Политика
Анастасія Зелянкова

«Калі нашага прадстаўніка не пусцяць на Усебеларускі сход, тады будзем задавацца пытаннем: а што ж гэта за народны сход і хто тады народ?»

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» паэт Уладзімір Някляеў заявіў пра свой намер вылучыцца дэлегатам на Усебеларускі народны сход і ўжо пачаў збор подпісаў. У інтэрв’ю «Салідарнасці» ён расказаў, навошта яму гэта патрэбна, чаго баіцца і што хоча спытаць у прэзідэнта.

— І ўсё ж такі незразумела, навошта вам спатрэбілася гэтае мерапрыемства? Хочаце асабіста ў вочы паглядзець?

— Каму ў вочы? Вось вам бы я ў вочы паглядзеў. А на сход іду, таму што як грамадзянін Рэспублікі Беларусь маю права ўдзельнічаць ва ўсіх сходах, мітынгах, парламенцкіх асамблеях... І зараз я вырашыў гэтае права скарыстаць. Чаму? На канферэнцыі прадпрымальнікаў 19 ліпеня, я спытаў у гэтых, дарэчы, самых актыўных людзей Беларусі, хто з іх калі-небудзь удзельнічаў у нейкім прадстаўнічым органе Рэспублікі Беларусь? Аказалася, што са ста чалавек ніхто. Тады я пацікавіўся: а хто ж будзе прадстаўляць нашы інтарэсы на Усебеларускім народным сходзе? Аказалася, што таксама няма каму. Толькі калі мы самі не паклапоцімся пра гэта. Тады мы і вырашылі, што трэба кагосьці туды дэлегаваць. Вось так узнікла ідэя, якую падтрымалі ўсе. Па-першае, насамрэч гэта даволі цікавы ход, а па-другое, можа быць, з гэтага што і выйдзе?

— Вы лічыце, што гэтае лаяльная да ўладаў зборышча можа насамрэч вырашаць нейкія праблемы?

— Я лічу, што на гэтым, як вы кажаце, зборышчы могуць быць людзі, якія скажуць нешта адрознае ад таго, што звычайна там кажацца. Да таго ж там могуць быць прынятыя нейкія вызначальныя рашэнні. Бо час, у які мы зараз жывем, вельмі няпросты. Калі ўжо палата прадстаўнікоў уціхую прыняла рашэнне па Мытным савеце, чаму нельга ўявіць, што яны зноў, сабраўшыся ў народных колах, бах, і не прымуць нейкае рашэнне, пасля якога мы не будзем ведаць, што рабіць? Таму я не лічу лішнім сваю прысутнасць. Што дрэннага ад таго, што на гэтым сходзе будуць людзі, якія думаюць інакш, чым гэтыя дэлегаваныя ўладай, а дакладней прызначаныя ёй, людзі?

— А што вы канкрэтна хочаце спытаць у прэзідэнта?

— Буду ўзнімаць праблемы, якія звязаныя непасрэдна з нашым жыццём. Калі нам скажуць, што мы вельмі хораша жывем, я хачу прывесці лічбы, з якіх гэта не вынікае. Калі нам скажуць, што нас так хораша абслугоўваюць медычна, то я хачу прывесці факты, якія сведчаць пра іншае. І шмат чаго яшчэ. А найпершае, што я там хачу сказаць, гэта тое, што калі наша краіна хоча сябраваць іншымі, то тут павінна быць грамадская супольнасць – раз, палітычныя і грамадскія арганізацыя – два, і свабодныя дэмакратычныя выбары – тры. Без гэтага ніякія іншыя ўмовы, якія прапануе нам улада, не могуць прывесці нас да выніку.

— Але ж у нас ужо быў адзін сумны вопыт...

— Вы маеце на ўвазе Казуліна?

— Так. І тады гэта скончылася збіццём і арыштам кандыдата.

— Але ж гэта быў вопыт трошкі іншага кшталту. Я хачу пайсці больш законным шляхам. Хаця нельга сказаць, што Казулін ішоў незаконна — ён быў кандыдат РБ, за ім былі подпісы ягоных выбаршчыкаў. Але зараз мы канкрэтна хочам дэлегавацца на гэты сход, сабраўшы подпісы. Хаця асабліва невядома, у рамкі якіх законаў і інструкцый трэба туды вылучацца. Бо законаў, у якія б упісваўся гэты сход, ніякіх няма, ён нідзе не прапісаны, ён нібыта нават пазаканстытуцыйны. Але мы будзем прытрымлівацца хоць фармальнай, але нейкай працэдуры. Паглядзім што з гэтага атрымаецца.

— Верыце ў поспех гэтага прадпрыемства?

— Калі нашага прадстаўніка не пусцяць, тады будзем задавацца пытаннем: а што ж гэта за народны сход, чаму гэты народ на яго не пушчаюць і хто ж тады народ?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)