Общество

«Калі ўсьміхнуўся, могуць прыйсьці са «шмонам»

Віктар Царыкевіч — адзін зь першых палітвязьняў апошняй выбарчай кампаніі, які выйшаў на волю, бо адбыў пакараньне. Ён сядзеў за сэрыю пэрформансаў у сваім раёне, у тым ліку за пудзілы ў міліцэйскай форме. Віктар расказаў Радыё Свабода пра душ з шампанскага, мошку ў «адзіночцы», размовы з асуджаным «кадэбэшнікам» і пра тое,чаму ня зьедзе са сваёй зямлі.

Далі год за «пахаваньне закону», лялькі міліцыянтаў і сьцяг на стэле

Віктару Царыкевічу 39 гадоў. Жыве ў Горадзенскай вобласьці, у горадзе Масты з насельніцтвам 15 тысяч чалавек. Двухпавярховы дом на ўскрайку гораду пабудаваў сам. Адвучыўся на заатэхніка, памяняў шмат працаў, урэшце заняўся будоўляй. У Віктара з жонкай Тацянай трое дзяцей: 4, 9 і 12 гадоў.

Затрымалі Віктара летась 11 лістапада. Напярэдадні ў Мастоўскім раёне на аўтобусных прыпынках у вёсках нехта павесіў пудзілы ў міліцэйскай форме.

А ў полі зьявіліся імправізаваныя «могілкі» з шыльдамі «надмагільляў» — Канстытуцыі Беларусі, эканомікі краіны, судовай сыстэмы, сумленных выбараў, павагі да міліцыі. Датай «сьмерці» пазначылі 9 жніўня 2020 году. Побач з могілкамі ляжала лялька міліцыянта ў труне. «Тут пахаваны закон», — казаў надпіс на аркушы паперы.

Да таго ж пасярэдзіне белай стэлы «Масты» на ўезьдзе ў горад зьявілася чырвоная паласа, а на дрэвах у раёне хтосьці маляваў бел-чырвона-белыя сьцягі.

Ва ўсёй гэтай творчасьці абвінавацілі Царыкевіча — «хуліганства». Яго ж прызналі вінаватым у абразе старшыні Мастоўскага райвыканкаму Юрыя Валяватага. Сам фігурант спачатку пагадзіўся запісаць прызнальнае відэа для міліцыі, аднак у судзе сваю віну цалкам не прызнаў.

Судзьдзя Мастоўскага раёну Віталь Сініла прысудзіў Царыкевічу 1 год калёніі агульнага рэжыму. Праз суд у сям’і канфіскавалі старэнькі аўтамабіль. У СІЗА Віктар сядзеў у горадзенскай турме, пакараньне адбываў у віцебскай калёніі «Віцьба».

Пасьля пераліку тэрміну паводле новага заканадаўства (1 дзень СІЗА = 1,5 дня калёніі агульнага рэжыму) яму скарацілі пакараньне на 81 дзень. На волю Віктар выйшаў 21 жніўня.

«Дадому! Дадому!»

У той суботні дзень, 21 жніўня, Віктар прачнуўся, як звычайна, а 6 гадзіне на «Віцьбе».

«Я адчуваў нутром, што пайду сёньня дахаты», — кажа ён.

Да ягонай хаты — паў-Беларусі. Выпускаць яго хацелі на два дні пазьней. Віктар нават напісаў скаргу ў Генпракуратуру. Падзейнічала яна ці не, ён ня ведае, але пасьля сьняданка яму загадалі зьбіраць рэчы. «Дадому! Дадому!» — даведаліся і пераказвалі яму таварышы.

— Зьбіраць жа няма чаго, — кажа Віктар. — Але трэба было рэчы разьмеркаваць: каму кіпяцільнік аддаць, некаму — кубак, камусьці печыва, шакалядку, вафлю, усім пакрышку, не аднаму ж зваліць усё. Камусьці пінжак, швэдар, шапку, шкарпэткі новыя, зубную пасту, крэм для галеньня. Гадзіньнік зьняў з рукі, аддаў.

Лісты Віктару даходзілі толькі ў СІЗА, у калёнію — ужо не

Праводзіць Віктара выстраілася цэлая чарга ахвотнікаў. Падыходзілі цэлымі кампаніямі абдымацца, перадаць просьбы на волю, папрасіць нешта з рэчаў.

Звычайна людзі вызваляюцца ціха, амаль незаўважна, кажа суразмоўца. А яго не хацелі адпускаць. Чаму так, у яго няма адказу. Магчыма, сакрэт у ягонай харызматычнай усьмешцы, якая падымала на зоне дух, а магчыма — у тым, што ён не дзяліў сядзельцаў паводле пасадаў, не баяўся размаўляць з былым кадэбэшнікам і сябраваў з судзьдзём-хабарнікам. На «Віцьбе» адбываюць пакараньне многія былыя дзяржаўныя службоўцы.

Да вакзалу ён дабраўся таксоўкай. Адтуль маршруткай на Менск і зь перасадкай на Шчучын, куды даехаў каля 17-й гадзіны. У кіроўцы папрасіў пазваніць жонцы, што неўзабаве будзе. Высадзіўся на трасе.

— І тут гляджу, да мяне з усіх бакоў па газонах бягуць людзі. Аблілі з галавы да ног шампанскім. Пачалі абдымаць. Плакалі, шмат плакалі, проста бяз словаў, — успамінае шчасьлівы дзень Віктар.

У першы тыдзень пасьля калёніі ён зноў прывыкае да волі, робіць хатнія справы, бавіць час зь сям’ёй. Ходзіць штодня ў тым самым адзеньні, бо, кажа, яшчэ не разабраў свае хатнія рэчы.

— Як я сябе адчуваю, ня ведаю. То раптам галава забаліць, хоць я не хварэю, то есьці захочацца, паем, а празь пяць хвілін — зноў, — кажа нядаўні вязень. Пакуль яму цяжка вяртацца ў звычайнае жыцьцё.

«Там 80% сядзіць ад тых 3%»

«Палітычных» паўсюль не бракавала. У кожнай камэры СІЗА зь ім сядзелі па 2-3 чалавекі з палітычнымі справамі, на «Віцьбе» цяпер каля 70 палітвязьняў. У калёніі тыя, хто стаіць на ўліку як «экстрэміст», павінны насіць жоўтыя біркі.

— Там 80% сядзіць ад тых 3%, — паўжартам кажа Віктар пра кантынгент. — Асноўная іхная мэта — адурыць бліжняга, зьесьці спачатку чужое, а свайго не кранаць.

Чалавечнага, на ягоную думку, на зоне нічога няма. Раней асуджаныя выконвалі абяцаньні, цяпер іх не прытрымліваюцца. Калі нехта нешта пазычыў іншаму, то наўрад ці яму гэта аддадуць. Чалавечнасьці з боку супрацоўнікаў Віктар таксама не сустракаў. Калі нехта і выглядаў добрым чалавекам, то баяўся гэта праявіць, каб яго не «здалі» начальству калегі.

— «Палітычныя сталі адыходзіць ад «зэч’я». Яны там кураць, «чаі ганяюць», а мы зарадку робім, чытаем, іншую працу робім, — кажа пра адрозьненьні былы вязень.

У калёніі Віктар працаваў падсобным рабочым на дрэваапрацоўцы. За 4 месяцы зарабіў 4 рублі.

«Экстрэмісты» носяць у калёніі жоўтыя біркі

— На прамзоне вітаецца ўсё тупое, дурное. Калі добрую падказку дасі, гэта не вітаецца. А калі прыдумаеш, як ускладніць жыцьцё ўсім, гэта ўхваляюць, каб дошку, прыкладам, прынесьці не напрасткі, а наўкола, — расказвае пра парадкі вязень.

«Праз шчылінку ў замурзаным акне пабачыць вуліцу — шчасьце»

Пра ўмовы вязень коратка кажа: было цяжка. Кожны дзень — як выпрабаваньне. Ня ведаеш, дзе будзеш праз хвіліну. У калёніі цяжэй, чым у СІЗА, бо зусім няма асабістага часу і прасторы.

— Гарадзенская турма вяртае ў Сярэднявечча. На сьценах цьвіль, — успамінае Віктар.

Як самыя цяжкія моманты Віктар успамінае час карантыну і час у «стакане», калі памяшканьне перанаселенае ў некалькі разоў, «як шпроты ў бляшанцы». Цяжкім быў доўгі этап у калёнію.

Рукі скутыя кайданкамі наперадзе, «сабакі ногі ледзь не грызуць», а трэба несьці свае дзьве вялізныя торбы з рэчамі, закідваць іх у вагон. Гаворкі пра тое, што дапамогуць канваіры, няма.

Калі сьледзтва па справе Царыкевіча завяршалася, яго пасадзілі на 21 дзень у адзіночную камэру. Адтуль рэгулярна выклікалі на гутаркі. Ад яго чакалі прызнальных паказаньняў або сьведчаньняў супраць іншых. Ён нічога не сказаў.

— Калі я праседзеў тыдзень у адзіночцы, у мяне ў камэры зьявілася адна мошка, маленькая мошка. Я так радаваўся, што я там не адзін, — кажа былы вязень.

Дробнай радасьцю было ўбачыць горад па дарозе на суд.

— Праз шчылінку ў замурзаным акне пабачыць вуліцу — гэта шчасьце. Я ня бачыў сьнегу гэтай зімой, — кажа Віктар.

Каб выпрабаваць сябе на трываласьць пасярод штодзённых стрэсаў, ён у турме кінуў курыць. Аднак пры гэтым стараўся заставацца бадзёрым.

— Можа, толькі адзін дзень сумаваў, калі ў дзіцяці быў дзень нараджэньня. Але не магу я доўга грузіцца... На Новы год было сумна, а потым усё роўна весела. Нехта запусьціў салют за брамай горадзенскай турмы, — успамінае ён.

Віктар кажа, што ўсьміхацца ў зьняволеньні не прынята. Калі супрацоўнік убачыць усьмешку, можа прыйсьці са «шмонам», бо ўсьмешка сьведчыць, што чалавек не зламаўся, таму яму чыняць дадатковыя цяжкасьці. Але ўнутраны настрой, на ягоную думку, — менавіта тое, чаго ня могуць забраць.

На «Віцьбе» ён убачыў, што людзі досыць прыгнечаныя.

— Я не баяўся ўсьміхацца. Ня трэба нос апускаць. Я першы, хто стаў там падымаць дух. Былі тыя, хто насы добра павесілі. Навучыў я іх вітацца, цяпер усе так вітаюцца, — кажа Віктар і паказвае знак «вікторыі» і сьціснуты кулак.

«Калі іх будуць судзіць, я буду за тое, каб судзілі нястрога»

«Віцьба» лічыцца паказальнай калёніяй, бо там сядзяць былыя пракуроры, сьледчыя, судзьдзі, бізнэсоўцы. Па назіраньнях Віктара, сярод вязьняў адчуваецца падзел паводле былых пасадаў.

«Простыя людзі» баяцца падыходзіць да «дзяржслужбоўцаў», хоць і хацелі б запытацца парады ў сваіх справах. Ён сам так не дзяліў людзей, а стасаваўся зь імі паводле чалавечых якасьцяў.

— Я любому мог сказаць, што ён забойца, калі ён сядзеў за забойства. Не баяўся гэта гаварыць. Там так не прынята, — кажа Віктар.

Зьняволенаму былому кадэбэшніку, якому далі 15 год за здраду дзяржаве празь перадачу сакрэтных дадзеных, Віктар казаў у твар, што той вінаваты.

— Кажу: «Колькі б ты сам сабе даў, калі б сябе судзіў?» — «Гадоў 7–8». — «Вось і сядзі. Хто вінаваты, што сыстэма такая жорсткая? Ты сам сябе асудзіў. Ты злачынец. Ты хацеў 7–8, а сыстэма захацела 15, — пераказвае дыялёг суразмоўца.

Царыкевіч мяркуе, што праз тое, што ён не баяўся, яго пабойваліся супрацоўнікі. Калёну, у якой ён ішоў на працу, маглі не пералічваць, не правяраць, апускалі вочы пры сустрэчы, пасьля таго як ён напісаў скаргу на іх у Генпракуратуру.

— Яны адчуваюць, што ім за гэта некалі нешта будзе, — мяркуе былы вязень.

Ён перакананы, што чакаць нечага добрага ад супрацоўнікаў турмы ня варта, як і верыць ім.

— Калі іх будуць судзіць, пэўна, я буду адным зь нямногіх, хто скажа, каб іх не судзілі строга. Каб яны ўбачылі, што ня толькі зло бывае, каб яны адчулі, што можа быць нешта добрае, — кажа пра будучыню Царыкевіч.

«Навошта тады было ўвогуле падымаць голаў?»

Царыкевічу ў ліпені прыйшоў ліст ад Васкрасенскага з прапановай напісаць прашэньне аб памілаваньні. Ён на яго не адказваў.

Ён расказаў, што 30 траўня ў калёнію прыяжджалі прадстаўнікі Генпракуратуры, выклікалі па адным усіх, хто стаіць на ўліку па «экстрэмізьме» і ўгаворвалі пісаць такую ж просьбу.

Пагадзіліся 6–7 чалавек. Аднак пазьней іхным сваякам у Генпракуратуры сказалі, што ніякіх папераў у іх няма. Пазьней іх выявілі ў Васкрасенскага, кажа Царыкевіч. Цяпер вязьні ўжо не давяраюць такім прапановам.

Віктар мяркуе, што ўнутры калёніі нікога ня будуць асуджаць, калі яны напішуць прашэньні аб памілаваньні, бо гэта прыватная справа кожнага.

Што да агульнага настрою вязьняў, то суразмоўца перакананы, што большасьць працягвае спадзявацца на хуткія перамены.

— Да гэтага часу людзі там сядзяць з такімі думкамі, што вось-вось нешта пераменіцца. Нетрывалае ўсё, што будуецца на гвалце... Надзея там ніколі не памрэ. Кожны вечар па СТВ навіны. Гэта як закон — прыйсьці і паслухаць хаця б анонс — можа нешта памянялася, — кажа Віктар.

Ён сам верыць у лепшае, зьяжджаць з краіны не плянуе.

— Усё добра будзе. Ход гісторыі не зьмяніць. Сядзець, павесіўшы насы, — навошта? Хай год, хай два, усё роўна нешта ж зьменіцца. Хай нават пяць. Трэба заставацца і будаваць краіну сваімі рукамі... Навошта тады было ўвогуле падымаць голаў? — кажа ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(28)