Политика

Кацярына Садоўская на свабодзе

На свабодзе яшчэ адзін палітвязень. Сёння з гомельскай жаночай турмы на волю выйшла праваабаронца Кацярына Садоўская.

Нагадаем, што ў кастрычніку мінулага года Суд Ленінскага раёна Мінска пакараў Кацярыну Садоўскую двума гадамі калоніі агульнага рэжыму за абразу гонару і годнасці Аляксандра Лукашэнкі і судзяў.

Спачатку Кацярыну Садоўскую абвінавачвалі ў тым, што яна нібыта пагражала суддзі Кіраўскага раённага суда. Напрыканцы следчых дзеянняў Кацярыну Садоўскую абвінавацілі і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для гэтай справы стаў зварот арганізацыі за подпісам Садоўскай ад 21 студзеня , у якім праваабаронца патрабавала псіхіятрычнай экспертызы Аляксандра Лукашэнкі, заклікала да байкоту прэзідэнцкіх выбараў і абвінавачвала расейскія спецслужбы ў падтрымцы беларускага ўраду.

60-гадовая Кацярына Садоўская ўзначальвае беларускую філію Пскоўскага рэгіянальнага грамадскага руху “Веча”. Яна дапамагала людзям бараніць свае правы ў пракуратуры і міліцыі. Садоўскую шмат разоў арыштоўвалі і штрафавалі за праваабарончую дзейнасць.