«Калі б заява пра суіцыд спазьнілася на некалькі дзён, зьявіліся б прызнальныя паказаньні нейкіх небарак»
Карная акцыя супраць цыганоў — гэта дакладная ілюстрацыя функцыянаваньня паліцэйскай дзяржавы ў Беларусі піша ў сваім блогу на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.
Знакамітая беларуская стабільнасьць зазнала чарговае выпрабаваньне. Калі ў краіне ўсё ціха і спакойна, то вонкава здаецца, што ў Беларусі поўны парадак, мір, справядлівасьць. Але стала ўжо правілам, нядобрай звычкай, што як толькі адбываецца нейкае незвычайнае здарэньне, дык адразу вылазяць на паверхню ўсе заганы існага аўтарытарнага рэжыму.
Галоўнай грамадзка-палітычнай падзеяй апошніх дзён стала справа аб гібелі супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгена Патаповіча. На наступны дзень пасьля здарэньня на сайце МУС зьявіўся камэнтар: «Супрацоўнікі органаў унутраных спраў зробяць усё, каб тыя, хто зьдзейсьніў гэтае подлае злачынства, паўсталі перад судом. Пакараньне павінна быць адэкватна зробленаму».
У поўнай адпаведнасьці з гэтай заявай міліцыя краіны была мабілізаваная на пошукі злачынцаў. Пачаліся пагромы цыганскіх пасёлкаў, масавыя затрыманьні, зьбіцьцё тамтэйшых жыхароў. То бок у звычайным рэжыме міліцыя знайсьці злачынцу ня ў стане. Для расьсьледаваньня простага крымінальнага злачынства трэба амаль што ўводзіць у рэгіёне надзвычайнае становішча.
Невядома, колькі часу гэта працягвалася б, калі б 20 траўня не прагучала як гром сярод яснага неба заява Сьледчага камітэту, што асноўная вэрсія сьмерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёўскай вобласьці — суіцыд.
Тое, што ў гэтую вэрсію не паверыць грамадзтва, было відавочна. Гэта пацьвердзіла рэакцыя ў сацыяльных сетках. Бо вельмі вялікі недавер да ўладаў увогуле і да праваахоўных органаў у прыватнасьці. Так было і пасьля вылучэньня афіцыйнай вэрсіі і судовага прысуду па справе тэракту ў менскім мэтро.
Але больш важна, што пасьля гэтай заявы Сьледчага камітэту адразу стаў больш выразна бачны ўвесь абсурд цыганскіх пагромаў. Гэта нагадвае вядомы анэкдот пра люльку Сталіна. Не знайшоўшы сваёй люлькі, правадыр адразу ж паскардзіўся Берыі. Люльку хутка знайшлі на другім баку стала. Але тым часам Берыя пасьпеў расстраляць некалькі чалавек, прычым усе яны прызналіся ў крадзяжы. Калі б заява Сьледчага камітэту пра суіцыд спазьнілася на некалькі дзён, не выключаю, што зьявіліся б прызнальныя паказаньні нейкіх небарак.
Тое, што адбылося пасьля гэтай трагедыі зь Яўгенам Патаповічам — проста клясыка паліцэйскай дзяржавы. МУС паводзіў сябе як акупацыйнае войска на тэрыторыі чужой краіны. Калі забіваюць вайскоўца, то ўсё насельніцтва вёскі бяруць у закладнікі, пакуль ня выдадуць вінаватых.
Нічога новага. Пасьля выбуху на Дзень Незалежнасьці ў 2008 годзе сілавікі таксама пахапалі шмат людзей. Тое ж самае было пасьля тэракту ў менскім мэтро ў 2011 г. Калі пачаліся масавыя акцыі пратэсту недармаедаў у 2017 годзе, то немалая колькасьць людзей была затрымана ў справе «Белага легіёну». Стандартная лёгіка паліцэйскай дзяржавы: спачатку нахапаць шмат грамадзян, каб прадэманстраваць кіраўніцтву сваю стараннасьць, а ўжо потым разьбірацца, хто вінаваты, а раптам хто прызнаецца.
І рэпрэсіі супраць пэўных сацыяльных групаў — таксама не навіна. У 1990-я гады пасьля вулічных акцый апазыцыі міліцыя хапала беларускамоўных. У 2000-х гадах перасьледавалі пратэстанцкія супольнасьці. У 2005 годзе шчамілі чальцоў Саюзу палякаў. Пасьля 19 сьнежня 2010 году ўлады правялі дэманстратыўна-паказальны пагром апазыцыі. Пэрыядычна ладзяцца аблавы на прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці.
Цяперашняя карная акцыя супраць цыганоў — гэта дакладны індыкатар банальнасьці зла ў беларускім варыянце.
Цитата дня. Ответ чиновнику из МВД об извинениях перед цыганами
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное