«Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?» — «Калі Паўлічэнка стрэліў у яго»
У Швейцарыі судзяць Юрыя Гараўскага, які прызнаўся ў датычнасці да «эскадронаў смерці» ў Беларусі. Пракурор папрасіў суд пакараць абвінавачваемага трыма гадамі зняволення, два з якіх — умоўна.
Вольга Класкоўская для Новага часу распавядае, як праходзiць першы працэс, калі падзеі ў Беларусі разглядаюць па іншай — універсальнай — юрысдыкцыі.
Гараўскі, атрымаўшы прытулак у Швейцарыі, прызнаўся ў датычнасці да выкрадання і забойства апазіцыйных палітыкаў канца 1990-х гадоў: былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.
На пытанні суддзі Гараўскі адказвае вельмі раздражнёна.
Суддзя ўдакладняе ў Гараўскага пра плямы крыві, што былі выяўлены на месцы гвалтоўнага выкрадання Ганчара і Красоўскага, пытаецца, што гэта за плямы.
Гараўскі кажа, што гэта плямы крыві Ганчара, падкрэслівае, што спецыяльна разбіў пераносіцу Ганчару, каб на месцы засталіся плямы крыві, каб пачалося расследаванне, «бо я ўжо тады асэнсоўваў, што гэта злачынства».
Суддзя кажа, што «гэта вельмі жорстка». «Вы ўсё правільна сказалі, — адказвае Гараўскі. — Але ў шмат якіх краінах пры затрыманні чалавека кладуць на зямлю, каб апрануць яму кайданкі».
Прысутныя ў залі на гэтую рэпліку Гараўскага адрэагавалі з абурэннем.
«Паўлічэнка сабраў усіх раніцай і сказаў, што едзем затрымліваць аднаго ці двух чалавек. Запытаўся: усе гатовы? Мы адказалі: так.
У судзе Гараўскі падрабязна распавядае пра забойствы Ганчара і Красоўскага:
— Мы пад'ехалі да саўны, сядзелі ў двух машынах. Паўлічэнка мне і Уладзіміру Буцько сказаў прайсціся і паглядзець, дзе і як мы будзем ажыццяўляць затрыманне.
Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разбіцці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасць злачынства. Я спецыяльна разбіў яму нос {Ганчару}, каб пайшла кроў.
Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага. Пасля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына была джып чорнага колеру.
Мы паехалі ў бок Бегомля.
Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, мы спыніліся на паркоўцы, Паўлічэнка выйшаў з машыны, праз пяць хвілін падыйшоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: узніміце галовы. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: так, гэта ён.
Паўлічэнка сеў у машыну і мы паехалі ў Бегомль.
У Бягомлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласці побач. Пасля гэтага падыйшоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум, па два стрэлы зрабіў.
Пасля хвілін праз 5-10 сказаў распранаць іх і калі я распранаў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца.
Я запусціў руку ў туфлю і дастаў спецыяльную сцельку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы».
Гараўскі сцвярджае, што целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі «эскадрона смерці» пасля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку. «Бо ён доўга гарыць», — сказаў Паўлічэнка.
Гараўскі адмаўляецца ад папярэдніх сведчанняў, што пісталет быў у яго. Кажа суддзі, што гэта вынік «кепскага перакладу».
Суддзя:
— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, ім праводзяцца ў Беларусі растрэлы?
— Так.
— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?
Гараўскі пасля паўзы:
— Трымаў падобны.
— Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?
— Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.
Да перапынку адбылася невялікая спрэчка паміж суддзёй і Гараўскім.
Падсудны ўзвышае голас, часам пераходзіць з рускай на нямецкую. Прычына спрэчкі — Гараўскі адмаўляе паказанні, якія ён, паводле суддзі, даваў швейцарскай міграцыйнай службе. Суддзя кажа, што ён усё зачытвае з паперы міграцыйнай службы. Запытваецца ў Гараўскага, чаму той адмаўляе тое, што «вашай задачай было распрацаваць сістэму ліквідацыі людзей».
Гараўскі адказвае, што ён «не ліквідаваў людзей, а затрымліваў».
Далей Гараўскі падрабязна распавядае пра выкраданне і забойства Юрыя Захаранкі: «Калі, па загадзе Паўлічэнкі мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў з'ехаць».
— Ці ведалі вы, што гэты чалавек — Захаранка? — пытаецца суддзя.
— На момант, калі я служыў, Захаранка быў міністрам МУС, канешне, я ведаў, хто гэта такі.
Гараўскі распавядае, што Юрый Захаранка быў застрэлены са спіны. Гараўскі кажа, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад, і з ім «будет проводиться беседа», і не ведаў, куды яго вязуць.
Юрый Гараўскі адмовiўся адказваць на некаторыя пытанні суддзі. Суддзя запытаўся пра САХР і Дзмітрыя Паўлічэнку і некаторых іншых камандзіраў часткі.
— Якім чынам вы пазнаёміліся з палкоўнікам Смірновым? — запытаўся суддзя.
— Я не буду адказваць на гэтае пытанне.
— Чаму? Вы ж казалі пра гэта ў часе папярэдняга следства.
— Так. Але я прасіў пракурора не апублічваць гэтую інфармацыю.
У Інтэрнэце палкоўнік Смірноў згадваецца як кіраўнік вайсковай часткі 5525, а гэтая частка — 6-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь. Варта зазначыць, што з 2005 па 2008 гады гэтай брыгадай кіраваў Юрый Караеў.
Пракурор папрасіў суд пакараць Гараўскага трыма гадамі зняволення, два з якіх — умоўна
Пракурор лічыць, што ў судзе прадстаўлена дастаткова доказаў вінаватасці Гараўскага ў гвалтоўным выкраданні апазіцыйных беларускіх палітыкаў і просіць суд пакараць яго трыма гадамі зняволення, два з якіх — умоўна.
На думку пракурора, Гараўскі не можа быць экстрадаваны ў Беларусь.
Прадстаўнік сем'яў забітых беларускіх апазіцыянераў у сваёй прамове падтрымаў пазіцыю пракурора ў частцы вінаватасці Гараўскага, і лічыць, што Гараўскі мусіць выплаціць сваякам забітых 200 тысяч швейцарскіх франкаў у якасці кампенсацыі.
Прамовай прадстаўніка сем'яў забітых пасяджэнне скончана. Суд працягнецца заўтра, 20 верасня, а 9-й ранку па швейцарскім часе.
Карэспандэнтка «Новага часу» Вольга Класкоўская, якая правяла ўвесь дзень у швейцарскім судзе, падсумавала вынікі працэсу:
— Калі тое, што гаворыць Гараўскі, праўда, у беларускага рэжыму падставаў спаць спакойна становіцца ўсё меней.
Разам з тым у шэрагу прысутных складваецца ўражанне, што гэты чалавек імкнецца сябе выгарадзіць, штосьці недагаворвае. З аднаго боку, Гараўскі нібыта і прызнае свой удзел у выкраданні апазіцыйных палітыкаў, называе імёны заказчыкаў і ўдзельнікаў палітычных забойстваў, і просіць прабачэння ў сваякоў забітых, і гаворыць, што яго мэта — распавесці праўду пра злачынствы лукашэнкаўскага рэжыму на ўвесь свет, разам з тым, з цяжкасцю верыцца, што былы баец САХРа шчыра раскайваецца ў тым, што зрабіў.
Гараўскі заяўляе, што разумеў яшчэ ў 1999 годзе, што ўдзельнічае ў цяжкім злачынстве, і разам з тым апавядае, што пасля 2003 года працягваў час ад часу сустракацца з Паўлічэнкам і іншымі саслужыўцамі.
Але суд на тое і суд, каб расставіць кропкі над «і». Швейцарскае правасуддзе мае такую ж моцную рэпутацыю, як тамтэйшыя банкі і гадзіннікі. У выніку разгляду справы Гараўскага, калі злачынствы будуць зафіксаваны юрыдычна, рэжым Лукашэнкі з ягонымі шкілетамі ў шафе можа аказацца ў яшчэ болей жорсткіх абцугах.
***
Юрыя Гараўскага прывезлі ў суд пад аховай швейцарскіх спецслужбаў. Яго ахоўваюць вельмі шчыльна, падагнаўшы бус літаральна да дзвярэй суда, і сам Гараўскі быў пад капюшонам, не паказваючы твар.
Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХР у датычнасці да гвалтоўных знікненняў. Ацэньваць сапраўднасць яго слоў будуць суддзя і два прысяжных засядацеля. Калі яны прызнаюць Гараўскага вінаватым, гэта стане абвінаваўчым прысудам і для беларускага рэжыму, лічаць юрысты.
Нагадаем, 7 траўня 1999 года па дарозе дадому знік экс-міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка. 16 верасня таго ж года зніклі былы кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Віктар Ганчар і яго сябар, бізнесовец Анатоль Красоўскі.
Афіцыйнае расследаванне іх знікнення пачалося 17 верасня 1999 года. За 24 гады, якія прайшлі з таго моманту, яно неаднаразова прыпынялася і аднаўлялася, але ў выніку не прывяло ні да якога выніку: целы зніклых знойдзеныя не былі, датычныя да іх знікнення — таксама.
Пры гэтым яшчэ ў пачатку 2000-х незалежныя беларускія СМІ апублікавалі некалькі важных дакументаў і сведчанняў, якія паказвалі на магчымае дачыненне да выкраданняў Юрыя Сівакова, які на той момант займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, былога кіраўніка Савета бяспекі Віктара Шэймана, камандзіра САХР Дзмітрыя Паўлічэнкі і яго байцоў.
Гэтую версію агучыў экс-начальнік мінскага СІЗА №1 Алег Алкаеў. Пра гэта ж распавялі былыя следчыя беларускай пракуратуры Алег Случак і Дзмітрый Петрушкевіч. У 2004-м да такой жа высновы прыйшоў спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстас Пургурыдэс.
Увосень 2018-га Гараўскі выехаў з Беларусі і папрасіў прытулак у Швейцарыі. Пазней ён звязаўся з журналістамі і распавёў пра свой удзел у выкраданні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У 1999-м годзе, па яго словах, мужчына служыў у спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання МУС.
У сваім першым інтэрв'ю Юрый Гараўскі падрабязна распавёў, як былі выкрадзеныя і забітыя Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Але судзіць экс-сілавіка будуць толькі за ўдзел у шматлікіх гвалтоўных знікненнях.
Прычына ў тым, што швейцарская пракуратура мае права расследаваць толькі забойствы, учыненыя на тэрыторыі Швейцарыі, за выключэннем генацыду або злачынстваў супраць чалавечнасці — такія злачынствы могуць разглядацца ў рамках універсальнай юрысдыкцыі.
Гвалтоўныя знікненні таксама падпадаюць пад яе дзеянне, паколькі Швейцарыя ў 2016 годзе ратыфікавала адпаведную Канвенцыю ААН. У выніку швейцарская судовая сістэма можа разглядаць справы аб выкраданні і гвалтоўным знікненні людзей незалежна ад месца здзяйснення злачынства.
Читайте еще
Избранное