«Калі КДБ затрымаў мяне другі раз, сказалі: «Далі табе адпачыць пасля зняволення. Але твой час адпачынку скончыўся»

Актывістка і былая палітзняволеная, чаліня фракцыі «Моладзевы наступ» Каардынацыйнай Рады Алана Гебрэмарыям распавяла, ў чым сіла беларусаў, што было цяжэй за астатняе прыняць у эміграцыі і як сябе паводзіць, каб не прабалбатацца агенту КДБ.

Фота прадастаўленыя субяседніцай «Салідарнасці»

— Алана, на судзе, калі вам далі 2,5 гады калоніі, вы казалі апошняе слова: «...сапраўды вялікія тыя, чые сэрцы б'юцца для ўсіх. Я ганаруся тым, што я беларуска!»

Сёння ўзнікла адчуванне, што ў нейкі момант мы натыкнуліся на развілку. Як калісьці жартам, яшчэ да 2020-га, казаў добры знаёмы: «А далей кожны сам за сябе». Цяпер, на жаль, гэта не выглядае, як жарт, бо ў эміграцыі трэба ўжо змагацца за сваё ўласнае жыццё. Як атрымліваецца ў вас?

— Я і сёння прытрымліваюся сваіх словаў. І лічу дагэтуль, што вельмі важна для нас, як для нацыі, беларусаў і беларусак, думаць не толькі пра сябе і захоўваць той патэнцыял, які мы назапашвалі ў 2020-м, патэнцыал салідарнасці, дапамогі, узаемавыручкі пастаяннай, падтрымкі. Не варта ад гэтага адмаўляцца, не гледзячы на тое, што перад намі, тымі хто ў эміграцыі, ужо новыя выклікі — уладкаванне новага жыцця на новым месцы з чыстага ліста і гэта складана. Трэба клапаціцца пра сябе, бо калі не будзе кожнага з нас паасобку, мы не зможам дапамагаць іншым.

Але калі ёсць на гэта магчымасць — сілы, рэсурсы пры закрыцці базавых патрэбаў у эміграцыі — я лічу, што ўсё яшчэ важна, нават маленькімі справамі, дапамагаць іншым. Гэта можа быць данат палітзняволеным, их сем’ям ці ЗСУ. Гэта можа быць ліст ці слова падтрымкі, напісанае ў сацсетках, пераданае праз знаёмых сям’і, у якой сядзіць блізкі чалавек. Пазычыць грошы, дапамагчы з нейкай мэбляй для офіса ці дома.

І галоўнае — мы павінны не забываць, што гэта наша сіла, якую адзначаем не толькі мы, але і іншыя народы, якія ўзаемадзейнічаюць з намі. Таму я не лічу, што мы зараз ад гэтага адмовіліся, лічу, што проста зараз для беларусаў новы выклік, з якім мы спраўляемся, хтосьці больш, хтосьці менш.

«Алана да турмы і пасля яе — гэта два розныя чалавекі»

— Асабіста я дагэтуль працую ў грамадска-палітычнай галіне, спрабую дапамагаць, кансультаваць, займаюся адвакацыяй па пытаннях вызвалення палітзняволеных, набліжэння іх вызвалення, дапамогай іх сем’ям у межах розных арганізацый. Таксама займаюся адвакацыяй праў моладзі.

Для мяне гэта не скончылася, быў невялікі перапынак у пару месяцаў пасля эвакуацыі, калі трэба было закрыць базавыя патрэбы: знайсці жыллё, працу, падаць дакументы на легалізацыю. Увогуле зразумець што са мной, як я? Ці ёсць у мяне сілы на тое, каб уключацца ў нейкія грамадскія дзеянні, у актывізм?

Гэты перыяд прайшоў, але бывае, што і дагэтуль накрывае кантэкст. І па здароўю праблемы бываюць, у тым ліку з-за турэмнага досведу.

— Што дапамагае калі накрываюць адчай і стомленасць?

— Вельмі важна асяроддзе, якое нас атачае. Людзі, якія прытрымліваюцца тых жа каштоўнясцяў, якія падтрымліваюць вашы дзеянні і ідэі.

У мяне вельмі клапатлівыя сябры і сяброўкі, калегі з каляжанкамі, якія не ціснулі на мяне, каб я распавяла ўсе падрабязнасці турэмнага досведу ці штосьці яшчэ. Якія паступова аднаўлялі са мной кантакт, якія разумелі, што людзі пасля гэтага досведу змяняюцца.

Алана да турмы і пасля яе — гэта два розныя чалавекі. І гэта працуе не толькі для мяне, а агулам для ўсіх, хто праходзіць праз вялічэзную траўму, катаванні і выпрабаванні.

Сябры спрабавалі паціху дазнавацца хто я ёсць зараз, запытваць, што мне трэба, акуратна і клапатліва прапаноўваць дапамогу, як фінансавую так і інфармацыйную. Нават пасядзець разам, паглядзець фільм, паразмаўляцть пра штосьці, нават не пра палітычнае, не пра грамадскае, але пра побытавае і жыццёвае. Мне гэта вельмі дапамагала.

Таму раю людзям, якія не ў рэсурсе, выгарэлі з-за працы ці з-за чагосьці іншага, ад таго, што іх адарвалі ад сям’і, ад Беларусі, кантэкста  — калі не атрымліваецца справіцца самім, звярнуцца па дапамогу спецыяліста. Гэта нармальна, і я таксама гэтым карыстаюся.

Не хаваю таго, што звяртаюся да псіхалагінь, псіхатэрапеўтак з рознымі сваімі жыццёвымі запытамі. Калі зусім дрэнна сябе адчуваеце — не трэба адмаўляцца ад медыкаментознай тэрапіі, ад дапамогі псіхіятра.

Гэта не значыць, што з вамі штосьці не так, што вы нейкі няправільны, ненармалёвы. Гэта пра тое, што ментальнае здароўе, псіхіка не вытрымліваюць самастойна пасля такіх жудасных падзей, што мы перажывалі,  перажываем. І гэта нармальна, калі лекар ці лекарка прапішуць для вас таблеткі, каб палегчыць гэты стан і хутчэй вярнуцца да сябе.   

«Нават маё паведамленне ў мэсанджары — гэта небяспечна»

— Што самае цяжкае для «новай» Аланы, пра якую вы казалі?

— Асэнсаванне, што я не магу працаваць «у полі», не магу камунікаваць з людзьмі ў Беларусі напрамую. Нават маё паведамленне ў мэсанджары гэта небяспечна, таму што я «экстрэмістка», і для людзей у Беларусі гэта можа скончыцца адміністратыўнай ці нават крымінальнай адказнасцю.

Самае складанае было прыняць гэта: што я больш не змагу быць у кантакце з людзьмі ў Беларусі. Не змагу працаваць там, дапамагаць, што большасць некамерцыйных арганізацый ліквідаваны ці ліквідуюцца зараз. І не гледзячы на тое, што я ўсе адно працую для Беларусі і з беларусамі, разумею, што паступова адрываюся ад іх рэчаіснасці і рэальнасці.

Я пераехала менш за год, але ўжо не так моцна магу разумець змены ў краіне і даваць адэкватную ацэнку. Я магу прыкладна разумець, што людзі перажываюць і ўлічваць гэта ў сваёй працы і ў тым, што я кажу, але вельмі лёгка казаць, калі ты ў бяспецы і эміграцыі, а не калі ты знаходзішся там падчас неверагодных рэпрэсій і катаванняў.

— Людзі часам падазрона ставяцца да тых, да каго КДБ прыходзіў ужо па другім коле, адпускаў і, здавалася б невыязныя, з'яжджалі за мяжу. Чула меркаванне, што «проста так» не адпускаюць, тым больш, калі прапаноўвалі супрацоўнічаць з КДБ. Ці думалі вы пра ўсеагульную беларускую падазронасць, і што адказваць, калі такія пытанні ўзнікаюць?

— Пытанне ў сэнсе, што раз чалавек выехаў пасля пераследу спакойна  — значыць, ён супрацоўнічае з КДБ? Думаю, што гэта падазронасць не ўзялася без нейкай глебы. Падазронасць пасля такого досведу — гэта нармальна.

Пра сваю бяспеку трэба дбаць у любым выпадку. І думаць пра што, з кім і якім чынам вы абмяркоўваеце, што распавядаеце. Я таксама спрабую сябе спыняць, не даваць кантакты ўсім, ацэньваць з кім  размаўляю, што ўвогуле не трэба гаварыць.

Калі вы не ведаеце азы інфармацыйнай бяспекі, я б параіла ўсё ж такі звярнуцца да грамадскіх арганізацый, Цэнтра беларускай салідарнасці, ён праводзіць трэнінгі, да Free belarus center.     

Бывае, што чалавека прымусілі супрацоўнічаць, і ён не ведае, як выйсці з гэтага колу. Гэта цалкам магчыма, я такіх людзей ведала, якія па выніку мне прызнаваліся: «Так, мы супрацоўнічаем з КДБ, выбачай, што не сказалі раней. Баяліся и дагэтуль баімся...»

Службы бяспекі працуюць па актывістах, па іх знаёмых, па былым калегам і каляжанкам, па сем’ях. Камітэт будзе так рабіць і шукаць новую інфармацыю.

Я сама была здзіўленая, што мяне адпусцілі пасля новага затрымання, а не адразу зноў пасадзілі. У мяне было некалькі паралельных крымінальных спраў. Але мяне адпусцілі, і я выехала, бо працаваць на іх не збіралася і не хацела бы ніколі, таму што гэта абсалютна не пра мяне. Я нікога ніколі не здавала, не перадавала нейкую інфармацыю ў органы.

Мы шмат чаго не ведаем. Не ведаем наколькі і ў кім яны зацікаўлены. І нельга адразу вешаць кляймо на чалавека, казаць, што ён супрацоўнічае з рэжымам ці камітэтам. Мне здаецца, такія рэчы трэба даказваць.

Вінаваціць людзей проста так ненармалева. Тады атрымліваецца чым мы лепш за рэжым, які спрабуе настройваць насадзін супраць аднаго?

«Я ніколі не хацела з’яжджаць з Беларусі, магчыма, таму і села ў турму» 

— Разумею, што для вас эміграцыя стала ратаваннем ад новага пераследу, але наколькі яна аказалася прасцей за мінулае жыццё? Некаторыя былі гатовыя вярнуцца ў Беларусь, хай і жудасную, але сваю, родную. Бо немагчыма інакш.

— У мяне не было момантаў калі я хацела вярнуцца ў Беларусь. І не таму, што я не  хачу жыць у Беларусі. Я ніколі не хацела з’яжджаць з Беларусі, магчыма, таму і села ў турму. Але сама дзяржава, сам КДБ, губазік стварылі такія ўмовы, што я зразумела, што там ужо немагчыма.

У мяне была спроба застацца, пасля вызвалення з турмы. Думала, паспрабую год, пабуду з блізкімі, з сям’ёй, неяк ім дапамагу, проста буду знаходзіцца ў той краіне, у якой хачу.

Але і Беларусь змянілася, і я змянілася, і там ужо не было шмат таго, што я цаніла.

І праз 6 месяцаў мяне зноў затрымалі, сказаўшы, шо «мы далі табе адпачыць... Але твой час адпачынку скончыўся». І пасля той 5-ці гадзіннай размовы было зразумела, што ад мяне ніколі не адчэпяцца.

Што пажадаць людзям, якія збіраюцца ў Беларусь? Мы ніколі не ведаем за што могуць зачапіцца спецслужбы, памежнікі і іншыя. І якія ў іх там спісы, да каго з гэтых спісаў зараз даходзіць чарга.

Вы маглі нічога не рабіць асаблівага, не былі вядомымі актывістамі-актывісткамі, праваабаронцамі і лідарамі руху. Але нават проста ставіўшы лайкі, камусьці пераводзіўшы грошы ў турму, ці перадаючы пасылку — можна апынуцца пад прэсам рэпрэсій. Можна аказацца ў турме проста, едучы ў аўтобусе ў Беларусь.

Любое дзеянне, якое мы маглі нават забыць, можа ўсплыць, і лепш 1000 разоў падумаць, што вы рабілі, каму дапамагалі, ці не насалілі суседу і неадэкватным знаемым, якія маглі напісаць на вас данос. Усё гэта трэба ўзважыць перад тым, як вяртацца ў Беларусь. Можа пашанцаваць раз ці два, але можна аказацца і ў турме нават не думаючы пра гэта.

Я ўзгадваю сітуацыі, калі сядзела ў калоніі, і ў 2021-2022 гадах заязджалі людзі на тэрмін 6+ год. І ў якіх насамрэч у прысудах нічога не было, акрамя абразлівага, па меркаванні суда, каментара пра Лукашэнка ці дзяржслужбоўцаў.

Таму калі вы не лічыце што можаце вытрымаць 6-10 год у турме і не ўпэўнены ў сабе настолькі... Я, напрыклад, не ведаю, хто можа быць настолькі ў сабе ўпэўнены.

— Дзе знаходзіце падтрымку, калі здаецца, што ўсё насамрэч было дарма?

— Я упэўнена ў сваёй веры, што ўсё гэта было недарма. І мне гэта не трэба сабе даказваць — я проста ў гэта веру.

Шмат вядомых людзей, якіх я ведаю і паважаю, зараз знаходзяцца за кратамі. Яны зрабілі вельмі шмат для вас з намі, яны не апускалі рукі, негледзячы на тое, што біліся ў сцяну гадамі, але яны усё роўна спрабавалі праламаць кавалачак гэтай сцяны...

«Амаль адразу я б паехала ў Вязынку»          

— Калі б вярнуцца заўтра у свабодную Беларусь, што перш за ўсё б зрабілі?

— Пабачылася б з сям’ёй, з’ездзіла б на могілкі. Вельмі б хацела пабываць ў Курапатах, бо гэта было маім месцам сілы, і яно моцна мяне падсілкоўвала.

І, канешне, куды б я паехала амаль адразу — гэта Вязынка, месца нараджэння Купалы, бо  я там правяла ўсё дзяцінства. І там таксама маё месца сілы, месца дзе я ўпершыню паглыбілася ў сапраўдную Беларусь. Пазнаёмілася з культурай, пазнаёмілася з творчасцю Купалы, дзе сядзела каля яго дома і каля пруда, чытала кнігі, валялася на траве, гуляла з сябрамі і сяброўкамі. Гэта сакральнае і вельмі моцнае для мяне месца. 

Я вельмі хачу вярнуцца ў Беларусь, дзе я была б больш карыснай. Я б хацела дапамагаць аднаўляць краіну пасля таго, як Лукашэнка там усё зруйнаваў і, на жаль, руйнуе дагэтуль. Спадзяюся, што гэты крызыс і гэта ўлада не змогуць жыць так доўга, каб у нас не было магчымасці пабачыць родныя мясціны.