Общество

«Іх забілі свае — толькі за тое, што не забілі ворагі». Для каго 3 ліпеня — трагедыя

3 ліпеня 1944 году — ня толькі дзень вызваленьня Менску ад нямецкіх акупантаў. У гэтым я пераконваўся ня раз у розных мясьцінах Беларусі, расказвае Змьміцер Бартосік у сваёй перадачы на Радыё Свабода. І гінулі ў гэты дзень ня толькі салдаты.

Так, дзень 3 ліпеня стаў апошнім для некалькіх жыхароў вёскі Сіняўская Слабада, што ў Карэліцкім раёне, расстраляных партызанамі на падставе нічым не падмацаваных падазрэньняў: па сутнасьці, толькі за тое, што выжылі ў той час, калі іншыя загінулі.

Гэтая вёска вельмі адпавядае сваёй прыгожай назьве. Сіняўская Слабада. Сіняе неба адбіваецца ў хуткаплынным Нёмане, на беразе якога стаіць вёска.

Яна раскінулася паміж ракой і Налібацкай пушчай. Адразу за апошнімі хатамі паўстае сьцяна старога лесу. Пачынаецца вёска зь вялікіх могілак. Адразу, як пераяжджаеш Нёман па новым мосьце, бачыш высокую стэлу над брацкай магілай. Перад стэлай шэраг аднолькавых магіл — партызанскія могілкі. Але мы пройдзем углыб. Да магілы Мікалая і Віталя Клаўсуцяў. На надмагільным камені напісана: «Братья Николай и Виталий Клаусути. Убиты 3 июля 1944 года. Николай — 24 года. Виталий — 20 лет».

Хто забіў, за што? У кнізе «Памяць» гэтых імёнаў як ахвяр нацыстаў няма.

Магіла Мікалая і Віталя Клаўсуцяў

Мясцовая жыхарка, якая чакала аўтакрамы, распавяла, што ў Сіняўскай Слабадзе ніхто ня ведае, за што іх забілі. У немцаў яны не служылі. Ні ў паліцыі, ні ў БКА. Але сястра тых Клаўсуцяў незадоўга да сьмерці вельмі крыўдавала на пісьменьніка і былога партызана Ўладзіміра Калесьніка. «Ён жа абяцаў, што зь імі нічога ня зробяць!»

Вось што піша пра гэта сам Уладзімір Калесьнік у сваёй кнізе «Доўг памяці»:

«Існавала даўняя варажнеча паміж „чырвоным“ канцом Лядак і багатымі ды ганарлівымі жыхарамі Турца, як-ніяк местачкоўцамі, а ня „хамамі“, мужыкамі. Местачкоўцы прасьцей прыліпалі да ўладаў, чым вяскоўцы, спакушаліся і ў акупацыю, што калі не самім, дык іхнім дзецям удасца заняць нейкія пасады, стаць калі не панамі, дык хоць падпанкамі. Пасьля таго разбою, які адбыўся ў Лядках 13 студзеня 1943 году, было ясна: варажнеча зьменіцца крывавай помстай, якое сьвет ня бачыў. Прадчуваньне навалы нянавісьці і помсты прыгнятала.

Сем’і партызан вымушаныя былі ўцякаць за Нёман, у зону нашага дзеяньня. Так утвараліся сямейныя лягеры, потым нават адкрыліся ў іх „зялёныя“ школы для дзяцей. Адказнасьць за мірных людзей даймала нас найбольш, яна дадавала адвагі ў крытычных момантах баёў.

Астаўшыся зусім адзінокімі ў гэтым сьвеце, многія хлопцы-партызаны толькі і жылі помстай, расплатай.

Зразумела, бывалі выпадкі, калі гэтае пачуцьцё скіроўвалася ня супраць непасрэдных віноўнікаў трагедый, а супраць людзей, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве з ворагамі.

Так загінулі па непаразуменьні два сыны краўца Аляксея Клаўсуця, старэйшы за майго сябра Мішку Коля і меншы Віталь, якія перабеглі ў партызанскую зону запозна, у часе адступленьня немцаў. На жаль, я не сустрэў іх і ня мог ужыць свайго аўтарытэту, каб стрымаць акт самасуду, жорсткай расправы з боку тых, чые сем’і былі зьнішчаны гітлераўцамі раньняй вясною 1944 году. Я спэцыяльна езьдзіў у вёску Маласельцы, дзе Клаўсуці перасяліліся, пагарэўшы ў Сіняўцы, забіраць Мішку, бо яму якраз было адпаведнае месца ў рэдакцыі падпольнай газэты. Аднак ён збаяўся, прыкінуўся хворым на вушы. Потым, з братамі, ён чамусьці не пайшоў да нас, у сумяціцы апошніх дзён — некуды зьнік. Потым хадзілі чуткі, што ён жыве, затаіўшыся, у Польшчы...»

Вёску Сіняўскую Слабаду спалілі немцы як партызанскую базу. Сям’я краўца Клаўсуця перасяліліся пад Мір. У ліпені 1944 году, калі немцы пачалі адступленьне, вырашылі вярнуцца дахаты. Не вярнуўся толькі той Мішка, сябра Калесьніка. Напэўна, адчуваў тую «сьляпую помсту». Ён уцёк у Польшчу.

Магіла Андрея Балабановіча

А мы тым часам падыходзім да іншай магілы. Дзе тая ж самая дата сьмерці. Андрей Балабановіч. Забіты 3 ліпеня 44 года. Жыў 33 гады. Па словах жанчыны, яго забілі разам з братамі Клаўсуцямі. І трупы ўсіх траіх кінулі ў бліжэйшае балота. Балабановіч быў краўцом у Міры.

Яшчэ адну магілу, на ўскрайку могілак, знайсьці немагчыма. Яна закіданая сьмецьцем і друзам. А між тым тут пахаваная сям’я Варановічаў, ахвяры нацыстаў.

Месца, дзе пахаваная сям'я Варановічаў

Пра гэтую сям’ю таксама піша Калесьнік. На хутары Варановічаў цэлы год, ад лета 1941-га жылі і хаваліся байцы Чырвонай арміі. У чэрвені 42-га пра гэта стала вядома нацыстам. Хутар спалілі. Чырвонаармейцаў расстралялі. Разам з гаспадарамі хутара. Яшчэ некалькі гадоў таму тут стаялі надмагільныя помнікі. Але паступова помнікі павалілі, а магілу завалілі гарою сьмецьця.

За могілкамі, недалёка ад нёманскага берага, стаіць дамок, у якім па вайне была школа, затым вясковая бібліятэка.

Але слаўны дамок ня гэтым. Яшчэ зусім нядаўна на ім была памятная дошка, зь якой можна было даведацца, што дом перавезены з Баранавіцкага партызанскага злучэньня. Што ў дамку была партызанская друкарня, адкуль выходзілі падпольныя газэты і ўлёткі. Што пэўны час у гэтай друкарні працаваў партызан Янка Брыль. Па вайне ў гэтым доме была школа, потым бібліятэка. А потым дом выставілі на таргі і прадалі пад дачу. Новым менскім гаспадарам тая дошка чамусьці муляла вока.

Гэта толькі здаецца, што сёньняшняя ўлада клапоціцца пра памяць аб палеглых у вайне, захоўвае ўсё добрае, што было пры БССР. Цяжка ўявіць, што пры Машэраву дазволілі б прадаць хату, дзе была партызанская газэта, ці ўхвалілі б дэмантаж партызанскай памятнай дошкі.

У сёньняшняй Беларусі прыватная ўласнасьць цудоўным чынам спалучаецца з савецкімі сымбалямі. Савецкія парады — з сарванымі дошкамі. Нязьменным застаецца толькі раструшчаны танкамі асфальт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(64)