«Калі на мяне бяжыць натоўп, усё роўна, хто там знаходзіцца»

Прапаршчык Уладзімір Рэцікаў, які паліваў слёзацечным газам футбольных фанатаў у Бабруйску, не пашкадаваў 5-гадовага хлопчыка.

Стала вядомае прозвішча спецназаўца, які падчас нядаўняга футбольнага матчу ў Бабруйску паміж "Белшынай" і мінскім "Дынама" ўжыў слёзацечны газ супраць сталічных фанатаў, якія радаваліся забітаму голу. Пры гэтым пацярпеў 5-гадовы хлопчык і адзін з футбалістаў. У адказ уся трыбуна скандавала: "Ненавідзім рэжым!"

Сайт Goals.by паразмаўляў з Юрыем, бацькам пацярпелага хлопчыка. Вось што ён расказаў: «У гэты момант мы з дзіцем знаходзіліся на першым шэрагу. Убачыўшы балон у руках амапаўца, паспеў закрыць сына. У вочы газ не трапіў, але твар добра абпаліла. Дзіця ў шоку! Нас даставілі ў медпункт, дзе прамылі твар вадой. На працягу гадзіны ўсе прайшло. Але скажыце, як дзіця цяпер зможа хадзіць на футбол? Пасля таго, што здарылася ў яго назіраецца негатыўная рэакцыя на людзей у форме. Калі адзін супрацоўнік міліцыі падбег дапамагчы, сын стаў крычаць: "Не падыходзьце да мяне!" Улічваючы тое, што здарылася, на фанацкі сектар з дзіцем больш не пайду".

Паводле Юрыя, спецназавец яму пасля сказаў: "Калі на мяне бяжыць натоўп, усё роўна, хто там знаходзіцца — дзеці ці жанчыны".

Галоўны спецыяліст упраўлення па правядзенні спаборніцтваў Беларускай федэрацыі футбола Аляксандр Чэрнік паабяцаў, што вінаватыя ў інцыдэнце абавязкова будуць пакараныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)