Общество

Каго яднае вайна?

Тлумачэньні сацыёляга Аляксея Ластоўскага на Радыё Свабода.

Якую ролю адыгрывае памяць пра Другую сусьветную вайну ў перамогу ў ёй у беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці? Чаму ў палітычным крызісе ў Беларусі абодва бакі называюць іншы бок фашыстамі? Ці адбываецца «нацыяналізацыя» памяці пра тую вайну? Навошта пракуратура пачала справу аб генацыдзе беларускага народу?

На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае сацыёляг Аляксей Ластоўскі.

— У 2010 годзе Вы пісалі ў дасьледаваньні на падставе шматлікіх сацыялягічных апытаньняў — «Гістарычная памяць пра Вялікую Айчынную вайну зьяўляецца ключавой для фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, найбольш устойлівым і артыкуляваным комплексам ва ўяўленьнях пра мінулае жыхароў Беларусі». Ці захавала актуальнасьць гэтая тэза? А мо гэты чыньнік нават умацаваўся?

— Той тэкст грунтаваўся на дасьледаваньнях Інстытуту сацыялёгіі НАН. За апошнія 11 гадоў былі іншыя дасьледаваньні, якія пацьвярджаюць выснову таго майго артыкулу.

Праходзіць час, паміраюць вэтэраны, паміраюць людзі, якія памятаюць тую вайну. Цяпер стаўленьне да вайны перайшло ў стадыю, якую дасьледчыкі называюць постпамяць.

У Беларусі ўлада лічыць сябе галоўным ахоўнікам памяці пра Вялікую Айчынную вайну і шмат інвэстуе ў падтрыманьне гэтай памяці.

Я ўчора быў у Наваполацку, і там на цэнтральнай плошчы школьнікі маршыравалі і сьпявалі салдацкія песьні. Гэта адбываецца ня толькі праз падручнікі, але і праз такія цялесныя практыкі. Мы маем Дзень Перамогі, які зьяўляецца адным з найбуйнейшых сьвятаў у нашай краіне.

Для беларускай дзяржавы гэта моцны інструмэнт легітымнасьці. Маўляў, улада — гэта нашчадкі тых, хто перамог Гітлера. Таму мы павінныя шанаваць Лукашэнку — да такой высновы падштурхоўвае гэтая рыторыка. На гэтым полі няма гульцоў, якія маглі б стварыць нешта альтэрнатыўнае.

Але гэтая манаполія за апошнія гады была крыху размытая. Я маю на ўвазе сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР і перапахаваньне Кастуся Каліноўскага.

Хаця гэтыя падзеі і ня мелі выхаду на ўсё грамадзтва, але пашырылі кола людзей, арыентаваных на нацыянальную вэрсію гісторыі.

— У нядаўнім дасьледаваньні Вы адзначаеце, што ў апошнія гады ўлада стала ўключаць у свой гістарычны наратыў Полацкае княства, ВКЛ. Але палітычны крызіс мінулага году гэта памяняў, у цэнтры дзяржаўнага дыскурсу ізноў аказалася Вялікая Айчынная, Другая сусьветная.

Аднак варта сказаць, што і другі бок палітычнага супрацьстаяньня шырока выкарыстоўвае апэляцыі да аналёгіяў часоў той вайны: Акрэсьціна — гестапа, АМАП — карнікі, воклічы «фашысты», адрасаваныя міліцыі, падчас маніфэстацыяў пратэсту і г.д. Цяперашні заклік Паўла Латушкі выйсьці на вуліцы менавіта 9 траўня — таксама з гэтага шэрагу.

Вы пішаце — «мабілізацыя міту Вялікай Айчыннай вайны, якая расколвае грамадзтва». Дык атрымліваецца, што міт аб’ядноўвае, калі ўсе да яго апэлююць — гэта каштоўнасьць для абодвух бакоў.

— Беларуская дзяржава сапраўды ў апошнія гады пачала ўключаць у свой наратыў элемэнты, зьвязаныя са старажытнай гісторыяй. Я ўбачыў гэта пры аналізе новых школьных падручнікаў, якія зьявіліся пару гадоў таму. Раней такога не было.

Пасьля падзеяў 2014 году прыйшлі да высновы, што аднаго міту пра Вялікую Айчынную вайну можа быць недастаткова, каб дэманстраваць культурную адметнасьць, тое, што беларусы — асобная нацыя. І для Лукашэнкі гэта было важна.

Калі летась пачаліся масавыя пратэсты, то падчас іх практычна не выкарыстоўваліся апэляцыі да нацыянальнага наратыву — да ВКЛ, да паўстаньня Каліноўскага, да БНР. Пераважная частка плякатаў была менавіта ў той стылістыцы, пра якую вы сказалі — фашысты, карнікі, Нюрнбэрскі трыбунал.

У сытуацыі палітычнай канфрантацыі абодва яе бакі зьвярнуліся да Вялікай Айчыннай вайны, як да трывалага сымбалічнага рэсурсу.

Гэта заганны шлях, калі замест палітычнай аргумэнтацыі барацьба пераходзіць у сымбалічную сфэру з карыкатурнымі вобразамі. Гэта адмова ад палітычнай камунікацыі.

Калі абодва бакі называюць апанэнтаў фашыстамі, дыялёг немагчымы.

— Ролю Вялікай Айчыннай вайны ў сьвядомасьці беларусаў часта тлумачаць дзяржаўнай прапагандай. Але ў савецкія часы тэмы рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, былі ў прапагандзе нават больш значнымі, важкімі, чым тэма Вялікай Айчыннай. Аднак зараз гэтая тэма зьнікла цалкам і ў Беларусі, і ў Расеі.

Ці чым заўгодна можна спэкуляваць? Можа беларуская ўлада спэкулюе на Вялікай Айчыннай вайне, таму што гэта каштоўнасьць для беларусаў? А на Леніне ды Чапаеве ў сучаснай Беларусі спэкуляваць немагчыма.

— Сапраўды, паводле дасьледаваньняў, апытаньняў, якія праводзіліся напрыканцы 1980-х у СССР, каштоўнасьці рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, былі цалкам канкурэнтныя зь Вялікай Айчыннай. Але перабудова прывяла да зьмены, перагляду гэтага стаўленьня.

Людзям заўжды трэба мець нешта пазытыўнае, трэба нечым ганарыцца. Кепска ўсьведамляць, што твой народ рабіў нешта кепскае, што ён быў пад чужым панаваньнем.

І калі адбылося размываньне каштоўнасьці рэвалюцыі, то адразу на першае месца выйшла Вялікая Айчынная вайна — і ў ельцынскай Расеі, і ў Беларусі.

— Наколькі пасьпяхова адбываецца «нацыяналізацыя» Другой сусьветнай і перамогі ў ёй? Цікавая зьява: мяккая забарона акцыі «Несьмяротны полк», адмова ад георгіеўскай стужкі. Ці ў сувязі зь леташнімі падзеямі беларусы ізноў пераможцы разам з усім савецкім народам, найперш з расейцамі?

— Апагеем гэтай «нацыяналізацыі» вайны і перамогі ў ёй стала сьвяткаваньне 9 траўня ў 2020 годзе. Гэта наклалася на складаныя беларуска-расейскія стасункі. У Беларусі і Расеі тады былі абраныя розныя стратэгіі барацьбы з пандэміяй. Тады ніводны расейскі палітык не прыехаў у Менск на парад.

Падчас гэтага параду Лукашэнка пазыцыянаваў сябе, як адзінага захавальніка памяці пра вайну. Гэта быў зварот да шырокай постсавецкай аўдыторыі. Але на фоне крытыкі палітыкі беларускіх уладаў адносна пандэміі парад на 9 траўня ня даў тых вынікаў, на якія Лукашэнка спадзяваўся. Гэта прывяло да далейшага падзеньня яго аўтарытэту, наступствам чаго і сталі пратэсты пасьля жніўня.

Але калі мы зьвернемся да палітычнай мабілізацыі ўлетку-увосень 2020 году, то гэта была ўжо апэляцыі да агульнасавецкіх стэрэатыпаў і міталягемаў. І беларускі чыньнік быў сьцёрты.

З боку апазыцыі я не заўважаў спробаў «нацыяналізацыі» Вялікай Айчыннай вайны і перамогі ў ёй.

— Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу аб генацыдзе беларусаў падчас Другой сусьветнай вайны. Дзеля чаго? Жахлівы маштаб нацысцкіх злачынстваў ніхто не аспрэчвае — ані апанэнты ўлады, ані немцы.

Даводзіць гэта — ламіцца ў адчыненыя дзьверы. Між тым спрэчна, што адносна беларусаў гэта быў менавіта генацыд — зьнішчэньне паводле этнічнай прыналежнасьці. Гэта быў сапраўды генацыд адносна габрэяў і цыганоў. Але справу пра гэта пракуратура не распачынае. Чаму?

— Гэтую ініцыятыву трэба разглядаць у міжнародным кантэксьце палітыкі памяці. Насамрэч паўсюль адбываецца маніпуляцыя тэрмінам генацыд. Гэты тэрмін надае таму ці іншаму народу статус пакутніка.

У сучасным сьвеце чым больш легітымны статус пакутніка ты маеш, тым больш у цябе правоў. І пачынаюцца гульні, калі народы заяўляюць, што над імі чынілі генацыд. Найбольш гэта адчувальна ў Цэнтральнай Эўропе, у краінах Балтыі. Але гэта размывае першапачатковы сэнс тэрміну. Яго вынаходнікам быў ураджэнец Ваўкавышчыны Рафал Лемкін.

Украіна вядзе міжнародную барацьбу за тое, каб Галадамор быў прызнаны генацыдам. Беларусы тут не зьяўляюцца вынаходнікамі ровару.

Для чаго пракуратура завяла справу аб генацыдзе? Наўпроставых выканаўцаў тых злачынстваў цяпер пакараць немагчыма, яны ўсе ўжо памерлі.

Задача ставіцца іншая. Я мяркую, што сэнс гэта ініцыятывы — выявіць калябарантаў, якія пасьля вайны зьехалі за мяжу, паказаць іх сувязі з заходнімі інстытуцыямі, прынамсі, з ЦРУ.

Паколькі архівы ЦРУ тых часоў былі нядаўна апублікаваныя, гэта дае магчымасьць для гістарычных дасьледаваньняў.

Гэта можа быць выкарыстана ў палітычнай гульні. Беларускія ўлады абвінавачваюць пратэстоўцаў у тым, што яны зьяўляюцца нашчадкамі калябарантаў. Гэта кладзецца ў кансьпіралягічную вэрсію, паводле якой беларускія пратэсты інсьпіраваныя замежнымі дзяржавамі і іх спэцслужбамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(11)