Калі беларускі трэці сектар стане моцным і ўстойлівым?

Беларусь заняла перадапошняе месца сярод краін былога СССР па ўстойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці. Мы «прайгралі» толькі Туркменістану. Аднак эксперты бачаць «кропкі росту».

Даведка

Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці з’яўляецца ключавым інструментам вымярэння прагрэсу грамадскага сектара ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе і Еўразіі (E&E рэгіён). Індэкс адсочвае прагрэс грамадскага сектара ў 29 краінах цягам апошніх шаснаццаці год.

Індэкс вывучае агулам варункі, якія спрыяюць развіццю грамадзянскай супольнасці, надаючы асаблівую ўвагу прававому асяродку для дзейнасці няўрадавых арганізацый, арганізацыйнаму развіццю, фінансавай устойлівасці, адвакатаванню, аказанню паслугаў, інфраструктуры і грамадскаму іміджу.

Уменне выжываць ці застой?

Развіццё арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі і ўмовы існавання застаюцца аднымі з найгоршых у рэгіёне, сцвярджаецца ў штогадовым даследаванні «Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці».

Кожнае вымярэнне «Індэкса» рэйтынгуецца паводле сямібальнай шкалы, дзе 1 паказвае на вельмі прагрэсіўны ўзровень, а 7 – на нізкі ўзровень развіцця.

Дзве найгоршыя адзнакі Беларусь атрымала за «прававы асяродак» існавання арганізацый (6.8 балаў) і «фінансавую устойлівасць» (6.5). Самы высокі паказнік у «арганізацыйнага развіцця» – 5.1 бала.

Па словах Старшыні праўлення міжнароднай асветніцкай арганізацыі «АКТ» Уладзіміра Каржа, гэтым лічбы паказваюць на «ўменне знаходзіць устойлівасць у цяжкіх умовах» і «супрацьстаяць, а не жыць у цяплічных умовах».

«Захаваць адданасць справе, якую робіш, і захаваць арганізацыю, нягледзячы на варожасць асяроддзя», – вось што важна па меркаванні Уладзіміра.

Агульны ўзровень – «ніжэй немагчыма»

Агульны рэйтынг устойлівасці арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі складае 5.8 балаў. Горш толькі ў Туркменістане – 6.4 балаў. У групу з «абцяжаранай устойлівасцю» (sustainability impeded) ўваходзіць таксама Узбекістан (5.7 балаў).

Самай устойлівай у рэгіёне (Цэнтральная і Усходняя Еўропа і Еўразія) з’яўляецца Эстонія – 2 балы.

Іншыя краіны былога СССР маюць наступныя рэйтынгі:

Расія – 4.4

Украіна – 3.4

Казахстан – 4.1

Грузія – 4.2

Азербайджан – 4.7

Літва – 2.7

Малдова – 4.1

Латвія – 2.7

Кыргызстан – 4.0

Таджыкістан – 4.8

Арменія – 3.9

Валеры Журакоўскі – адзін з распрацоўнікаў “Індэкса” – трымае папяровую версію даследавання падчас прэзентацыі 29 жніўня 2013

Арганізацыі драбнеюць і замыкаюцца ў сабе, а эксперты лічаць гэта «станоўчым»

Па словах Уладзіміра Каржа, ёсць некалькі тыпаў беларускіх арганізацый: адны папросту замыкаюцца ў сабе, каб захаваць тое, што ёсць. Другія наадварот спрабуюць у гэтых умовах знаходзіць кантакты, у тым ліку з уладай.

«Не ва ўсіх атрымліваецца ўдала. Тыя, што закрываюцца ў сабе, фактычна паміраюць», – адзначае Уладзімір.

Іншыя арганізацыі скарачаюць сваю дзейнасць: з 20-50 чалавек рэальна працуе 3-5.

«Гэта дрэнна з пункта гледжання арганізацыі. Хаця нават такая сітуацыя ацэньваецца экспертамі як станоўчая», – каментуе парадаксальную сітуацыю Уладзімір.

Асноўныя перашкоды

Сярод асноўных перашкодаў для развіцця грамадскіх арганізацый эксперты называюць ужо «надакучыўшыя» складанасці пры рэгістрацыі арганізацыі . Нават сама неабходнасць атрымліваць ад дзяржавы дазвол на дзейнасць не дадае аптымізму. А калі выступаць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, можна трапіць на два гады ў турму (артыкул 193-1 Крымінальнага Кодэкса).

Па-ранейшаму асноўная крыніца падтрымкі беларускіх арганізацый – замежнае фінансаванне. Аднак яно ўскладнена неабходнасцю рэгістрацыі. Адмовіць жа могуць вельмі лёгка: па прычыне «немэтазгоднасці» праекта. Эксперты зазначаюць: арганізацыям часта даводзіцца выкарыстоўваюць «паўлегальныя схемы, што значна зніжае фінансавую празрыстасць сектара».

Адзін з найбольш істотных для грамадскіх арганізацый паказнікаў – грамадскі імідж – таксама на ўзроўні «ніжэй немагчыма» (5.9 балаў). Большасць беларусаў не разумеюць, што такое «грамадзянская супольнасць» і не ўсведамляюць ролю сектара ў развіцці краіны. Немалую ролю ў гэтым адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі.

«Медыя асвятляюць дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці часта ў палітызаваным рэчышчы. Дзяржаўныя выданні перыядычна абвінавачваюць грамадзянскую супольнасць ў фінансаванні з боку заходніх донараў, што адкладае негатыўны адбітак на імідж сектара ў цэлым», – гаворыцца ў «Індэксе».

Пры гэтым эксперты адзначаюць інтэнсіфікацыю дачыненняў арганізацый з грамадскасцю: стварэнне ўласных прэс-службаў і інфармацыйных каналаў. «Вебсайты некаторых арганізацый працуюць у рэжыме ўласных медыя, да прыкладу, eurobelarus.info Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь” і ampby.org Альтэрнатыўнай моладзевай платформы», – адзначаецца ў даследаванні.

«Кропкі росту»

На меркаванне Уладзіміра, асноўныя «кропкі росту» для беларускіх грамадскіх арганізацый знаходзяцца ў актывізацыі дзейнасці па стварэнні сетак арганізацый і большай арыентацыяй на свае мэтавыя групы.

«Па-ранейшаму пачуццё салідарнасці не фармуецца. Казаць разрозненымі галасамі асобных арганізацый – не працуе. Трэба гэта рабіць праз сеткі», – упэўнены эксперт.

На думку Уладзімір ёсць небяспека і разам з тым магчымасць росту ў сувязі з праняццём Закона “Аб сацыяльным абслугоўванні” і з’яўленні сацыяльных заказаў, а таксама тым, што вельмі рэкламуецца доступ да замежных грошай.

«Будуць з’яўляцца псеўда-грамадскія арганізацыі. Гэта тое, што прайшлі ўсе краіны і гэта праўда небяспека. Трэба своечасова ідэнтыфікаваць такія арганізацыі, паколькі яны могуць замяніць «арыгінальныя», «прыродныя» грамадскія арганізацыі», – заклікае Уладзімір.

З пункту гледжання ўмацавання фінансавай устойлівасці эксперт не бачыць прынцыповых зменаў. «Думаю, мы будзем спаборнічаць з Расіяй, хто хутчэй закрые доступ да замежных грошай», – упэўнены суразмоўца.