Общество
Міхась Скобла, Радыё Свабода

“Калі б мы ня верылі, то не пайшлі б на Стакгольм”

У Нобэлеўскі камітэт у Стакгольме перададзеныя ўсе неабходныя дакумэнты дзеля вылучэньня Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію. Да ўвагі швэдзкіх акадэмікаў літаратуры — кніга “Ксты” ў перакладзе на ангельскую мову, якую выдала Рымска-каталіцкая парафія сьвятых Сымона і Алены. Нобэлеўская прэмія і Беларусь: шанцы і тэхналёгія — тэма перадачы, у якой бяруць удзел ксёндз, магістар тэалёгіі Уладыслаў Завальнюк, загадчык катэдрай замежнай літаратуры Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту прафэсар Юры Стулаў і дацэнт гэтага ж унівэрсытэту Ала Сакалоўская.

(Міхась Скобла:) “І першае пытаньне ў мяне да ксяндза Ўладыслава Завальнюка. Чаму касьцёл узяўся за гэткую нязвыклую для сябе справу — выдаць паэтычную кнігу з прыцэлам на Нобэлеўскую прэмію?”

(Уладыслаў Завальнюк:) “Наш касьцёл, наша сьвятыня — гэта носьбіт культуры, культуры духу. А культура адлюстроўваецца ў розных відах мастацтва і заўсёды там, дзе ёсьць Божае дабраславеньне. Задума выдаць падобную кнігу адразу захапіла. Таму што ў нас вельмі мала такіх выданьняў, каб ад першай да апошняй старонкі — для душы. Пасьля прэзэнтацыі кнігі “Ксты” ў нашым касьцёле мы адчулі імпульс — гэта добра. Натуральна, зьявілася думка: а як пранесьці гэты агеньчык, каб яго ўбачылі людзі і за мяжой? І мы вырашылі паспрабаваць…

Калі б мы ня верылі ў посьпех, мы не пайшлі б на Стакгольм, на прэмію. Мы верым. Калі б ня верылі, мы б і не распачыналі. Дзякаваць Богу, сёньня касьцёл стаў носьбітам паэзіі свайго вялікага суайчыньніка. Мы хочам узьнесьці яго на п’едэстал годнасьці паміж людзьмі, паміж народамі. Пра Беларусь ведаюць як пра краіну спартовую, сьпеўную. А чаму паэзія беларуская ня можа паўстаць на ўсясьветным узроўні? Можа! Таму мы зь вялікай радасьцю зробім усе намаганьні, каб пра Барадуліна даведаўся ўвесь сьвет”.

(Скобла:) “Дакумэнты накіраваныя ў Стакгольм. Чым цяпер будзе займацца ініцыятыўная група?”

(Завальнюк:) “Падрыхтоўчая праца сапраўды адабрала шмат часу і сілаў. Але мы і ня думаем спыняцца. З шаноўным спадаром Рыгорам Барадуліным мы езьдзім па Беларусі. Мы ладзім сустрэчы-прэзэнтацыі ў розных гарадах і мястэчках”.

(Скобла:) “І колькі іх ужо адбылося?”

(Завальнюк:) “Шмат. Больш за дзясятак”.

(Сакалоўская:) “Калі палічыць усе, то недзе каля дваццаці. Бо мы часам за адзін выезд ладзім некалькі сустрэчаў. Прычым, ня толькі ў Беларусі. Мы былі ўжо ў Польшчы — у Беластоку, у Гайнаўцы, у Бельску. Вялікая прэзэнтацыя адбылася ў Кіеве, куды выяжджалі Рыгор Барадулін, Сяргей Законьнікаў і Генадзь Бураўкін. У красавіку ў нас заплянаваная прэзэнтацыя ў Латвіі, мы паедзем у Варшаву. І далей на Захад, у Стакгольм, каб і швэды даведаліся пра нашага Рыгора Барадуліна”.

(Скобла:) “На жаль, швэдзкія акадэмікі не чытаюць па-беларуску. Патрэбен пераклад. І вось зьявілася кніга “Ксты” па-ангельску. Хто перакладаў паэзію Барадуліна?”

(Юры Стулаў:) “Вядома, найаптымальнейшы варыянт — каб перакладалі носьбіты мовы, ангельцы ці амэрыканцы. Але, па-першае, пераклады Барадуліна былі патрэбныя тэрмінова, па-другое, замежныя перакладчыкі за сваю працу патрабуюць шмат грошай. Таму мы абышліся сваімі сіламі, знайшлі кваліфікаваных спэцыялістаў у Беларусі. Найбольшую працу выканаў дацэнт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Іван Бурлыка. Шмат зрабілі выкладчыкі зь Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Алена Шчука, Алена Таболіч, выпускнікі гэтага ўнівэрсытэту Зьміцер Занеўскі, Мікола Савіцкі, Вольга Гапеева. Кожны зь іх стараўся ня толькі перадаць дух барадулінскай паэзіі, але таксама захаваць і форму ягоных вершаў. І на мой погляд, ім гэта ўдалося зрабіць”.

(Скобла:) “А ці праходзілі пераклады літаратурную экспэртызу? У мяне, напрыклад, узьніклі сумневы ў іх якасьці”.

(Стулаў:) “Адэкватна перакласьці паэзію проста немагчыма. Тым больш Барадуліна. І калі мы чытаем Шэксьпіра па-беларуску, то гэта ня толькі Шэксьпір, але і перакладчык Уладзімер Дубоўка. Мы запрасілі ў якасьці кансультантаў і рэдактараў ангельскага перакладу прафэсара Джэймса Торсана, які сам зьяўляецца філёлягам і паэтам, і дацэнта, выкладчыка ангельскай мовы Ст’юарта Артура Рэкса з ЗША і Джыма Данавана зь Вялікабрытаніі”.

(Скобла:) “Зразумела, што схіліць на беларускі бок швэдзкіх акадэмікаў можа зразуметы імі талент паэта і міжнародны розгалас. Часу мала. Якім чынам як мага шырэй увядоміць Барадуліна ў замежжы?”

(Завальнюк:) “Пэўна, часу сапраўды мала. Але сёе-тое зроблена. Кніга “Ксты” ўжо перакладаецца на польскую, украінскую, нямецкую і італьянскую мовы. Нядаўна ў нас быў прафэсар зь японскага гораду Нагасакі Шунічы Ямашыта, ён таксама павёз у Японію тры асобнікі кнігі. І паабяцаў, што цягам трох месяцаў яны пастараюцца зрабіць з ангельскай вэрсіі пераклад на японскую мову. Да жніўня, да 20-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, зборнік “Ксты” павінен будзе выйсьці і па-японску”.

(Скобла:) “Спадарства, за сто гадоў існаваньня Нобэлеўскай прэміі яе ляўрэатамі сталі больш за сто чалавек. Прычым, разьмеркаваньне яе часам нагадвае лятарэю: каму шанцуе двойчы, а каму — ні разу. Скажам, немалая Ўкраіна прэміі ня мае. А Трынідад (30 тысяч насельніцтва) мае два нобэлеўскіх ляўрэаты. Дык чым ёсьць гэтая прэмія — выпадковасьцю ці здарэньнем, якое можна падкарэктаваць?”

(Стулаў:) “Нобэлеўская прэмія ў шырокім значэньні для мяне — прызнаньне нацыі, прызнаньне тых культурных здабыткаў, якія нацыя займела за стагодзьдзі. Прысуджэньне прэміі вельмі важнае для народу. Нават не для самога паэта, ён тварыў і далей будзе тварыць, пакуль Бог сілы дае. Падзея гэтая, паўтаруся, найперш важная для народу, які шукае свой шлях. Я ўжо немалады чалавек. Але кніга “Ксты” прымусіла і мяне паглядзець сабе ў душу, шукаць у сабе пытаньні ў маёй размове з Богам. Гэта для мяне найважнейшае”.

(Завальнюк:) “Гэта вельмі мабілізуе сілы. Паглядзіце, калі адбываюцца спартовыя спаборніцтвы, перажывае ўся краіна. Здаецца, што тут такога — ну, паехаў спартсмэн, прывязе мэдаль ці не прывязе, а мандраж перажываюць усе. І калі прыяжджае дамоў хоць са срэбрам, я ўжо не кажу пра золата, ну то сьвята! Дык у дадзеным выпадку не ідзе пра мэдаль, пра некалькі грамаў каштоўнага мэталу, ідзе пра прэстыж нацыі! Калі народ выдае такі самародак, такую пэрліну, як паэзія Барадуліна, то народ гэты мае жывы арганізм. А калі арганізм народу кволы, хворы, слабы, то нічога падобнага адбыцца ня можа. Так што там, дзе 30 тысяч людзей, арганізм — анёльскі! Падкрэсьлю: ідзе не пра нейкую прыватную ідэю. Вось у нас пры касьцёле існуе цэнтар “Пілігрым”. Дык я заўсёды кажу тым, хто ад’яжджае ў пілігрымку: “Едзеце, каб паглядзець, як у сьвеце людзі жывуць і славяць Бога, і — паказаць сябе”. І яны задумваюцца — як сярод іншых умець паказаць сябе. Так і ў выпадку з Барадуліным”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)