«Калі беларусы не могуць сабрацца і паглядзець гістарычны фільм, нафіг у гэтай дзяржаве жыць?»
Загадчык раённага Дома культуры звольніўся пасля таго, як міліцыя забараніла прагляд фільма пра Слуцкае паўстанне. Ён збіраецца падацца ў таксісты, каб не працаваць пад ідэолагамі.
Напярэдадні 27 лістапада, калі беларусы адзначаюць гадавіну Слуцкага збройнага чыну, у Казловіцкім ДК на Случчыне пенсіянеры сабраліся, каб паглядзець стужку тэлеканала АНТ «40 дней крестьянской республики». Але прагляд не адбыўся. У залю ўвайшлі міліцыянты, якія патлумачылі, што “кіна не будзе”. Удзельнікаў прагляду апыталі, склалі пратаколы. Арганізатара прагляду – мясцовую актывістку Зінаіду Цімошак – вінавацяць у парушэнні закону аб масавых мерапрыемствах.
У той самы дзень загадчык Казловіцкага раённага ДК Аляксандр Туміловіч напісаў заяву аб звальненні. Загадчыца аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама Таццяна Міхалькевіч, не вагаючыся, яе падпісала.
– Калі яна даведалася, што тут адбывалася, у яе быў шок, – гаворыць Туміловіч. – Кажа мне: “Гэта правільнае рашэнне. Можа быць, у панядзелак і мне прыйдзецца пісаць такое”.
Загадчык ДК не узгадняў з начальствам прагляд фільма пра Слуцкае паўстанне.
– Вядома, я мог адправіць арганізатара мерапрыемства да ідэолагаў. Але я ведаў, што ніхто ім не даў бы нічога праводзіць. Я падумаў, калі людзі хочуць, калі ласка, хай будзе. Я не бачу ў гэтым кіно крымінала. На сустрэчу з людзьмі запрасілі Ніну Стужынскую, кандыдата гістарычных навук, кансультанта фільма. Насамрэч, у ДК ёсць такая форма працы – сустрэча з цікавымі творчымі людзьмі. Мы ладзілі гасцёўні. Так што крамолы тут няма ніякай. Беларусы да мяне прыехалі. Не піць гарэлку, а пацікавіцца гісторыяй. Калі нашае начальства не можа дазволіць ім сабрацца і паглядзець гістарычны фільм, нафіг у гэтай дзяржаве жыць!
Маё знаёмства з Аляксандрам Туміловічам адбылося ў 2008-м, калі ён прыйшоў працаваць у Слуцкі дом культуры. Ён вылучаўся на фоне іншых працаўнікоў на ніве культуры не толькі сваёй беларускамоўнасцю. Ужо ў сталым узросце Аляксандр паступіў на тэатральнае аддзяленне Беларускага ўніверсітэта культуры. “Мне было 32, і я проста гарэў тэатрам! – успамінаў ён. – Вучыўся на дзённым аддзяленні. Каб карміць сям’ю, ганяў машыны”.
Пасля выпуску ён змяніў прафесію інжынера па аўтатранспарце на рэжысёра. Узначаліўшы Слуцкі народны тэатр драмы і камедыі імя Галубка, Туміловіч паставіў за некалькі год пяць спектакляў.
Рэжысёр лічыць, што трапіў у няміласць да аддзелу ідаэлогіі Слуцкага райвыканкама за неабачлівы выбар п’ес.
– Пасля пастаноўкі“Мудрамера” мяне выклікалі ў выканкам. Загадчыца аддзела ідэалогіі сказала, што наша палітыка накіраваная на пошук талентаў і іх падтрымку, а ў п’есе сцвярджаецца зваротнае.
“Стомлены д’ябал” увогуле абярнуўся скандалам. Туміловіч выказваў меркаванне, што чыноўнікі пазналі сябе у персанажах, таму і забаранілі ставіць спектакль. Аднак прэм’ера ўсё-ткі адбылася.
Пасля звальнення Туміловіч збіраецца працаваць таксістам.
– Я кіроўца першага класа, маю 22 гады стажу, – гаворыць ён.
На яго думку, культуру ў Беларусі чакае развал.
– За 2 мільёны нармальны чалавек не будзе працаваць па 8 гадзін. Жабрацкае існаванне! А я працаваў, хоць трэба было дваіх дзяцей карміць. Бо я любіў сваю працу. Ведаеце, хто такі дырэктар сельскага дома культуры? Гэта і грузчык, і электрык, і сантэхнік. У вёсцы пра мяне ніхто слова благога не скажа. Я такую каманду ў ДК сабраў! Тут панавалі цеплыня і душэўная радасць. Дзяўчаты мае плачуць, як даведаліся, што я сыходжу. Для мяне іхнія налітыя слязьмі вочы – гэта самая вялікая ўзнагарода. А ідэолагі дзеля выканання загадаў зверху гатовыя на ўсё. Іх прымушаюць тыя абставіны, у якіх яны апынуліся. У мяне душа баліць за культуру, а у іх не баліць, яны гніюць.
Читайте еще
Избранное