўнасцямі тое, што для мяне самае важнае: дэмакратычная краіна, незалежная, якая абірае шлях у Еўропу. На чалавека, які падзяляе гэтыя каштоўнасці, я гатовы працаваць, калі яшчэ шчыра паверу, што ён гэта хоча рэалізаваць.

Пра дапамогу рэпрэсіраваным

— Я ніколі не прыму папрока, што мы пасля 2006 года не імкнуліся дапамагчы максімальна тым, хто пацярпеў. У Польшчы і зараз каля трохсот студэнтаў вучыцца і атрымліваюць стыпендыі, большыя за польскіх студэнтаў. Праграмай Каліноўскага я ганаруся. Нядаўна ў мяне была размова з польскім урадам, і мне абяцалі, што гэтая праграма будзе нават тады, калі вы пераможаце. У нашай базе каля двух тысяч чалавек, рэпрэсіраваных пасля 2006 года. Мы не ўсіх знайшлі і не ўсім дапамаглі. Мы зрабілі тое, што маглі, і мне не сорамна за гэта.

Калі я стану прэзідэнтам, абавязкова зраблю ўсё, каб кампенсіраваць людзям гады рэпрэсій, якія яны пражылі без працы, адсядзелі у турмах. Гэта абавязак новай ўлады. Я і сам стаў беспрацоўным у 2000 годзе, калі пачаў кампанію Домаша. Мяне папрасілі з універсітэта. Таксама хачу кампенсацыю (смяецца).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)