Политика
Мікола Чарняўскі

Каардынатара Руху «За свабоду» у Гарадзенскай вобласці цягнуць у падатковую

Напярэдадні Еўрапейскага форуму каардынатару Руху «За свабоду» ў Гарадзенскай вобласці Алесю Зарэмбюку з падатковай інспекцыі прыйшло патрабаванне прадаставіць дэкларацыю аб даходах і маёмасці за 2007-2008 г.г. Палітык звязвае гэта выключна з сваёй актыўнай грамадзкай дзейнасцю і набліжэннем мясцовых выбараў.

Як паведаміў «Салідарнасці» Алесь Зарэмбюк, пісьмовае патрабаванне з падатковай інспекцыі атрымаў 13 лістапада заказным лістом яго бацька.

– Чаму мяне просяць падаць звесткі за 2007-2008 г.г. я яшчэ магу зразумець: мінулы раз я падаваў звесткі напачатку 2007 года, калі ўдзельнічаў у мясцовых выбарах. Але я здзіўлены, чаму патрабаванне прадаставіць дэкларацыю прыйшло менавіта зараз, а не ў красавіку гэта года. Я законапаслухмяны грамадзянін, няўжо нельга было папрасіць у мяне тыя ж звесткі на пачатку 2009 года? – задаецца пытаннем Алесь Зарэмбюк. – Адказваючы на гэта пытанне, я вымушаны звязваць такія дзеянні падатковай інспекцыі з маёй актыўнай грамадскай дзейнасцю і набліжэннем мясцовых выбараў.

Алесь Зарэмбюк, які з паплечнікамі па Руху «За свабоду» праводзіць грамадска-інфармацыйную кампанію «За Еўрапейскую Мастоўшчыну!», якраз зараз робіць захады, каб перанесці будаўніцтва крухмальнага заводу. Прадпрыества плануецца пабудаваць на краю горада, каля новага мікрараёна, чым вельмі незадаволены мясцовыя жыхары. Да таго ж Алесь Зарэмбюк, які ўжо быў дэпутатам Мастоўскага райсавета у 2003-2007 г.г. не выключае свайго ўдзелу ў мясцовых выбарах, якія павінны прайсці ў красавіку 2010 года.

– Баюся, як бы мне не прыйшлося губляць свой час на разборкі з падатковай замест таго, каб займацца грамадзянскай і палітычнай дзейнасцю, – кажа Алесь Зарэмбюк. – Такі прэцэдэнт я ўжо ведаю. Майму паплечніку з Мінска спачатку прыйшло такое самае патрабаванне, а пасля яму прыйшлося растлумачваць з’яўленне кожнага рубля не толькі ў сябе, але і ў яго бацькоў.

«Салідарнасць» спрабавала атрымаць каментарый ад супрацоўнікаў інспекцыі міністэрства па падатках і зборах па Мастоўскаму раёну, але ў другой палове дня іх тэлефоне не адказвалі.

Адзначым, што Алесь Зарэмбюк – адзін з дэлегатаў Еўрапейскага форума, які пройдзе 14 лістапада ў Мінску і ўдзельнікі якога плануюць засведчыць падтрымку збліжэння беларускіх улад з еўрапейскімі структурамі. А ў нядаўнім інтэрв’ю «Салідарнасці» палітык паведаміў, што выступае за тое, каб знаходзіць з уладай агульную мову.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)