Лучшее из архива
Анастасія ЗЕЛЯНКОВА

Калі прыходзіць Новы год?

У старажытныя часы на Беларусі Новы год надыходзіў 1 сакавіка. Традыцыя гэтая абгрунтаваная не горш, чым кiтайскi цi японскi Новыя гады, якiя адзначаюць аматары святаў ва ўсiм свеце.

Вясна, на думку нашых продкаў, лепш адпавядала пачатку года як пара абуджэння прыроды і зварот да палявых работ. Нават упрыгожанне навагодняй елкі першапачаткова было абрадам ахвярапрынашэння гэтаму дрэву, каб яго жыццёвая сіла паспрыяла ўрадлівасці поля.

У розных народаў Еўропы (у тым ліку і ў календары рускага народа) назвы некаторых месяцаў прама ўказваюць на тое, што год пачынаўся з вясны. Так, руская назва верасня “сентябрь” i англійскі september перакладаюцца як сёмы, “октябрь” (october), “ноябрь” (november) і “декабрь” (december) — адпаведна восьмы, дзевяты і дзесяты месяцы. Так і атрымліваецца, калі лічыць ад сакавіка.

Каляндар, якім мы зараз карыстаемся, завецца грыгарыянскім — у гонар Папы Рымскага Рыгора ХІІ. Ён падлічыў, што ранейшы юліянскі каляндар крыху адстае ад астранамічнага і за некалькі стагоддзяў губляе больш за тыдзень. У выніку рэформы еўрапейскія сучаснікі Папы, заснуўшы 5 кастрычніка 1582 года, раніцай пастарэлі адразу на 10 дзён і ўбачылі, што на двары ўжо сярэдзіна месяца.

Толькі жыхарам Расійскай імперыі не хацелася старэць, бо да 1918 года Расія жыла па юліянскім календары і працягвала “губляць” дні. Разбежка дасягнула ўжо 13 сутак. Становішча выправіў дэкрэт Саўнаркама, які прымушаў усіх перадавых грамадзян лічыць, што ў 1918 годзе адразу пасля 31 студзеня павінна быць 14 лютага.

Зараз усе краіны карыстаюцца агульнапрынятым сонечным грыгарыянскім календаром. Хаця, напрыклад, у Паўднёва-Усходняй Азіі яшчэ даволі папулярны старажытны цыклічны. Згодна з ім летазлічэнне вядзецца не стагоддзямі, а цыкламі па 60 гадоў, кожны цыкл складаецца з шасці 10-гадовых і адначасова пяці 12-гадовых перыядаў.

Гісторыя летазлічэння на Беларусі ўвогуле досыць заблытаная. Спачатку нашы продкі карысталіся сонечна-месяцавым календаром, а з прыняццем хрысціянства прынялі юліянскае летазлічэнне па візантыйскім узоры. Але новы год пачыналі не з 1 верасня, як у Візантыі, і нават не з 1 студзеня, як у Рыме, а па сваёй шматвекавой традыцыі — вясною, 1 сакавіка.

Пачатак новага года 1 студзеня беларусы пачалі адзначаць амаль на тры з паловай стагоддзі раней за Расію. Так было на той частцы Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. Ва ўсходняй частцы Беларусі год усё яшчэ пачынаўся з вясны, а з 1493 года быў перанесены на 21 верасня. Гэтак заставалася аж да ўказа Пятра І у 1700 годзе, які і загадаў святкаваць Новы год 1 студзеня, што мы зараз і робім.

Але каб не адыходзіць ад нацыянальных традыцый, з надыходам вясны смела бярыце ў рукі торбу ды ідзіце шчадраваць па суседзях, каб было з чым веснавы Новы год сустракаць. А калі і гэтага пакажацца мала, можна адзначыць яшчэ летні (21 чэрвеня) і асенні (21 верасня). Святкаваць Новы год ніколі не позна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)