Выборы-2020

Калеснікава: «Алексіевіч параіла, як мы можам яшчэ лепей размаўляць зь беларускім народам»

Марыя Калесьнікава, прадстаўніца аб’яднанага штабу альтэрнатыўнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, расказала ў інтэрв’ю Радыё Свабода пра сямʼю, беларускую мову, парады Сьвятланы Алексіевіч і сумесны шопінг.

Фото Игоря Мелешко

Прапануем выбранае.

Пра сям’ю

— Сотні тысяч людзей паглядзелі вашы выступы праз стрымы Свабоды ці непасрэдна на выбарчых мітынгах. Раскажыце для нашай аўдыторыі пра вашу сямʼю, бацькоў, сястру. Ці праўда, што яна вучылася ў Коласаўскім ліцэі?

— У мяне застаўся толькі тата, маці год таму памерла. Паводле адукацыі яны інжынэры. Тата служыў на падводнай лодцы, потым выкладаў у авіяцыйным каледжы, займаўся бізнэсам. Цяпер ён на пэнсіі, але ўсё роўна актыўны, працуе. Бацькі сьвядома вельмі шмат аддавалі ўвагі нашай зь сястрой адукацыі, падтрымлівалі нас у жаданьні разьвівацца. Я і сястра скончылі музычную школу. У далейшым гэта стала маёй прафэсійнай дзейнасьцю. Мая сястра скончыла Коласаўскі ліцэй, потым паступіла на мэхмат БДУ. Цяпер яна бізнэс-аналітык у адной з кампаній, але адначасна займаецца і музыкай. Яна сьпявала ў рок-опэры «Чарадзей» у праекце Рамана Арлова. Яе завуць Тацяна Хоміч.

— Яна вучылася ў часы, калі ліцэй быў яшчэ ў цэнтры Менску, ці калі ўжо стаў падпольным?

— Гэта быў апошні выпуск, калі вучыліся ў цэнтры Менску. Мы з бацькамі былі на яе выпускным, дзе гучаў «Народны альбом». Гэта ўсё для нас вельмі блізка. Бацькі нас падтрымлівалі. Тата вельмі перажывае цяпер, але кожны дзень дасылае паведамленьні, каб падбадзёрыць. Гэта ўжо стала традыцыяй, што перад кожным выступам у Менску ён дорыць мне, Сьвятлане і Вераніцы букеты ружаў.

— А як бацька галасаваў на выбарах?

— Бацькі хадзілі галасаваць на ўсе выбары. Я сама хадзіла галасаваць на ўсе прэзыдэнцкія выбары, акрамя апошніх. Я памятаю дзень выбараў у 1994 годзе, калі зьмянілася гісторыя Беларусі. Ня памятаю, за каго бацькі галасавалі, але дакладна не за дзейнага прэзыдэнта. Яны ня згодныя з тым, што адбывалася і адбываецца.

— Вы кажаце, што шмат па-беларуску чытаеце. Зразумела, што цяпер не да літаратуры. А ў звычайным жыцьці каго зь беларускіх аўтараў чытаеце, як сучасных, так і клясыкаў?

— З клясыкаў — Караткевіча і Багдановіча, з сучасных — Марціновіча. Зь беларускіх аўтараў, якія пішуць па-расейску, безумоўна, Сьвятлану Алексіевіч. Мне сугучныя творы Сашы Філіпенкі.

Пра працу

— Раскажыце пра вашу музычную карʼеру ў Беларусі і ў Нямеччыне, пра працу ў розных аркестрах.

— Мы зь сястрой сусьветную музычную клясыку ведалі ад маці, а клясыку року — ад бацькі. Прыблізна ў адзін час мы слухалі канцэрты Рахманінава і рок-опэру Jesus Christ Superstar. Гэта арганічна спалучалася зь дзяцінства. Мы з маці часта выяжджалі ў краіны Эўропы і абавязкова ішлі ў опэрны тэатар, на канцэрт, у музэй, на выставу. А потым бацькоў пачыналі знаёміць з сучасным мастацтвам, бо ў Менску з гэтым цяжка. Яны спачатку ашалелі, а потым, калі пачыналі разьбірацца, у чым ідэя, чаму сучасныя мастакі так ці інакш рэагуюць на падзеі, усё разумелі і падтрымлівалі мяне ў тым, што я займаюся прафэсійна сучасным мастацтвам.

Я пачала працаваць вельмі рана. У 17 гадоў я ўжо выкладала флейту ў гімназіі ў Менску. У мяне была магчымасьць граць у розных калектывах — опэрны тэатар, аркестар Фінберга (там быў ансамбль флейцістаў, зь якім мы абʼезьдзілі ўсю Беларусь). Калі толькі арганізоўваўся прэзыдэнцкі аркестар, шмат студэнтаў у ім гралі, і я ў тым ліку. Калі я заканчвала кансэрваторыю і стажыроўку пры Акадэміі музыкі, зразумела, што хачу далей разьвівацца, і паступіла на магістра ў Нямеччыну, і змагла скончыць па дзьвюх спэцыяльнасьцях.

Я дагэтуль выступаю на сцэне як у сваіх праектах, так і ў праектах, у якія мяне запрашаюць. У Эўропе гэта нармальна, што музыка, калі ў яго ёсьць свае ідэі, сам іх рэалізуе. Ад дратоў на сцэне да выпуску афішы — я ўмею рабіць усё, у тым ліку расстаўляць крэслы, бо шмат разоў гэта рабіла. Плюс фінансавыя пытаньні, пошук грошай на музычныя праекты. У Нямеччыне я прайшла сапраўдную школу мэнэджмэнту, уліку, арганізацыі, і гэты неверагодны досьвед магу прымяняць у Беларусі.

Тры гісторыі пра ўладу і Сьвятлана Алексіевіч

— Цяпер у сеціве адбываецца флэшмоб #трыгісторыіпраўладу #триисториипровласть, ініцыяваны вашымі выступамі. У такім жанры праўдзівых гісторый працуе Сьвятлана Алексіевіч, якая падтрымала вас. Ці маеце вы зь ёй сталы кантакт?

— Яна нас вельмі моцна падтрымлівае, і мы ёй вельмі за гэта ўдзячныя. Пасьля выступу на мінулым тыдні мы стэлефанаваліся, яна нам падзякавала, нават некаторыя пажаданьні выказала пра тое, як мы можам яшчэ лепей размаўляць зь беларускім народам, пра які яна ведае, напэўна, лепей, чым хто, бо яна ўсё жыцьцё прысьвяціла менавіта кантактам зь людзьмі.

Пра шопінг утрох і нязручныя пытаньні

— У свой час Гілары Клінтан на пытаньне журналіста, якому дызайнэру яна аддае перавагу, запыталася: ці задалі б вы такое пытаньне палітыкам-мужчынам? Ці ёсьць пытаньні, якія ўнутрана вас прымушаюць усьміхнуцца ці раздражніцца, але, тым ня менш, вы на іх адказваеце? Кшталту, якія мужчыны вам падабаюцца:)

— Мне ня вельмі падабаюцца пытаньні пра маё асабістае жыцьцё, але я разумею, што калі ты ўступаеш у мэдыйную прастору і табе людзі давяраюць, трэба пра многія рэчы гаварыць, нават калі ня хочацца. Вы бачыце, што я дастаткова шчыра гавару, часам гэта абарочваецца супраць мяне, але мяне гэта цяпер ня моцна хвалюе. Таму што тое, што мы робім, — гэта вельмі шчыра і слушна. У людзей заўсёды ёсьць выбар — верыць ці ня верыць. Я гатовая прынамсі гэтыя пытаньні выслухоўваць і адказваць па меры магчымасьці нават на нязручныя пытаньні.

— А ў працяг размовы пра дызайнэра. Многія зьвяртаюць увагу, як стыльна вы, Сьвятлана і Вераніка выглядаеце на сцэне. Ці прапаноўваюць вам крамы, дызайнэры вопратку? Як вы прадумваеце ваш вобраз у пляне адзеньня?

— Гэта адбылося натуральным чынам. Мы разам адзін раз пайшлі на шопінг, бо нам трэба было за кароткі час адна пра адну даведацца. Мы выбіралі адзеньне незалежна адна ад адной. І так супала, так атрымалася, што калі мы на сцэне (а мы ніколі не дамаўляемся, як адзяваемся), то заўсёды мы дапаўняем адна адну, і гэта дапамагае стварыць нейкі адзіны вобраз. На фатасэсіях, натуральна, нам дапамагаюць экспэрты і кансультанты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(61)