Общество
Аліна Таранік

Каго сёлета адзначылі прэміяй за любоў да Беларусі (фота)

У сядзібе беларускага ПЭН-цэнтра ў Дзень святога Валянціна ўзнагародзілi тых, хто выражае любоў да Беларусі ва ўчынках. Сярод лаўрэатаў – арганізатары акцый маўклівага пратэсту і «Стоп-бензін», журналiстка Марына Коктыш, аўтары нашумелага мульта «Будзьма беларусамі!» ды іншыя.

14 лютага вызначыліся пераможцы традыцыйнай ужо прэміі «Люблю Беларусь» у васьмі намінацыях.

Узнагароду за «Беларусізацыю» журы аддала Ігару Случаку, які змагаецца за тое, каб беларуская мова часцей ўжывалася на афіцыйным узроўні. Па словах намесніцы старшыні «Маладога Фронту» Насты Палажанкі, Случак «ужо некалькі год літаральна засыпае выканкамы і іншыя ўстановы сваімі лістамі і патрабаваннямі, і дзякуючы яму ў новым законе аб зваротах грамадзян ёсць пункт пра адказ чыноўнікаў на мове зварота».

У намінацыі для замежнікаў – «Pro-Belarus» – узнагародзілі былога амбасадара Украіны Рамана Бяссмертнага за паслядоўную пазіцыю ў адстойванні дэмакратыі ў Беларусі.

Лепшай журналісткай года прызнаная Марына Коктыш, якая трапна задала пытанне Лукашэнку пра парушэнне грамадскіх правоў у Беларусі, а таксама не збаялася паправіць яго ў ягоным адказе.

Лепшым палітыкам году па версіі журы з’яўляецца ініцыятар акцый маўклівых пратэстаў і адзін з кіраўнікоў суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Вячаслаў Дзіянаў.

Таксама адзначылі дзейнасць арганізатара акцый супраць павышэння кошту на паліва «Стоп-бензін» Арцёма Шаркова. Ён стаў лаўрэатам прэміі за «Грамадcкую чыннасць».

Пераможцам у намінацыі «Спорт» пасмяротна (загінуў 10 кастрычніка) прызнаны былы старшыня Беларускай асацыяцыі амерыканскага футбола Ігар Жукоўскі, якому належала ініцыятыва назваць мінскі клуб «Ліцвінамі», а кубак – у імя Вітаўта Вялікага. Узнагароду перададуць сваякам Жукоўскага.

У намінацыі «Культура» журы не магло не адзначыць мульт «Будзьма беларусамі!», створаны ў межах аднайменнай кампаніі, а прыз быў аддадзены рэкламшчыцы Юліі Ляшкевіч за ўклад у стварэнне мультфільма.

Яна, у свою чаргу, прынесла з сабой «каляндар на восем гадоў», каб чарговы раз нагадаць пра палітвязняў.

Дарэчы, на прэмію мог прэтэндаваць і лідар «Ляпісаў» Сяргей Міхалок, але прэсавы сакратар кампаніі «Будзьма беларусамі» выказаў здагадкі, чаму адбылося так, як адбылося:

– Калі вы паглядзіце на Юлію Ляшкевіч, вы ўбачыце, што яна мае пальчаткі (для боксу), а Міхалок не мае, – пажартаваў Алесь Плотка, паказваючы фотаздымкі герояў.

Галасавання за права звацца «Змагаром году» не было, бо, на думку арганізатараў прэміі, кожны з намінантаў у гэтай катэгорыі — Андрэй Пачобут, Мікіта Ліхавід, Андрэй Бандарэнка, Зміцер Галко, усе 16 палітычных зняволеных, якія застаюцца за кратамі – прадэманстравалi неверагодную сілу духа і мужнасць. Таму адзначылі ўсіх адразу.

Міліцыя таксама нагадала пра сваю «любоў» і цікаўнасць да маладафронтаўцаў. Незадоўга да пачатку прэміі затрымалі Івана Шылу , намесніка старшыні арганізацыі. Верагодна, актывіста «пасадзяць» у ізалятар на Акрэсціна на 22 сутак, на якія яго асудзілі летам за пікет каля Горацкай калоніі і ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту ў Салігорску.

Штогадовую прэмію «Люблю Беларусь» заснаваў у 2010 годзе «Малады фронт», сёлета яна ўручалася трэці раз. У гэтым годзе моладзевая арганізацыя вызначала толькі намінантаў на прэмію, а лаўрэатаў абірала адмысловая журы, у склад якога ўвайшлі пераможцы мінулых гадоў . На падставе іх выбару і былі вызначаны пераможцы прэміі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)